10:15 09.09.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
«Маладыя ваўкі з’елі зуброў»
Вынікі 12-га справаздачна-выбарнага з’езда Партыі БНФ адны расцэньваюць як “доўгачаканае з’яўленне новых людзей у кіраўніцтве партыі”, а другія — як “рэйдэрскі захоп партыі”. Так ці іначай, старая каманда кіраўнікоў партыі на чале з Лявонам Баршчэўскім сышла з кіраўніцтва партыі. Новым старшынёй Партыі БНФ шляхам таемнага галасавання на з’ездзе абраны Аляксей Янукевіч.
Барацьба пакаленняў
Аб тым, што ў шэрагах старэйшай палітычнай партыі Беларусі даўно няма еднасці, не гаварыў хіба лянівы. Аднапартыйцы падзелены на два лагеры. Адны падтрымліваюць Баршчэўскага, Вячорку і Івашкевіча, другія — на баку маладых.
Расклад перад з’ездам быў прыкладна роўным. Было відавочна, што без скандалу мерапрыемства не пройдзе, бо пры любых выніках незадаволеных будзе дастаткова.
Першы інцыдэнт адбыўся яшчэ да пачатку працы з’езда — з ДК МТЗ, дзе праходзіла мерапрыемства, была выдалена здымачная група БТ. Фармальная прычына — “праца без акрэдытацыі”.
Традыцыйна з’езд распачаўся з прывітальных слоў гасцей. Сярод запрошаных былі адзін з сустаршыняў незарэгістраванай партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч і былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Аляксандр Мілінкевіч. Апошні, у прыватнасці, адзначыў:
“Улада мае адну хібу — яна не мае ідэалогіі. Мы ж мусім ісці за ідэю. Я ўпэўнены, што толькі на аснове ідэі можна рэальна аб’яднацца і мець рэальнага кандыдата, які не раз’ядноўвае, а аб’ядноўвае. Рух — не канкурэнт, а партнёр. Чаму ў мяне ўзнікае скепсіс наконт абрання адзінага кандыдата ад АДС? Адкажыце сабе на адно пытанне: ці можам мы ўпэўнена сказаць, што падтрымаем таго кандыдата, які будзе заклікаць прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі?”
Нагадаем, што пытанне супрацоўніцтва Партыі БНФ з рухам “За Свабоду”, які ўзначальвае Аляксандр Мілінкевіч, было адным з самых балючых. Пасля прыходу на пасаду старшыні Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага ў партыі пачалася барацьба “за чысціню шэрагаў”. Каманда Баршчэўскага не вітала “сядзенне адразу на двух крэслах”.
Справаздачы старшыні і сустаршыняў Партыі БНФ, якія пачаліся пасля прывітальных слоў, не неслі б у сабе ніякай інтрыгі, калі б не адно “але”. Слова ўзяў Алесь Міхалевіч, які цягам шасці месяцаў працаваў на пасадзе аднаго з намеснікаў. Ён выступіў з гучнай заявай: “Я буду ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ні пад каго здымацца не збіраюся”.
Нагадаем, што ў свой час Алесь Міхалевіч быў выключаны з шэрагаў БНФ “за крытыку дзеянняў партыйнага кіраўніцтва”.
Барацьба “маладых ваўкоў” з партыйнымі “зубрамі” на з’ездзе распачалася ўжо пры зацвярджэнні парадку дня. Каманда Лявона Баршчэўскага прапаноўвала ў абавязковым парадку ўключыць пытанне аб вызначэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты на прэзідэнцкія выбары ад Партыі БНФ. Матывацыя была простай. Каб потым не губляць часу, з кандыдатам трэба было вызначыцца ўжо зараз і працаваць на ягоную раскрутку. Паплечнікі ж Аляксея Янукевіча стаялі на тым, што кандыдата ад партыі пакуль вызначаць заўчасна, маўляў, трэба распрацаваць з фарматам удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі. У выніку галасавання дэлегатамі быў зацверджаны парадак дня, які прапаноўваў Аляксей Янукевіч. Стала відавочна, што пазіцыі Лявона Баршчэўскага ў партыі не зусім трывалыя...
«...Гэта ж сапраўдны бандыт»
Тым не менш Лявон Баршчэўскі ўпэўнена заявіў аб тым, што, нягледзячы ні на што, ён будзе балатавацца на пасаду старшыні партыі (кажуць, яго аб гэтым папрасіў Зянон Пазьняк). Яшчэ да з’езда было вядома, што калі б Лявон Пятровіч захаваў за сабой крэсла старшыні Партыі БНФ, то цалкам засяродзіўся бы на ўдзеле ў прэзідэнцкай кампаніі, а функцыі старшыні выконваў бы Віктар Івашкевіч. Акрамя таго, Лявон Баршчэўскі ў выпадку свайго абрання прапаноўваў, акрамя ўжо вядомых прозвішчаў, у якасці намесніка абраць Аляксандра Меха.
У сваю чаргу Аляксей Янукевіч у якасці сваіх намеснікаў назваў Рыгора Костусева і Ігара Лялькова. Кандыдатура апошняга выклікала неадназначную рэакцыю ў некаторых дэлегатаў. Так, былы амбасадар Беларусі ў Германіі Пётр Садоўскі абураўся: “Чаму бяруць Лялькова, які на сойме агітаваў ісці да Мілінкевіча? Гэта толькі палітычная прэтэнзія. А ёсць яшчэ і этычныя, якія я не хачу агучваць...”
Было адзначана таксама і тое, што сярод магчымых намеснікаў Аляксея Янукевіча няма ніводнага прозвішча з каманды, якая яму супрацьстаяла. Сам Аляксей адзначыў, што намеснікі старшыні павінны дапамагаць яму ў працы, а не праводзіць нейкую ўласную палітыку...
Перад галасаваннем здарыўся яшчэ адзін інцыдэнт. Дэлегаты ўжо збіраліся падыходзіць да празрыстай урны для галасавання, як ля мікрафона зноў апынуўся Пётр Садоўскі. “Да мяне толькі што падышоў Міхалевіч, які заявіў, што нам з ім трэба выйсці і пагаварыць. Гэта ж сапраўдны бандыт!” І без таго напружаная абстаноўка на з’ездзе магла зусім выйсці з-пад кантролю, калі б не абвяшчэнне галасавання і выратавальнае запрашэнне на абед.
Першая параза Баршчэўскага
Яшчэ да пачатку галасавання Лявон Пятровіч без залішняй сціпласці заўважыў: “У сваім жыцці я не прайграў ніводных выбараў. Пачынаючы ад выбараў старасты класа да выбараў у парламент”.
Тым часам у кулуарах з’езда меркаванні дэлегатаў дыаметральна розніліся. Адны, як Аляксандр Мех, разлічвалі на тое, што “пераможа розум і старая каманда застанецца ў кіраўніцтве партыі”, другія, як, напрыклад, Сяржук Бахун, выступалі за змену кіраўніцтва і з’яўленне ў кіраўніцтве партыі новых людзей.
Таксама ў кулуарах пагаворвалі аб тым, што некаторым дэлегатам з’езда лёс Партыі БНФ “да фені”. Справа ў наступным: за некалькі месяцаў да з’езда ў рэгіёнах была актывізавана праца па пашырэнні партыйнага актыву “выпадковымі” людзьмі, якія сталі дэлегатамі і якія сваімі галасамі забяспечаць перамогу Аляксею Янукевічу і тым самым “здадуць” партыю.
Канечне, гэта эмоцыі, бо паўнамоцтвы ўсіх дэлегатаў былі пацверджаны.
Вынікі галасавання па пытанні абрання старшыні партыі аказаліся наступнымі. За Лявона Баршчэўскага прагаласавалі 144 дэлегаты, Аляксей Янукевіч атрымаў 174 галасы. Каманда Баршчэўскага пала... Пераможцы сустрэлі абранне Аляксея Янукевіча воклічамі “Жыве Беларусь!”, тыя, хто прайграў, — жалобным маўчаннем.
“Маладыя ваўкі ўсё ж такі з’елі зуброў”, — шапталіся пазней у кулуарах прайграўшыя...
Адразу пасля абвяшчэння вынікаў Лявон Баршчэўскі заклікаў сваіх прыхільнікаў “не прымаць эмацыянальных крокаў па гарачых слядах”. “У любым выпадку, якое рашэнне ні было б прынята, яно б не задаволіла ці адных, ці другіх. Вынікі гэтага рашэння мы зможам асэнсаваць літаральна праз паўгода”, — разважна сказаў ён. — Праўда, сам Лявон Пятровіч тут жа выйшаў са складу Сойма Партыі БНФ, абгрунтаваўшы сваё рашэнне тым, што яго не падтрымаў з’езд.
Былы намеснік Лявона Баршчэўскага Вінцук Вячорка быў яшчэ больш рэзкім у ацэнцы вынікаў галасавання: “Адбыўся рэйдэрскі захоп кіраўніцтва Партыі БНФ. Зараз будуць рабіцца наступныя захады, каб падпарадкаваць Партыю БНФ тым сілам, якія бачаць магчымым супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі, будзе рабіцца спроба пераарыентаваць дзейнасць і пазіцыю Партыі БНФ на акцыі і кірункі, якія не пагражаюць асновам цяперашняга палітычнага рэжыму. Разам з тым гэтая змена адбылася не пераважнай большасцю галасоў. Склад з’езда не зусім адпавядае настроям фронтаўскіх структур у Мінску і ва ўсёй Беларусі. Таму тыя, хто стаіць на фронтаўскіх пазіцыях будуць дзейнічаць дзеля таго, каб Фронт застаўся Фронтам і вярнуў сабе фронтаўскае аблічча, не быў нічыёй марыянеткай”.
Цяжка па гарачых слядах меркаваць, хто правы, а хто не. Відавочна адно: у якім накірунку пойдзе Партыя БНФ, ці ўдасца новаму кіраўніцтву аб’яднаць сяброў БНФ — пакажа час.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме