01:15 10.07.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Маладых маці за эканомнасць пазбавілі адраснай дапамогі
Дзяўчаты паехалі за таннымі паўзункамі ва Ўкраіну, а за гэта іх залічылі ў спіс “заможных”.
Жаданне ў крызіс зэканоміць і набыць для дзіцяці танныя рэчы за мяжой скончылася для маладых маці стратай дапамогі ад дзяржавы. Адной з такіх ахвяр “антыкрызіснай эканоміі” стала адзінокая маці Таццяна. Атрымаўшы дапамогу на дзіця, яна вырашыла за адзежай для свайго дзіцяці паехаць не на Ждановічы, а на рынак у Хмяльніцкі, што ва Ўкраіне.
Таццяна: “Мне падказалі, што ёсць у выканкама “Акно адраснай дапамогі”, туды можна звярнуцца. Я пайшла, і першы раз мне далі. Я спыталася: “Калі можна другі раз звярнуцца?”. Адказалі, што дапамога даецца два разы на год, і калі будуць патрэбныя грошы — прыходзьце. Вось я гэтую дапамогу адклала і што-нішто з “дзіцячых”. Вось грошай крыху сабрала і паехала ў Хмяльніцкі, каб апрануць дзіця — там танней рэчы”.
Такая паездка каштавала маладой маці адраснай дапамогі.
“Праз тры месяцы я вырашыла зноў пайсці, сабраць неабходныя дакументы і падаць іх, — працягвае Таццяна. — Прыйшла, у мяне паглядзелі пашпарт, убачылі там штамп перасячэння мяжы і сказалі: “Вы выязджалі ва Ўкраіну, значыцца вам дапамога не належыць. Прыходзьце праз год, калі скончыцца акрэслены тэрмін”.
Паводле слоў Таццяны, сума адраснай дапамогі, якую яна атрымала ў першы раз, склала 307 тысяч. На гэтыя грошы яна магла набыць ўсяго некалькі паўзункоў, а на рынку ў Хмяльніцкім — значна больш. Менавіта гэта і падштурхнула яе паехаць ва Ўкраіну. У выніку — страціла і гэтыя грошы.
А вось яшчэ адна маладая маці, Юля, не змагла з-за колішняй паездкі ў той жа Хмяльніцкі ўвогуле атрымаць ніякай дапамогі. Хоць і мела на яе права.
Юля: “У мяне муж вучыўся паўгода на курсах і атрымліваў “капеечную” стыпендыю. І ў мяне толькі дапамога на дзяцей. А дзяцей двое. Мы падлічылі, што даход маленькі і мы можам атрымаць дапамогу. Я сабрала ўсе даведкі і паехала ў выканкам. А там паглядзелі, што ў мяне быў выезд у Хмяльніцкі летась у верасні. Яны паглядзелі, што год яшчэ не прайшоў, і таму ніякай дапамогі нам не належыць”.
А вось па словах начальніка Аддзела адраснай дапамогі адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска Святланы Вінідзіктавай, дзяўчат пазбавілі дапамогі згодна з законам.
Святлана Вінідзіктава: “Ёсць 638-ы ўказ прэзідэнта “Аб некаторых мерах сацыяльнай падтрымкі насельніцтва”, у якім прапісана, што дзяржаўная адрасная дапамога не прызначаецца ў пэўных выпадках, адным з якіх з’яўляецца выезд за мяжу цягам апошніх 12 месяцаў напярэдадні звароту”.
Між тым Юля сцвярджае, што ёй адмовілі ў выплаце адраснай дапамогі менавіта з-за таго, што яна ездзіла на рынак у Хмяльніцкі.
Юля: “У загадзе, у дакументацыі супрацоўніца паглядзела, і там асобным радком прапісаны Хмяльніцкі. Кажа: “Калі ты ездзіла за рэчамі, значыцца грошы ў цябе ёсць — і на дзяржаўную дапамогу ты разлічваць не можаш”.
Тое, што Хмяльніцкі прапісаны асобным радком у афіцыйных дакументах аддзелаў адраснай дапамогі, чыноўніца адміністрацыі Першамайскага раёна не пацвердзіла. Але пагадзілася з тым, што такім “чаўнакам” дзяржаўную дапамогу даваць не трэба.
Святлана Вінідзіктава: “Хмяльніцкі — гэта лічыцца “за межы Рэспублікі Беларусь”. А гэта гаворыць пра тое, што ў людзей ёсць уласныя сродкі для таго, каб выехаць. А дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога прызначаецца і выплачваецца малазабяспечаным сем’ям, у якіх па аб’ектыўных прычынах на аднаго чалавека не прыпадае аднаго пражытачнага мінімуму”.
Цікава, што калі вам давядзецца паехаць у суседнюю краіну не проста на шопінг, а, да прыкладу, на пахаванне ці наведаць сваякоў, вас усё адно пазбавяць дапамогі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме