16:15 31.03.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
"Маладая Беларусь" падала зварот грамадзян у Менгарвыканкам
Лідэр ММГА “Рух “Маладая Беларусь” Зміцер Каспяровіч і кіраўнік Менскай абласной арганізацыі Руху Антон Русін 31 сакавіка перадалі ў Менгарвыканкам 500 подпісаў беларускіх грамадзян, якія патрабуюць усталяваць светлафор на пешаходным пераходзе на вуліцы Куйбышава.
Як паведамляла раней прэсавая-служба “Маладой Беларусі”, сходам жыхароў некалькіх дамоў па вуліцы Куйбышава, дзе знаходзіцца небяспечны пераход, Зміцер Каспяровіч быў прызначаны кіраўніком ініцытыўнай групы па зборы подпісаў за ўсталяванне светлафору.
31 сакавіка сабраныя подпісы былі перададзеныя ва ўпраўленне Менгарвыканкаму па працы са зваротамі грамадзян. Копія заявы і копіі ўсіх падпісных аркушоў былі таксама накіраваныя поштай у Менскае ўпраўленне Дзяржаўтаінспекцыі.
“Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, жыхары вуліцы Куйбышава і Куйбышаўскай выбарчай акругі №46, просім усталяваць светлафор на нерэгуляваным пешаходным пераходзе паміж магазінам “Десяточка” і тарцамі дамоў 81 і 77 па вуліцы Куйбышава.
Дадзены пешаходны пераход з’яўляецца пераходам павышанай небяспечнасці – кожны тыдзень на ім здараюцца дарожна-транспартныя здарэнні, часцей за ўсё з пацярпелымі пешаходамі”.
Нягледзячы на наяўнасць рэгулюемага светлафорам пешаходнага пераходу з другога боку магазіна “Десяточка”, многія жыхары раёну карыстаюцца нерэгулюемым пераходам, а аўтамабілісты, праехаўшы папярэдні рэгулюемы пераход, неўважліва сочаць за дарожнай сітуацыяй, у выніку чаго здараюцца ДТЗ” – напісана ў звароце.
Згодна з пунктам 1.9. “дырэктывы №2 Прэзідэнта РБ па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату” ад 27.12.2006 г., у адказ на зварот у дзяржаўныя ворганы болей чым 30 грамадзянаў, кампетэнтны чыноўнік мусіць выязжаць на месца знаходжання аб’екту, які з’яўляецца прадметам звароту.
Адпаведна ар. 9 і 10 Закону аб зваротах грамадзян, цягам 30 дзен чыноўнік Менгарвыканкаму мусіць выехаць на вуліцу Куйбышава для разбіральніцтва звароту.
Зміцер Каспяровіч, які зарэгістраваны кандыдатам па Куйбышаўскай акрузе, упэўнены ў пазітыўным выніку.
“Практыка паказвае, што запалоханыя чыноўнікі мусяць рэагаваць на такія звароты і вырашаць праблемы грамадзян. Паралельна з агітацыйнай кампаніяй на нашай акрузе, мы будзем выяўляць іншыя сацыяльныя праблемы жыхароў і займацца іх вырашэннем менавіта такім чынам – праз групавыя звароты грамадзян.
Для мяне гэта і ёсць агітацыйная кампанія – не займацца папулізмам, як мой канкурэнт, галоўны ўрач паліклінікі, а ўжо зараз вырашаць злабадзенныя праблемы. Гэта значна важней для жыхароў маеё акругі, чым пустыя словы, якія напісаны ў шматлікіх улетках канкурэнтаў ад улады, якія пачалі агітаваць на акругах раней, чым атрымалі на гэта законнае права і грошы ад выбарчай камісіі” – сказаў кандыдат у дэпутаты Менгарсавету Зміцер Каспяровіч.
Прэс-служба руху "Маладая Беларусь"
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме