14:45 25.01.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Макей паабяцаў узнавіць працу Грамадзка-кансультатыўнай рады ў траўні
Па словах ганаровага старшыні АГП Станіслава Багданкевіча, Уладзімер Макей паабяцаў сябрам Грамадзка-кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта ўзнавіць яе працу пасля мясцовых выбараў.
Увечары 22 студзеня пасдя доўгага перапынку адбылося паседжаньне Кансультатыўна-грамадзкай рады пры аАдміністрацыі прэзыдэнта. Як расказаў «Радыё Свабода» прафэсар Станіслаў Багданкевіч, усе прысутныя сябры Рады выказаліся за працяг яе працы. Сваю пазыцыю Станіслаў Багданкевіч абгрунтаваў тым, што ў адсутнасьць дэмакратыі такія сустрэчы «гэта маленькая магчымасьць данесьці нашую пазыцыю да кіраўнікоў дзяржавы».
Станіслаў Багданкевіч сказаў, што ён асабіста ўнёс тры прапановы, скіраваныя на паляпшэньне працы Рады:
– Паколькі ў складзе Рады ёсьць тры прадстаўнікі праўрадавых партыяў, прапанаваў Уладзімеру Макею ўключыць у Раду і прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў.
– Паколькі ў раду ўваходзяць галоўныя рэдактары дзяржаўных выданьняў «СБ» і «Рэспубліка», прапанаваў увесьці ў склад Рады і прадстаўнікоў незалежных мэдыяў.
– Прапанаваў прыдаць Радзе галоснасьць: запрашаць на яе паседжаньні журналістаў, выдаваць прэсавыя рэлізы.
Станіслаў Багданкевіч паведаміў, што Ўладзімер Макей паабяцаў узнавіць працу Рады ў траўні, пасьля правядзеньня мясцовых выбараў. І ён таксама прапанаваў сябрам Рады ўносіць канкрэтныя тэмы для далейшага абмеркаваньня.
Нагадаем, пра стварэньне Грамадзка-кансультатыўнай Рады было абвешчана ў пачатку 2009 года. Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта назваў яе «ўнікальнай пляцоўкай для абмену рознымі меркаваньнямі». Абменьвацца меркаваньнямі паклікалі, у прыватнасці, галоўнага рэдактара «БДГ» Пятра Марцава, генеральнага дырэктара УП «Надзейныя тэхналогіі» Юрыя Зісера, ганаровага старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Станіслава Багданкевіча, кіраўніка аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леаніда Заіка і іншых незалежных экспертаў.
У лістападзе 2009-га Уладзімер Макей нечакана ўзяў тайм-аут у працы Рады, хаця, як сказаў «Салідарнасці» Пётр Марцаў, «ніхто адзін аднаго не загрыз».
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме