14:46 14.12.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
МЗС Беларусі: Затрыманы ў Тайландзе беларус не з'яўляецца камандзірам экіпажа самалёта ІЛ-76, які перавозіў зброю
"Інфармацыя, якая працягвае цыркуляваць у шэрагу СМІ, аб тым, што ўзгаданы грамадзянін Беларусі нібыта з’яўляецца камандзірам экіпажа гэтага самалёта, не знаходзіць свайго пацвярджэння", — гаворыцца ў распаўсюджаным 14 снежня каментарыі для прэсы намесніка начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Беларусі Марыі Ваньшынай.
Паводле яе слоў, "беларуская дыпламатычная місія ў Ханоі праводзіць усе неабходныя дзеянні па абароне інтарэсаў беларускага грамадзяніна". "У сувязі з адсутнасцю замежнага прадстаўніцтва Беларусі ў Бангкоку гэта работа праводзіцца ў пастаянным кантакце з расійскімі дыпламатамі ў Тайландзе. Такое ўзаемадзеянне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з наяўнымі дамоўленасцямі паміж міністэрствамі замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Супрацоўнікі беларускага пасольства ў В’етнаме таксама ўзаемадзейнічаюць з калегамі з дыпламатычнай місіі Казахстана ў Бангкоку", — указана ў паведамленні.
Зазначаецца таксама, што, паводле інфармацыі прадстаўніка пасольства Казахстана ў Тайландзе, 14 снежня ў 10.00 па тайскім часе адбылося слуханне па справе экіпажа самалёта ІЛ-76, які ажыццяўляў рэйс з Паўночнай Карэі ў Шры-Ланку і быў затрыманы ў аэрапорце Бангкока Донг Мыанг. Крымінальным судом Бангкока прынята рашэнне прадоўжыць тэрмін утрымання пад вартай экіпажа самалёта на 12 сутак. Зараз адвакат, які прадстаўляе інтарэсы затрыманых, рыхтуе апеляцыю.
Пасольства Беларусі ў Ханоі працягвае адсочваць сітуацыю і робіць усе неабходныя намаганні па абароне інтарэсаў затрыманага беларуса. Зараз прапрацоўваецца магчымасць вызвалення ўсіх членаў экіпажа паветранага судна пад залог, паведаміла Ваньшына.
Нагадаем, самалёт Іл-76 (бартавы нумар 4L-AWA), зарэгістраваны ў Грузіі, амаль з 40 тонамі зброі, у тым ліку ручнымі гранатамётамі і перанаснымі зенітна-ракетнымі комплексамі, быў затрыманы 12 снежня ў Бангкоку, дзе прызямліўся для дазапраўкі. Мясцовая паліцыя паведаміла, што камандзір карабля Міхаіл Петухоў з’яўляецца грамадзянінам Беларусі, астатнія члены экіпажа — грамадзянамі Казахстана. Самаму малодшаму члену экіпажа — 53 гады, самаму старэйшаму — 58.
Затрыманыя ўтрымліваюцца ў бангкокскай цэнтральнай турме Клонг Прэм. Членам экіпажа прад’яўлены абвінавачанні ў незаконным захоўванні зброі, паведамленні несапраўднай інфармацыі аб характары грузу і спробе нелегальна правезці зброю праз тэрыторыю Тайланда. Раней паведамлялася, што незаконны груз зброі прызначаўся для Шры-Ланкі і Блізкага Усходу.
Міхаіл Петухоў паказаў падчас шасцігадзіннага допыту ва ўпраўленні па барацьбе са злачыннасцю паліцыі Тайланда, што самалёт вылецеў з Украіны і загрузіў зброю на борт у Паўночнай Карэі. Ён паведаміў, што самалёт на шляху ў Пхеньян дазапраўляўся ў Азербайджане, затым у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Тайландзе. На адваротным шляху планаваліся дазапраўкі ў Тайландзе і на Шры-Ланцы, пасля чаго груз павінен быў быць дастаўлены ва Украіну. Паводле звестак дзяржаўнага інфармагенцтва Тайланда ТНА, Петухоў адмовіўся даваць больш падрабязныя паказанні паліцыі і заявіў, што будзе гаварыць толькі на судзе. Ён настойвае, што нічога не ведаў пра ваенны характар грузу.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме