23:00 10.01.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Мікалай Уласевіч павінен кампэнсаваць мільён за нанясеньне маральнай шкоды
Астравецкі актывіст Мікалай Уласевіч павінен кампэнсаваць мільён за нанясеньне маральнай шкоды. Такое рашэньне вынес 10 студзеня Ашмянскі суд паводле заявы прадпрымальніка Андрэя Дзядка да астравецкага актывіста Мікалая Ўласевіча за распаўсюд супраць яго нібыта непраўдзівых зьвестак.
Уласевіч пісьмова зьвяртаўся ў Генэральную пракуратуру і Савет бясьпекі з тым, каб былі спраўджаны факты незаконнага будаўніцтва фірмай Дзядка бэтоннага плота вакол дома цешчы старшыні Астравецкага райвыканкаму Адама Кавалькі.
Зьвяртаючыся ў Генэральную пракуратуру і Савет бясьпекі, актывіст Уласевіч даводзіў, што старшыня райвыканкаму незаконна набыў дом і запісаў яго на імя сваёй цешчы, а будаўнічая фірма прадпрымальніка Дзядка за бюджэтныя грошы абгарадзіла яго бэтонным плотам.
Са слоў Уласевіча, у судзе былі агалошаны матэрыялы праверкі, праведзенай праваахоўнымі органамі. У гэтых матэрыялах рабочыя будаўнічай фірмы Дзядка давалі паказаньні, што сапраўды будавалі гэты бэтонны плот. А ўчора і сёньня ў судзе яны зьмянілі свае паказаньні.
Уласевіч з рашэньнем суду нязгодны і лічыць, што на сьведак (у судзе прысутнічалі 8 рабочых будаўнічай фірмы Дзядка) быў аказаны ціск і таму яны зьмянілі свае паказаньні.
Мікалай Уласевіч — актывіст антыядзернага руху ў Беларусі. Летась ён зьвяртаўся ў Вярхоўны суд і дамагаўся, каб кіраўніка дзяржавы пакаралі за ягоны ўказ № 418 «Аб разьмяшчэньні і праектаваньні атамнай станцыі ў Беларусі». На думку грамадзкага актывіста, дакумэнт парушае Канстытуцыю, дзе запісана, што тэрыторыя Беларусі зьяўляецца бязьядзернай зонай, а дзяржава — нэўтральнай. Вярхоўны суд адмовіўся заводзіць крымінальную справу супраць Аляксандра Лукашэнкі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме