22:30 20.06.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Мікалай Аўтуховіч галадае 66-ы дзеньA Эмануіл Зэльцэр -- 11 дзён
66-ы дзень ў менскім сьледчым ізалятары трымае галадоўку прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, якога падазраюць у падпале дому міліцыянта. Нагадаем, грамадзкі актывіст сваёй віны не прызнае і патрабуе, каб справу, якая цягнецца ужо болей за 4 месяцы, перадалі ў суд альбо вызвалілі яго пад падпіску пра нявыезд. Апошнія зьвесткі пра стан здароўя галадоўніка былі атрыманыя ад турэмнага лекара у сераду. “Пачуваецца здавальняюча”, — адказала доктар карэспандэнту “Свабоды” і больш ніякай інфармацыі не паведаміла.
Па адной справе з Аўтуховчам праходзяць ягоны былы намесьнік Юры Лявонаў і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка. Дачка Лявонава Юля Міхнюк учора размаўляла з адвакатам Вадзімам Мушынскім, які напярэдадні пабачыўся з яе бацькам. Зьвесткі, якія атрымала дзяўчына ад адваката, вельмі абмежаваныя.
“Ён увогуле баяўся што казаць. Сказаў толькі, што аб’ядналі дзьве справы, што усю справу сьледчы Кухарчык перадаў у Менск, і цяпер там будуць думаць, што далей рабіць”.
Нагадаю, справу Аўтуховіча вёў сьледчы з гарадзенскай міліцыі Віталь Кухарчык. На кантакт з журналістамі ён не ідзе, таму праверыць зьвесткі Юлі Міхнюк у сьледчага не ўдалося. Юля Міхнюк не выключае, што другая справа, якую паводле адваката аб’ядналі з першай, гэта справа пра гранатамёт, знойдзены ў Ваўкавыску. Такім чынам Юрыю Лявонаву маглі выставіць другое абвінавачаньне – у захоўваньні гэтага гранатамёту, мяркуе Юля Міхнюк і не выключае, што падобнае абвінавачаньне выставілі таксама Мікалаю Аўтуховічу ды Уладзімеру Асіпенку. Так гэта ці не, стане вядома пасьля выходных.
Тым часам ў Магілёўскай калёніі ужо 11 дзён галадуе Эмануіл Зэльцэр. Учора Зэльцэра наведаў у калёніі адвакат Зьміцер Гарачка. Нагадаю, амэрыканец асуджаны беларускім судом на тры гады зьняволеньня, ён галадуе на знак пратэсту супроць зацягваньня ужываньня адносна яго амністыі. Мінулы раз адвакат Гарачка бачыўся з Зэльцэрам 17 чэрвеня.
“У параўнаньні з серадой прынцыповых зьменаў не наступіла. Адказу з суду няма, у калёнію нічога не дасылалі. Зэльцэр як галадаваў, гэтак і галадуе. Здароўе, адпаведна, становіцца ўсё горш. Заўважна схуднеў”,— паведаміў Зьміцер Гарачка.
Адвакат сказаў, што перадаваў Эмануілу Зэльцэру шматлікія просьбы спыніць галадоўку, паколькі яна яўна шкодзіць ягонаму здароўю, але пакуль вязень не саступае.
Нагадаю, ўжо болей за месяц Менскі гарадзкі суд не дасылае ў магілёўскую калёнію даведку, без якой немагчыма ужыць адносна Эмануіла Зэльцэра амністыю. Эмануіл Зэльцэр лічыць гэтыя дзеяньні незаконнымі і галадуе, каб прыцягнуць увагу да гэтага сусьветнай грамадзкасьці. Тым часам урад ЗША працягвае дамагацца вызваленьня Эмануіла Зэльцэра паводле гуманітарных прычын.
Эмануіл Зэльцэр быў арыштаваны ў сакавіку 2008 года па прылёце ў Менск з Лёндану. Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку, мяркуе, што ягоны брат стаў ахвярай інтрыг вакол спадчыны заўчасна памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Паводле Марка Зэльцэра на гэтую спадчыну прэтэндуе расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі, які нібыта справакаваў арышт Зэльцэра. Барыс Беразоўскі абвяргае сваю датычнасьць да гэтай справы.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме