19:00 22.02.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
М.Пашкевіч абраны кіраўніком «Маладых дэмакратаў»
У Мінску на Сядзібе Партыі БНФ прайшла ІІ справаздачна‑выбарчая канферэнцыя моладзевай арганізацыі АГП «Маладыя дэмакраты».
Напярэдадні з’езду ў livejournal‑е была распаўсюджаная заява ад імя лідэра «Маладых дэмакратаў» Аляксандра Шумкевіча, што моладзевая арганізацыя АГП спыняе супрацоўніцтва з партыяй і 22 лютага «Моладзевы хрысціянска‑сацыяльны саюз» праводзіць свой альтэрнатыўны з’езд у адукацыйным цэнтры IBB.
Тым не менш на з’езд «МД» з’ехалася 44 дэлегаты амаль з усіх рэгіёнаў краіны. Не былі прадстаўленыя толькі Віцебская і Магілёўская вобласці.
У адсутнасць ужо выязнога старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, які гэтымі днямі знаходзіцца за мяжой, дэлегатаў ад імя старэйшых таварышаў павітаў намеснік кіраўніка партыі Леў Марголін. «Партыя без моладзі ператвараецца ў секту. Менавіта моладзь і прадпрымальнікі — нашы галоўныя рэсурсы для папаўнення складу сяброў арганізацыі», — зазначыў Л.Марголін.
Былі прывітальныя словы ад прадстаўніка расійскай касьянаўскай моладзі, «Моладзі БНФ», БХД. Чамусьці не запрасілі прадстаўніка «Маладога фронту».
Калі па рэгламенту прыйшоў час выступу дзейснага старшыні, то высветлілася, што Шумкевіч у залі не прысутнічае.
Справаздачу давялося трымаць ягонаму намесніку Міхаілу Пашкевічу. Ён акрэсліў галоўныя дасягненні арганізацыі ад моманту першага з’езду — паспяховую рэгіянальную дзейнасць, актыўны ўдзел у вулічных акцыях, міжнароднае супрацоўніцтва з партнёрамі з Швецыі, Украіны, Польшчы, Літвы, Францыі, распрацоўка альтэрнатыўнага законапраекту па моладзевай палітыцы, удзел у парламенцкіх выбарах.
Прагучала прапанова абіраць новага старшыню не болей чым на два тэрміны па два гады. Дэлегаты прынялі кампраміснае рашэнне — не болей двух тэрмінаў запар.
Таксама была прынятая пастанова, што не кожны сябар АГП да 35 гадоў у аўтаматычных парадку становіцца сябрам «Маладых дэмакратаў», як было раней. Цяпер малады чалавек сам можа прымаць рашэнне, ці згодны ён уваходзіць у моладзевае крыло партыі.
На пасаду старшыні было прапанавана тры кандыдатуры — Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Сергіенка і Уладзімір Вуяк. Двое апошніх самаадхіліліся. Такім чынам, у выбарчыя бюлетэні было занесенае толькі адно прозвішча.
За Міхаіла Пашкевіча прагаласавала 38 дэлегатаў, супраць — 4, адзін бюлетэнь прызнаны несапраўдным.
На пасаду намесніка старшыні таксама на безальтэрнатыўнай аснове быў прапанаваны Аляксандр Сергіенка, якога падтрымалі і ўдзельнікі з’езду.
***
Па абранні Міхаіл Пашкевіч адказаў на некалькі пытанняў «Нашай Нівы».
«Наша Ніва»: Як ацэньваеш працу з’езду?
Міхаіл Пашкевіч: Абсалютна нармальны рабочы з’езд.
«НН»: Як пракаментуеш сённяшнія намеры некаторых удзельнікаў сарваць працу з’езду?
МП: У дадзеным выпадку ўсе мерапрыемствы праводзілася ў адпаведнасці з пастановамі партыі. Горшае, што можна зрабіць у гэтай сітуацыі — гэта ўхіляцца ад спаборніцтваў і прыкрывацца нейкімі паперамі.
«НН»: Якія бліжэйшыя задачы на пасадзе?
МП: Вяртанне да партыйных прыярытэтаў. Папулярызацыя прадпрымальніцкай ініцыятывы і ліберальных поглядаў. Прасоўванне ідэй свабоднага рынку, прыватнай уласнасці, абарона правоў чалавека.
«НН»: А што датычыць мясцовых выбараў?
МП: Разам з партнёрскімі моладзевымі арганізацыямі будзем імкнуцца закрыць акругі ў Мінску, абласных цэнтрах, а таксама гарадах стотысячніках. Адна справа апірацца на кагосьці, а іншая — на сябе, праводзіць сваю кампанію. Менавіта такі лакальны ўзровень дазваляе людзям правярацца як палітыкам.
«НН»: Хатняя «хімія» не будзе абмяжоўваць цябе ў дзейнасці?
МП: Гэта залежыць не ад мяне, а ад нашай дзяржавы.
«НН»: Чаму на з’ездзе не было закранутае пытанне хуткіх прэзідэнцкіх выбараў?
МП: Гэта не пытанне для моладзевай арганізацыі. Я не хачу ставіць партыю ў непрыемнае становішча, беручы на сябе не свае паўнамоцтвы.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме