19:31 17.04.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Лукашэнка запрошаны ў ПрагуДалікатная місія Шварцэнбэрга
На фота:Сяргей Мартынаў і Карэл Шварцэнбэрг
Карэл Шварцэнбэрг перадаў Аляксандру Лукашэнку запрашэньне прыехаць на сустрэчу кіраўнікоў краінаў, якія ўваходзяць у праграму “Ўсходняе партнэрства”.
Пра гэта журналістам паведаміў кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў.
Аднак сам міністар замежных справаў Чэхіі заявіў, што Лукашэнка не пацьвердзіў свайго ў дзелу ў сустрэчы.
“Ён прыняў запрашэньне. Цяпер ягоная задача вырашыць, хто будзе прадстаўляць Беларусь на гэтай сустрэчы”, — заявіў Шварцэнбэрг.
Прадстаўнік Чэхіі заявіў, што Ўсходняе партнэрства зьяўляецца праектам добрасуседзтва. Паводле ягоных словаў, Чэхія і ЭЗ “маюць вялікую цікаўнасьць да далейшага разьвіцьця сваіх суседзяў”. Ён патлумачыў, што ЭЗ зацікаўлены ў тым, каб у краінах суседзях пасьпяхова разьвівалася моцная грамадзянская супольнасьць, складваліся спрыяльныя ўмовы для інвэстыцыяў і бізнэсу.
Шварцэнбэрг таксама выказаў спадзяваньне, што “супрацоўніцтва з Беларусьсю як з краінай-сябрам Усходняга партнэрства будзе мець вельмі добры пачатак”.
Кіраўнік МЗС Чэхіі таксама сярод іншага паведаміў, што бліжэйшым часам абедзьве краіны ўздымуць ровень прадстаўніцтва – дыпляматычныя місіі ачоляць амбасадары.
Сустрэчу, на якой будзе дадзены старт праграме “Ўсходняе партнэрства”, плянуецца правесьці ў Празе (Чэхія) 7 траўня.
Да праграмы "Ўсходняе партнэрства" запрашаюцца Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна.
Польшча і Швэцыя запрапанавалі міністрам замежных спраў Эўразьвязу плян супрацоўніцтва з поставецкімі краінамі.
Плян прапануе "глыбейшую інтэграцыю" Эўразьвязу зь Беларусьсю, Украінай, Малдовай, Грузіяй, Армэніяй і Азэрбайджанам. Мэтай такога паглыбленага супрацоўніцтва павінна была быць падрыхтоўка гэтых краінаў да ўступу ў Эўразьвяз, хоць сам плян ня згадвае пра магчымасьці сяброўства ні словам. Плянам прадугледжваецца паскарэньне рэформаў, збліжэньне нацыянальнага заканадаўства з эўрапейскім для наступнай эканамічнай інтэграцыі краін ў эўрапейскую супольнасьць.
Як вынік "Усходняе партнэрства" мае спрыяць стабільнасьці ды дабрабыту ва ўсходніх суседзяў Эўразьвязу з дапамогай інструмэнтаў эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва.
***
Сёньня раніцай міністар замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг, які знаходзіцца з двухдзённым візытам у Менску, сустрэўся з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі. На размове з беларускага боку прысутнічалі Алег Гулак, Аляксандар Казулін, Аляксандар Мілінкевіч, Алесь Міхалевіч і Павал Севярынец.
Як распавёў “Свабодзе” старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Чэхіі, найперш, цікавіла адно пытаньне: “Што можа зрабіць яго краіна і Эўразьвяз (Чэхія цяпер старшынюе ў ЭЗ), каб сытуацыя ў Беларусі зьмянялася?”.
Чэскі міністар выказаў меркаваньне, што гэты працэс ня будзе хуткім. Карэл Шварцэнбэрг таксама сказаў сваім суразмоўцам, што калі пасьля яго візыту Беларусь хаця б на некалькі сантымэтраў прасунецца па дарозе ў бок дэмакратыі, ён будзе гэтым задаволены”.
***
Як падае інтэрнэт-выданьне аktualne.сz, у Менск чэскі дыплямат прыбыў у якасьці кіраўніка Рады міністраў замежных справаў ЭЗ.
Гэты візыт адбываецца празь некалькі дзён пасьля ягонай аўдыенцыі ў папы рымскага ў Ватыкане і амаль адразу пасьля сустрэчы ў Празе з кіраўніком замежнапалітычнага ведамства Румыніі. Аднак, як падкрэсьлівае выданьне, у Менску Шварцэнбэрга чакае, бадай, адна з самых далікатных місіяў яго дыпляматычнай кар’еры.
Выданьне піша, што да сваёй паездкі ў Менск чэскі дыплямат рыхтаваўся доўгі час, улічваючы новыя падыходы Эўразьвязу ў беларускай палітыцы.
Адзін з галоўных момантаў перамоваў у Менску – гэта ўдзел Беларусі ў праграме ЭЗ “Усходняе партнэрства”, якая будзе афіцыйна прэзэнтаваная на травеньскім саміце ў Празе.
Падобна, як і ў лістападзе 2002 году, калі ў чэскай сталіцы праходзіў саміт НАТО, цяпер у Празе таксама актыўна абмяркоўваюць магчымы прыезд на сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі. Апошнім часам на адрас чэскага кіраўніцтва, як і пяць гадоў таму, прыйшло шмат лістоў пратэсту, падпісаных вядомымі праваабаронцамі.
Як піша выданьне, Лукашэнка, хутчэй за ўсё, у Прагу не паедзе. Мяркуецца, што замест яго Беларусь на саміце будзе прадстаўляць кіраўнік беларускага ўраду. Такі варыянт, паводле aktualne.cz, дазволіць “захаваць твар усім бакам”.
Выданьне таксама паведамляе пра ўчорашнюю акцыю апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі ў Менску і пра разгон яе міліцыяй.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме