15:31 05.08.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Лукашэнка ў тупіку
Для Беларусі сёньня паўстае пэрспэктыва зьмены рэжыму, ініцыяваная Расеяй, піша Балаш Ярабік, экспэрт мадрыдзкага аналітычнага цэнтру FRIDE ў сваім камэнтары пад назвай «Беларусь: канец дружбы».
«Геапалітычная гульня эксцэнтрычнага беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі зайшла ў тупік. Ён прыпыніў дыялёг з Эўразьвязам, разьлічваючы, што Брусэль прыме ўсе выстаўленыя ім папярэднія ўмовы для наладжваньня партнэрства. У той жа час ён патрапіў настроіць супраць сябе кіраўнікоў Расеі. У выніку прэзыдэнцкія выбары, якія маюць адбыцца да лютага 2011 г., стануць для яго лёсавызначальнымі. Перад Эўразьвязам паўстае пэрспэктыва ініцыяванай Расеяй зьмены рэжыму ў краіне-суседцы.
Апошні газавы канфлікт паміж краінамі, якія афіцыйна будуюць саюзную дзяржаву, быў відавочна справакаваны Масквой. Галоўнай мэтай яго было ня тое, каб дамагчыся выплаты адносна невялікай сумы грошай за газ, а — настроіць расейскую грамадзкую думку супраць Беларусі і пазбавіць Лукашэнку падтрымкі ў расейскіх сродках масавай інфармацыі.
Накіраваная супраць Лукашэнкі кампанія «Гавары праўду», распачатая ў лютым гэтага году, па сутнасьці — «мяккі» расейскі праект. Расейскае дзяржаўнае тэлебачаньне НТВ паказвае фільмы пра Лукашэнку, выстаўляючы яго гэтаксама, як на Захадзе — «апошнім дыктатарам Эўропы». Газавы канфлікт пацьвердзіў, што Захад абыякавы да будучага лёсу Лукашэнкі.
Менск не зрабіў аніводнага кроку на шляху палітычных рэформаў, што і стала прычынай прыпыненьня дыялёгу паміж ЭЗ і Беларусьсю. Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы прыняла рашэньне замарозіць кантакты пасьля відавочна сфальсыфікаваных выбараў у мясцовыя саветы. Эўрапейскія прадстаўнікі высокага ўзроўню скардзяцца, што беларускі прэзыдэнт не жадае ісьці ні на якія палітычныя саступкі.
Геапалітыка, найважнейшая карта Лукашэнкі, паварочваецца супраць яго. Беларусь страціла сваіх галоўных заступнікаў на Захадзе, асабліва Польшчу, абураную стаўленьнем Менску да польскай нацыянальнай меншасьці.
Масква аплачвала беларускі «эканамічны цуд» на працягу дзесяці гадоў, і зараз яна хоча канвэртаваць гэтую падтрымку ў палітычны ўплыў. Пасьля таго як расейскія субсыдыі істотна зьменшыліся, Беларусь выжывае за кошт заходніх крэдытаў. Але калі Расея дабудуе новы нафтавы тэрмінал побач з Санкт-Пецярбургам, ужо ў 2013 годзе можа быць закрыты нафтаправод «Дружба», які ідзе з Расеі ў Эўропу празь Беларусь.
Закрыцьцё нафтаправоду «Дружба» стане сьмяротным ударам для беларускай эканомікі, бо на яго шляху знаходзяцца два найбольшыя і самыя сучасныя нафтаперапрацоўчыя заводы былога Савецкага Саюзу. Яны забясьпечваюць прыкладна трэць ВУП Беларусі. Расея мае што супрацьпаставіць Лукашэнкавым амбіцыям.
Паколькі ні апазыцыі, ні Захаду насамрэч няма як уплываць на дзяржаўную ўладу ў Беларусі, гэтая завяршальная сцэна будзе разыграная паміж расейцамі і Лукашэнкам.
Масква мусіць дзейнічаць не марудзячы. Расея лічыць, што Ўкраіна вярнулася ў яе сфэру ўплыву. Спроба Масквы ўзяць грузінскага прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі ў аблогу, падтрымліваючы кантакты з усёй апазыцыяй, можа зрабіць стасункі з Расеяй цэнтральным пытаньнем для грузінаў.
Уражвае падабенства са стратэгіяй Захаду, калі той у свой час гэтаксама спрабаваў узяць у аблогу Слабадана Мілошавіча ў Сэрбіі. Цяпер надышоў час «навесьці парадак» у Беларусі, пакуль Расея мае на гэта рэсурсы, а Захад загруз у багне ўласнага крызісу. Нядаўні перазапуск стасункаў са Злучанымі Штатамі і перамовы паміж Нямеччынай і Расеяй датычна новай архітэктуры эўрапейскай бясьпекі прымушаюць Маскву прысьпешыць намаганьні, каб аднавіць свой уплыў у бліжнім замежжы.
Лукашэнка стварыў жыцьцяздольны ды ляяльны да сябе рэжым. Улічваючы паварот пасьля 2004 ад Масквы ў бок «беларускага патрыятызму», калі незалежнасьць стала для нацыі мабілізацыйным фактарам, Лукашэнка стварае новую, «прабеларускую» эліту. Тым ня менш гэтая новая эліта можа пачаць разглядаць Лукашэнку як частку праблемы — як лідэра, няздольнага супрацьстаяць усё цяжэйшым выпрабаваньням, зь якімі сутыкаецца краіна. Разгортваць праекты несілавога ўзьдзеяньня добра для паказухі, але Маскве патрэбны падыход да новай эліты, каб забясьпечыць мяккую перадачу ўлады.
Вырашальным фактарам будзе тое, ці стане новая эліта на бок Лукашэнкі, каб разам зь ім супрацьстаяць расейскай кампаніі ціску. Паколькі ні апазыцыі, ні Захаду насамрэч няма як уплываць на дзяржаўную ўладу ў Беларусі, гэтая завяршальная сцэна будзе разыграная паміж расейцамі і Лукашэнкам».
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
28 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |