17:46 20.10.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Лябедзька: Мы ўсе знаходзімся ў адной вялікай жалезнай клетцы

На наступным тыдні будзе створаная нацыянальна- дэмакратычная кааліцыя, у склад якой  увойдуць Рух «За Свабоду», БХД, Партыя БНФ, «Малады фронт», Партыя свабоды і прагрэсу, «Правы альянс», «Маладая Беларусь», МХСС «Маладыя дэмакраты». Стварэнне гэтага новага палітычнага аб’яднання каментуе ў інтэрв’ю  www.ucpb.org  старшыня Нацыянальнага Камітэта Аб’яднаных дэмакратычных сіл і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

- Стварэнне новай апазіцыйнай кааліцыі – справа ўдзельнікаў. Разам з тым, калі паглядзець на сітуацыю не з пункта гледжання карпаратыўных інтарэсаў а агульнанацыянальных, Аб’яднаная грамадзянская партыя застаецца прыхільнікам стварэння шырокай кааліцыі, шырокага фронту пераменаў, - кажа Анатоль Лябедзька.


Калі паглядзець на сітуацыю вачыма простага грамадзяніна, то яна наступная: вялікая клетка, у якой знаходзяцца і БНФ, і АГП, і ПКБ, і розныя сацыял-дэмакратычныя арганізацыі, БХД, Рух “За Свабоду”. Мы ўсе знаходзімся ў адной вялікай жалезнай клетцы. І стаіць зараз пытанне: што рабіць? Адны прапаноўваюць: давайце мы нашы нары, тых хто больш сябруе паміж сабой, паставім злева, а другія – ў іншы кут. 


А наша прапанова – зламаць гэтую клетку, а не весці дыскусію паміж нарамі, якія стаяць справа і злева, чыя ідэалогія больш правільная, і каго з нас людзі больш падтрымоўваюць. Толькі тады, калі мы зламаем гэтую клетку і выйдзем да людзей, мы насамрэч можам ствараць кааліцыі ідэалагічна блізкіх структур. А так ходзіць вакол клеткі вусаты наглядчык, усміхаецца, а ключы ад гэтай клеткі ў яго руках.


- Як стварэнне кааліцыі можа паўплываць на АДС і на АГП?


- Для нас самае галоўнае гэта дзеянні. Калі ёсць дзейнасць, то ёсць аб’яднанне. Калі дзейнасці няма, то гэта піар і вырашэнне вузка карпаратыўных інтарэсаў.


- Аднак пры ўмове актыўнай дзейнасці, ці не стануць Нацыянальна-дэмакратычная кааліцыя  і Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы канкурэнтамі ?
АДС – пляцоўка, на якой структуры аб’ядноўваліся па трох прынцыпах: суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, дэмакратыя, законнасць і правы чалавека.  І мы будзем працаваць з тымі, хто гатовы на практыцы рэалізаваць палажэнні Малой Канстытуцыі, што вызначае якой павінна быць палітычная ўлада і кіраванне ў Беларусі, і  працаваць на базе антыкрызіснай платформы, якая дае адказ на пытанне што трэба рабіць у сённяшніх эканамічных варунках. У чым можа быць канкурэнцыя? Усё роўна ў нас няма выхаду ні ў кога на масс-медыя, у нас няма справядлівых выбараў, у нас многа-многа чаго няма, таму  не  будзе таго элементарнага, што дае мажлівасць арганізаваць канкурэнцыю.


- Ці не паказвае  стварэнне кааліцыі на раскол  у дэмакратычнай супольнасці?


- Знешне гэта выглядае як раскол, хаця я скажу, што ўнутры АДС усе без выключэння структуры падпісаліся пад антыкрызіснай платформай, але па данясенні яе да людзей працуюць толькі асобныя структуры. Думаю, што пакуль што ў гэтай сітуацыі п’юць шампанскае толькі ў Чырвоным доме.

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме