14:46 30.11.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Лекар-інфекцыяніст: Невядома, ці ёсць у Беларусі атыповая пнеўманія
У Беларусі не вядзецца дыягностыка атыповай пнеўманіі, таму нельга сцвярджаць, што гэтага захворвання ў краіне няма. Такое меркаванне ў інтэрв’ю БелаПАН выказаў лекар-інфекцыяніст, асістэнт кафедры інфекцыйных хвароб Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай Шаўлоў.
Раней у СМІ быў апублікаваны адкрыты ліст медыка, у якім ён заявіў пра эпідэмію атыповай пнеўманіі ў Беларусі. Пад гэтым захворваннем Шаўлоў разумее цяжкое, нехарактэрнае працяканне хваробы. Намеснік міністра аховы здароўя Роберт Часнойць 27 лістапада заявіў у парламенце, што ў Беларусі не зарэгістравана ні аднаго выпадку атыповай пнеўманіі.
Шаўлоў падкрэслівае, што ні адзін з хворых не абследаваўся на гэты вірус. Як лічыць медык, найперш неабходна разабрацца, што за вірус выклікае пнеўманію, ад якой людзі гінуць за тры-пяць дзён.
У Беларусі грып А (H1N1), адзначае Шаўлоў, дыягнастуецца з 19 жніўня 2009 года. Усе выпадкі свінога грыпу былі лёгкай або сярэдняй цяжкасці, смяротных вынікаў не было. Шаўлоў задаецца пытаннем: "Чаму людзі пачалі паміраць у канцы кастрычніка, у лістападзе? Што змянілася — магчыма, вірус? Мне б хацелася пачуць адказ на гэтае пытанне ад кіраўніцтва Мінздароўя".
Ён лічыць, што варта звярнуцца да сусветнай медыцынскай грамадскасці, у прыватнасці да Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), па дыягнастычную дапамогу. На яго думку, СААЗ, як і Беларусь, не валодае аб’ектыўнай інфармацыяй пра захворванне на пнеўманію ў нашай краіне, бо Мінздароўя яе хавае.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме