19:15 26.02.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Леанід Галубовіч. КУЛУАРЫ. Беларускамоўе ў спорце
Упэўнены, што багемнае зацыкліванне на вузка-нацыянальных прыярытэтах (мастацкай літаратуры ў прыватнасці) неўпрыкмет адмяжоўвае і адстароньвае нас ад не менш важных грамадскіх з’яў, у тым ліку, як ні дзіўна, і ад самой беларушчыны ва ўсёй Беларусі. Вядома, у сваім вузкім коле Янкаў-Юзікаў-Лявонаў можна да хрыпаты ў голасе змагацца за «ь» (мяккі знак), не зважаючы, што вакол цябе віруе іншамоўны свет, нярэдка нават ва ўласнай кватэры... Я кажу пра моўную сітуацыю ў краіне. У прыватнасці, пра беларускамоўе ў спорце.
Адным словам, хачу «разгавецца» ад літаратуршчыны і ў дні Алімпіяды ў Ванкуверы, на якой беларускіх спартсменаў нарэшце напаткала ўдача, пагаварыць пра, здавалася б, простыя зямныя рэчы.
Колькі сябе памятаю, да фанатызму любіў спорт. Асабліва футбол. У дзяцінстве нярэдка аддаваў яму перавагу над вучобай, а ў маладосці доўгі час займаўся ім, няхай і на аматарскім узроўні... Гуляў у футбол у Савецкай Арміі на палкавых спаборніцтвах і на першынство раёна, працуючы электрыкам у калгасе... Амаль усе мы тады гаварылі паміж сабой у камандах па-беларуску, і свае лепшыя вершы для першай кніжкі я пісаў паміж працай і футболам, на жаль, не раз разнявольваючыся «чаркай і шкваркай», якая ўжо тады ўваходзіла ў народную моду...
Але колькі жарсці было і ў самой гульні, і вакол яе. Цяпер я — толькі заўзятар. І не проста заўзятар, а, натуральна, фанат беларускага спорту. Рускамоўны «Прессбол» у мяне, пасля «ЛіМа», настольная газета. Праўда, на стадыёны цяпер хаджу радзей, хоць дачка іншым разам ледзь не сілком выцягвае мяне на сваё «МТЗ-РІПО», за якое фанацеюць дэмакраты-анархісты, насуперак дынамаўскім «голагаловым скінам», каторыя з імі варагуюць... Мне ў гэтыя «гульні» гуляць позна. Я — «хварэю» за «БАТЭ»... Валідольна перажываю за клубныя справы Капскага і чытаю на сайце e-sport блог паўабаронцы Крыўца... напісаны па-беларуску... А то...
Між іншым, яшчэ з канца 50-х добра памятаю хрыпатлівыя радыйныя рэпартажы Вадзіма Сіняўскага... Але найбольш урэзаўся ў памяць футбольны беларускамоўны рэпартаж з мінскага стадыёна «Дынама» нашага сённяшняга калегі-літаратара Алеся Камароўскага, калі ён агаломшыў слухачоў словам «куткавы» замест звычнага «вуглавы»... Паверце, гэта таксама была падзея (з’ява, калі хочаце), пра якую аматары футбола і беларуская інтэлігенцыя яшчэ доўга гаварылі, а некаторыя, як бачыце, успамінаюць яшчэ і цяпер...
Агулам у БССР беларускай мовы было, на мой погляд, нашмат больш, чым сёння ў нашай суверэннай Беларусі. Ды амаль усе вясковыя школы былі беларускамоўнымі (прынамсі, пры маім навучанні ў прамежку часу 1957 — 1967). Рэпартажы і чыста спартыўныя перадачы вяліся на БТ і радыё па-беларуску.
У звязку з гэтым успамінаецца такая сітуацыя. Першая трансляцыя беларусамі Першынства свету па футболе. Вядзе рэпартаж на БТ Уладзімір Навіцкі і пачынае каментар па-беларуску, як і пазначана ў кантракце з нямецкай тэлекампаніяй, але пасля запрашае да мікрафона Людаса Румбуціса, літоўца па нацыянальнасці, які жыве ў Беларусі і трэніруе клуб «Маладзечна» ды мае ва ўласнасці фірму «Star», — і яны аўтаматычна пераходзяць на рускую мову. Адразу ж званок ад «немцаў»: каментар толькі згодна кантракту — на беларускай мове! Ну, хоць немцы, можа, навучаць нас шанаваць сваё...
Але Румбуціс працягвае па-руску, ды яшчэ з такімі закідамі: «Наши пока не нашли свою игру...» «Наши» — гэта для — літоўца?! — рускія?.. (Мне думаецца, што якраз наадварот, гэта рускія могуць назваць беларусаў ці літоўцаў «нашымі», а мы сябе ўсё яшчэ «іхнімі». Гуляў у мінскім «Дынама» літоўскі нацыяналіст Андрус Жута, вось той гэта разумеў.)
Аднак на другі тайм Румбуціс усё-ткі не застаецца (Навіцкі нават паіранізаваў наастатку: «Засталіся б, Людас, навучыліся б размаўляць па-беларуску...») Але ці не таму і сыходзіць, што папрасілі, каб, крый Божа, за яго «расійскі каментар» штраф не атрымаць?
Ды як бы там ні было, а футбол па-беларуску — гэта нешта!
І як жа сёння перамяніліся вядомыя нам каментатары У.Навіцкі і С.Новікаў! І калі першы хоць зрэдку ўжывае ў сваіх каментарах фрагменты беларускай мовы, то другі ўвогуле радуецца за тых нашых спартсменаў, што змянілі беларускае грамадзянства на іншае і пачуваюцца матэрыяльна забяспечанымі, як ён разважаў у адным са сваіх артыкулаў. Зрэшты, чаму ж тут дзівіцца, бо і ў самога ж С.Новікава маецца падобны «здрадніцкі» вопыт: ён сам не так даўно збягаў з «Прессбола» за лепшым хлебам у Маскву, але — дарма, слязам яго яна не паверыла, і давялося блуднаму сыну вяртацца назад... Дома ўсё-такі лепш, надзейней, утульней — і сябры побач, і ворагі свае...
Дарэчы, «Прессбол» хваліўся некалі, што ў яго рэдакцыі працуе шмат беларускамоўных філфакаўцаў — дзе і што яны сёння?! І спартсмены ў інтэрв’ю іхняй газеце часта кажуць, што, гуляючы за мяжой па кантракту, гавораць на сваёй, рускай, мове (яна для іх ужо свая!) І пры гэтым скардзяцца і крыўдзяцца, што людзі за мяжой пра Беларусь мала што ведаюць. Дык таму і не ведаюць, што беларусы не выдзяляюцца, не ідэнтэфікуюць сябе па-нацыянальнаму прынцыпу — адметна, своеасабліва і запамінальна, у тым ліку і на моўным узроўні... А між іншым, большасць нашых спартсменаў — выхадцы з вёскі (асабліва ў сілавых відах: штангісты, грабцы, кідальнікі-легкаатлеты), значыць, родная мова закладзена ў іх з малаком беларускай маці, то хто ж «яе высмоктвае» з іх у сталічных манежах?
Агульнавядома, што ў камандна-калектыўных відах спорту мова мае вельмі важнае значэнне (баскетбол, футбол, хакей, гандбол, валейбол), і тут у нас для заваявання высокіх алімпійскіх тытулаў шырокае поле дзейнасці ў галіне псіхалогіі, у тым ліку і ў яе свядомасным аспекце. Выхаванне і выкоўванне духу пераможцаў для ментальна памяркоўных беларусаў — адна з галоўных задач. А мова ў дадзеным выпадку з’яўляецца не толькі чыннікам адносін паміж людзьмі, але і самасвядомасным нацыянальным вычуваннем, якое, можа, не заўжды вонкава праяўляецца, але кантралюе ўнутраную культуру паводзін спартсмена ў неардынарных сітуацыях.
Не варта хаваць, што сёння спартсмены ўдзельнічаюць у спаборніцтвах не толькі для заўзятараў і ўласнага задавальнення, але і дзеля накаплення матэрыяльных выгод (зарплат, прэмій, стыпендый, кватэр), і, на жаль, часта гуляюць яны не за Беларусь, а проста за зборную краіны (адсюль і недастатковы патрыятызм, які ніякімі матэрыяльнымі стымуламі высока не падымеш).
Паглядзіце, як гуляюць суседзі-літоўцы ў баскетбол ці суседзі-латышы ў хакей альбо як праяўляюць сябе эстонцы ў лыжным спорце... Нярэдка хто пасмейваецца з украінскай мовы, але паглядзім, дзе будзе Украіна ў спорце ўжо праз кароткі час...
А вось яшчэ адно парадаксальнае назіранне: глядзеў неяк па «Ладзе» гандбольны выставачны матч паміж легіянерамі, якія гуляюць у беларускіх клубах, і самімі беларусамі. Беларусы прайгралі. Але што запала ў вока: легіянеры гулялі ў чырвона-зялёнай форме, а нашы ў бела-чырвонай. Мова, праўда, (у тым ліку і ў каментатара С.Новікава) была ўсё яшчэ адна і тая ж — руская. Нашым для перамогі якраз і не хапіла сваёй каманднай змоўленасці... Шкада.
Як казаў Сакрат: «Айчына павінна быць для цябе даражэй за маці і бацьку, і якія б жорсткасці, якія б несправядлівасці яна ні здзяйсняла ў адносінах да нас, мы павінны вытрымаць іх і не шукаць спосабаў ухіліцца ад яе»...
Не губляю веру і спадзяванне, што наш спорт павінен быць беларускім не толькі па сутнасці, але па сваім нацыянальным духу.
***
Леанід Галубовіч, паэт, літаратурны крытык. Нарадзіўся ў 1950 годзе на Клеччыне. Скончыў прафтэхвучылішча электрыкаў у Слуцку, Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Працаваў электрыкам у Слуцку, Жабінцы, Клецку, рэдактарам літаратурна-драматычных праграм на БТ, у часопісе «Крыніца». Цяпер у аддзеле крытыкі ў тыднёвіку «ЛіМ». У друку выступае з 1967 года. Аўтар пяці зборнікаў вершаў і кніжкі «Зацемкі з левай кішэні».
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме