17:30 26.06.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Леў Марголін:“Лібералізацыя эканомікі немагчыма без лібералізацыі ў грамадстве”

— Спадар Марголін, як вы мяркуеце: чаму беларускі ўрад так і не прад’явіў грамадству ніякай антыкрызіснай праграммы?

— Беларускія ўлады жывуць, так бы мовіць, у паралельнай прасторы. Для іх ўсё, што робіцца ў нашай эканоміцы, гэта праявы сусветнага фінансавага крызісу. Інакш кажучы, мы проста апынуліся ня ў той час і ня ў тым месцы. “У нас выдатная прамысловасць, выдатная сельская гаспадарка, пра будаўніцтва і транспарт і казаць няма чаго, — сцвярджаюць яны. — Што скараціўся попыт на нашу прадукцыю, гэта не віна наша, а бяда. Гэтую навалу трэба проста перачакаць, як навальніцу, і ўсе вернецца да ранейшага стану”. Адсюль выснова: трэба шукаць грошы, каб не спыняць вытворчасць і адначасова падвысіць намаганні па продажу прадукцыі. Калі ўдасца перачакаць крызіс, то пры першых прыкметах ажыўлення мы зноў будзем на кані.

— Можа яно і на самой справе так?

— Ні ў якім разе. Усе незалежныя эксперты, прычым не толькі ў нас, а і за мяжой, адзіныя ў тым, что крызіс наш мае свае, беларускія карані, і пачаўся ён не ўчора, а яшчэ два гады таму. У яго аснове ляжыць неэфектыўная эканамічная мадэль савецкага кшталту. Толькі шматмільярдныя расейскія датацыі ў выглядзе танных нафты і газа дазвалялі ёй больш-менш шчасна існаваць апошнія 15 год. Скончыліся датацыі — скончылася шчасце. Нашы тавары гублялі сваю канкурэнтаздольнасць ужо да крызісу, тым больш яны не будуць патрэбны пасля яго. Гэта толькі спадар А.Тур лічыць, што падчас крызісу злачынна рабіць рэформы. У рынкавай эканоміцы толькі падчас крызісу гэтым і займаюцца, таму праз два-тры гады на расейскім рынку нас будзе чакаць нечаканая канкурэнцыя з боку больш якасных і танных тавараў, вырабленых на расейскай тэрыторыі японскімі, еўрапейскімі і паўднёвакарэйскімі фірмамі.

— Як Вы ставіцеся да агучанай урадам праграмы лібералізацыі эканомікі?

— Сапраўдная лібералізацыя эканомікі немагчыма без лібералізацыі ў грамадстве. Мы ніколі не атрымаем сапраўдных інвестыцыяў — не толькі замежных, але і ўнутраных — пакуль у краіне будзе кіраваць не закон, прыняты дэмакратычным паламентам, а ўказы і дэкрэты. З другога боку, сапраўдная лібералізацыя  ў сферы бізнесу падрывае асновы аўтарытарнага рэжыму, таму тое, што робіцца цяпер — гэта не больш чым дэкарацыя. Ну, сапраўды, ці можна лічыць гэта лібералізацыяй, калі гранічныя надбаўкі на асобныя віды тавараў не адмяняюцца, а падвышаюцца з 20% да 30%. На самой справе, зроблены толькі першы крок: спрашчэнне рэгістрацыі бізнесу, і другіх пакуль не бачна.

— А што прапануюць Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы?

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы прапанавалі ўраду і грамадству сваю антыкрызісную платформу. Гэта насамрэч іншая філасофія народнай гаспадаркі. Тут няма магчымасці, каб падрабязна распавесці аб ёй. Але скажу, што у яе аснове ляжаць тры асноўныя прынцыпы.

Першае — гэта роўныя правы і эканамічная свабода ўсіх суб’ектаў эканомікі, незалежна ад формы ўласнасці. Ніякіх прагнозных паказчыкаў. Вытворчасць павінна адпавядаць попыту. Ніякага дырэктыўнага цэнаўтварэння. Нягледзячы на прысутнасць Дзяржкамцэн, цэны ў нас толькі растуць. На Захадзе такой установы няма, а цэны падаюць. Ніякіх абмежаванняў дробнаму бізнесу, хай наймаюць людзей, хай скарачаюць беспрацоўе.

Другое — скарачэнне бюракратычнага апарату, скарачэнне бюджэтных выдаткаў на падтрымку стратных прадпрыемстваў. Тое, што павінна памерці — усё роўна памрэ. Але адначасова — падвышэнне дапамогі па беспрацоўі да памераў пражытковага мінімуму, дзяржаўныя праграмы перападрыхтоўкі кадраў і перасялення іх пры неабходнасці туды, дзе ёсць працоўныя месцы.

Трэццяе — выкарыстанне замежных крэдытаў не на падтрыманне абменнага курсу, а на неадкладнае рэфармаванне эканомікі і дапамогу тым, хто пацярпеў ад крызісу. Больш падрабязна з платформай можна азнаеміцца на інтэрнэт-сайтах.

 

Антыкрызісную платформу і матэрыялы па пераадоленню крызісу можна прачытаць на сайтах ucpb.org; udfb.org

                    

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме