10:15 14.06.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Лідэр Саюза палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс заявіла аб намеры пайсці ў адстаўку
Лідэр неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі (СПБ) Анжаліка Борыс заявіла аб намеры пайсці ў адстаўку.
У тэлефоннай размове з карэспандэнтам БелаПАН Борыс пацвердзіла свой намер пайсці ў адстаўку. Ад каментарыяў яна адмовілася, заявіла толькі, што прыняла такое рашэнне па асабістых прычынах.
Як паведаміў БелаПАН старшыня галоўнага савета неафіцыйнага СПБ Анджэй Пачобут, аб сваіх планах Борыс паведаміла 12 чэрвеня на сустрэчы з рэгіянальнымі актывістамі СПБ у Гродне. Сваё жаданне пакінуць пасаду старшыні арганізацыі яна таксама растлумачыла асабістымі прычынамі. "Якія гэта прычыны, яна не паведаміла", — сказаў Пачобут.
Паводле яго слоў, пытанне аб адстаўцы Анжалікі Борыс галоўны савет СПБ плануе разгледзець 19 чэрвеня. "Мы ўсё злёгку шакіраваныя такім рашэннем, і многія члены Саюза палякаў будуць прасіць Борыс застацца на пасадзе старшыні арганізацыі. Можа быць, нашы просьбы паўплываюць на яе рашэнне. Але да сходу савета пакуль нічога невядома", — дадаў Пачобут.
Раскол у грамадскім аб’яднанні "Саюз палякаў на Беларусі" адбыўся ў 2005 годзе. З таго часу ў краіне існуюць два СПБ — афіцыйны, зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Беларусі, і неафіцыйны, які падтрымліваюць улады Польшчы і які ўзначальвае Борыс.
У пачатку 2010 года канфлікт паміж прадстаўнікамі СПБ абвастрыўся у сувязі з сітуацыяй вакол Дома польскага ў пасёлку Івянец (Валожынскі раён Мінскай вобласці), на які прэтэндавалі як афіцыйная арганізацыя, так і нефармальнае яе крыло. 17 лютага суд Валожынскага раёна прыняў рашэнне на карысць зарэгістраванай структуры СПБ.
15 і 17 лютага беларускімі праваахоўнымі органамі за правядзенне несанкцыянаваных акцый пратэсту былі затрыманы некалькі дзесяткаў актывістаў неафіцыйнага СПБ, а кіраўнікі арганізацыі — асуджаны. Гэтыя дзеянні выклікалі нездавальненне афіцыйнай Варшавы і еўраструктур.
Для ўрэгулявання канфліктнай сітуацыі СПБ была створана беларуска-польская міжурадавая камісія. Яе першае і пакуль адзінае пасяджэнне адбылося 19 сакавіка ў Мінску. Польскую дэлегацыю на перамовах узначальваў першы намеснік міністра замежных спраў Анджэй Крэмер, беларускую — упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка. 10 красавіка Крэмер загінуў у авіякатастрофе польскага ўрадавага самалёта пад Смаленскам.
У пачатку мая ў пасольстве Польшчы ў Беларусі БелаПАН заявілі: польскі бок разлічвае на тое, што камісія па ўрэгуляванні канфлікту вакол СПБ неўзабаве прадоўжыць работу.
Прадстаўнікі Саюза палякаў спадзяюцца, што міжурадавая камісія вырашыць іх праблемы. Актывісты незарэгістраванай структуры СПБ разлічваюць на легалізацыю, афіцыйнай — на наладжванне дыялогу з Варшавай.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме