13:15 27.11.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Куратар Беларусі ў SIDA: Мы верым у дэмакратыю, але рашэнне - за вашым народам
“Мы верым у справу дэмакратыі, але рашэнні мусяць прымаць беларускія ўлады і народ, у якога павінен быць выбар", - заявіла ў эксклюзіўным інтэрв’ю карэспандэнту TUT.BY краінавы дырэктар Дэпартамента па кааперацыі рэформ у Еўропе Шведскага агенцтва міжнароднага развіцця (SIDA) Марыяна Хультберг.
Шведскае агенцтва міжнароднага развіцця (створана ў 1965 годзе) - дзяржаўная арганізацыя, якая ўваходзіць ў структуру Міністэрства замежных спраў каралеўства і адказвае за распрацоўку міжнародных праектаў падтрымкі і іх фінансавання. Яго дзейнасць на постсавецкай прасторы накіраваная галоўным чынам на садзейнічанне далейшаму працэсу рэформ, якія будуць спрыяць справядліваму і ўстойліваму развіццю.
З’яўляючыся адным з найбуйнейшых еўрапейкіх донараў тэхнічнай дапамогі, Швецыя штогод вылучае 1% ад унутранага валавога прадукту на фінансавую дапамогу іншым краінам.
Як распавяла TUT.BY краінавы дырэктар агенцтва па Беларусі, Расіі і Цэнтральнай Азіі, пасля распаду СССР SIDA плённа працавала з Польшчай і краінамі Балтыі. У 1994 годзе агенцтва пачало супрацу з паўночна-заходнімі рэгіёнамі Расіі, якая цягнулася 15 год і сёлета была завершана. Эканамічны крызіс, а таксама іншыя фактары падштурхнулі да закрыцця праграм у шэрагу краін: Нікарагуа, В’етнаме, Таджыкістане, Кіргізстане. Але Беларусі, з якой SIDA шчыльна працуе з канца 1990-х, гэта не датычыцца. Наадварот, у наступным годзе агульнае фінансаванне беларускіх праектаў павялічыцца з сёлетніх 70 млн да 90 млн крон (каля 9 млн еўра). Для параўнання, агульнае фінансаванне ў 2002-2005 гадах склала 138 млн крон.
Рэалізацыя праектаў прадугледжана "Стратэгіяй развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю да снежня 2010 года" і вядзецца ў пяці прыярытэтных кірунках: сацыяльная ахова і ахова здароўя; дэмакратыя, грамадзянская супольнасць, правы чалавека, СМІ і інфармацыя; культура, адукацыя і даследаванні; развіццё прыватнага сектара і ахова навакольнага асяроддзя.
“Пакуль цягам доўгага часу Еўразвяз байкатаваў беларускі рэжым, мы пільна працавалі з вашай краінай на ніжэйшых узроўнях, - распавядае Марыяна Хультберг, называючы сярод паспяховых праектаў, напрыклад, праект падтрымкі і развіцця зямельнага кадастру і аграрнай рэформы, працу з сацыяльнымі цэнтрамі і цэнтрамі занятасці насельніцтва, экалагічныя праграмы. - Мы рэгулярна сустракаемся з беларускім паслом у Швецыі. У асноўным ён выказвае задаволенасць нашым супрацоўніцтвам. Адзінае абавязковае патрабаванне беларускага боку - каб усе праекты былі зарэгістраваныя”.
Пры гэтым прадстаўнік SIDA прызнае, што часам бывае шматкроць прасцей арганізаваць нейкае мерапрыемства з удзелам беларусаў у Кіеве ці Вільні, чым у Мінску.
“Часам нас дакараюць, што мы аддаём грошы шведскіх падаткаплацельшчыкаў Расіі, Беларусі... - кажа Марыяна Хультберг. - Але, насамрэч, грошы, які вылучаюцца на праграмы, з большага застаюцца ў Швецыі. Да прыкладу, калі арганізуецца азнаямляльная паездка для беларускіх экспертаў у Швецыю, яе забеспячэннем займаюцца шведскія суб’екты, паслугі якіх мы аплачваем. У свой час Расія хацела, каб мы перадалі ім грошы ў якасці дабрачыннасці, але SIDA не дабрачынная арганізацыя”.
Вялікая доля донарскай дапамогі скіравана на падтрымку і развіццё трэцяга сектара, значная частка якога ёсць у апазіцыі да цяперашняй улады. “Як да гэтага ставіцца тая ж беларуская амбасада ў Швецыі? - пытаюся ў спадарыні Марыяны. - А што яны могуць зрабіць? Мы самі выбраем, з кім працаваць”.
Яна адзначае падвышэнне актыўнасці ў грамадзянскай супольнасці Беларусі ў апошнія гады, аднак лічыць, што ўсё залежыць ад саміх беларусаў: “Мы верым у справу дэмакратыі, але рашэнні мусяць прымаць беларускія ўлады і народ, у якога павінен быць выбар. Пакуль беларусы падтрымліваюць цяперашні палітычны лад, гаварыць пра кардынальныя зрухі ў грамадстве не выпадае. На гэта можа спатрэбіцца змена некалькіх пакаленняў”.
Пры гэтым прадстаўнік SIDA згадвае, што яшчэ тры гады назад у Еўропе не маглі ўявіць, што ў стасунках паміж імі і Беларуссю адбудзецца пацяпленне, якое мы назіраем цяпер.
“Добра, што аднавіўся дыялог, бакі пачалі размаўляць. Новыя мажлівасці для дзеянняў і кантактаў адкрывае Усходняе партнёрства (дарэчы, шведская ініцыятыва. - TUT.BY). Аднак пакуль цяжка сказаць, што атрымаецца на выхадзе, - адзначае эксперт. - Як бы тое ні было, відавочна, што памяшканне са скразняком праветрываецца значна лепш, чым замкнёнае. Распад савецкай імперыі добра прадэманстраваў, што дарогі назад няма”.
Паводле яе слоў, у гэтым плане вельмі важна, каб як мага больш беларусаў падарожнічалі, бачылі на ўласныя вочы, як жывуць людзі ў іншых краінах. Тады лепшым будзе і разуменне таго, якой мы жадаем бачыць уласную дзяржаву. Жаданне абодвух бакоў дамовіцца аб спрашчэнні візавага рэжыму, на яе думку, значна паспрыяе гэтым працэсам.
Што да палітычнай будучыні Беларусі, Марыяна Хультберг, якая шмат гадоў жыла і працавала на постсавецкай прасторы, упэўнена, што “Беларусь належыць Еўропе”. “Будучыня вашай краіны - разам з Еўропай. У нас больш агульнага, чым адрознага. Пры гэтым Расія, у сферу геапалітычнага ўплыву якой уваходзіць Беларусь, павінна зразумець, што мець шчаслівага суседа лепш ва ўсіх адносінах”.
Напрыканцы яна назвала шведскую формулу дзяржаўнага поспеху - "каб уласны народ быў задаволены".
Стакгольм - Мінск.
Матэрыял падрыхтаваны ў межах журналісцкага даследавання, арганізаванага Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам ім. Ё. Рау пры падтрымцы офіса АБСЕ ў Мінску.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме