19:15 04.08.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Купляйце горшае і даражэйшае!Ці то дурасць, ці то розум такі?
Калі прыгожыя дзяўчаты з суровымі тварамі, што вяшчаюць навіны на беларускіх тэлеканалах, нібы пра вялікі подзвіг гавораць “Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў...”, робіцца проста смешна.
Бо ўсё было: і “ў апошні раз”, і “апошняе папярэджанне”, і “больш жартаваць не будзем”, і “разбяромся з кожным”, і пагрозы ўзбудзіць крымінальныя справы супраць міністраў і іншых высокіх чыноўнікаў... Але далей пагроз кіраўнік дзяржавы не ідзе. Бо, напэўна, і сам баіцца думаць пра тое, куды разам са сваімі падначаленымі завёў эканоміку краіны.
Вось днямі сурова было аб’яўлена, што Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў разгрузіць склады прадпрыемстваў. І загадаў, каб 1 жніўня кіраўнік Адміністрацыі Уладзімір Макей прадставіў яму даклад аб тым, як выконваецца даручэнне. І справа нават не ў тым, што самога Аляксандра Лукашэнкі 1 жніўня ўвогуле ў Мінску не было, таму ніякага даклада ад Макея ён пачуць не мог. Больш цікава, як вырашылі разгружаць склады нашы высокія чыноўнікі. За такія рашэнні трэба караць. Але, на жаль, няма каму.
...З панядзелка 3 жніўня тысячы людзей, як я думаю, проста згубілі працу. Усе тыя, хто працаваў у буйных фірмах і дробных фірмачках па куплі-продажу самых рознастайных тавараў, засталіся без работы. Бо ўрад прыняў пастанову, згодна з якой усім юрыдычным асобам Беларусі дазволена купляць тавары толькі ў вытворцаў альбо ў іх афіцыйных прадстаўнікоў. Спіс афіцыйных дылераў замежных вытворцаў яшчэ не складзены, і не вядома, калі будзе складзены, таму пастанову трэба разумець адназначна: “Купляйце беларускае!”
Ніхто не супраць беларускага. Але зразумела і тое, што выключна з-за патрыятызму купляць горшы, даражэйшы, але беларускі тавар наўрад ці хто добраахвотна пагодзіцца. Таму ўрад проста вырашыў выкруціць рукі, прымусіць.
...Не так даўно ў магазін за памідорамі заехаў старшыня ўрада Сяргей Сідорскі. Яму трапіліся італьянскія, але разважанні кіраўніка ўрада аказаліся такімі ж, як у кожнай хатняй гаспадыні. “З улікам захоўвання, транспартных расходаў яны канкурэнтаздольныя з беларускай прадукцыяй, — дзівіўся Сідорскі.... — З Афрыкі прывозяць садавіну — і ўсё рэнтабельна, а ў нас тут, у Беларусі, вырасціць — і палова нерэнтабельна... Ва ўсім свеце атрымліваецца, а ў нас не атрымліваецца”. Пасля гэтага Сідорскі прапанаваў прыцягнуць да адказнасці старшыню “Белкаапсаюза” за тое, што ён “гноіць нацыянальны прадукт”.
Зразумела, нягледзячы на крытыку, працуе старшыня “Белкаапсаюза” Уладзімір Куляшоў, як і працаваў. Бо сітуацыя такая не толькі з памідорамі. Нашы МАЗы толькі крыху дзешавейшыя, чым шведскія “Сканіі”, беларускі абутак па цэнах наблізіўся да італьянскага (не кажу ўжо пра кітайскі і іншы), прадукты харчавання — на ўзроўні еўрапейскіх, а то і вышэй... І гэта пры тым, што нашым зарплатам да еўрапейскіх вельмі далёка.
Затое БТ старанна паказвае, што ва ўсіх суседзяў дрэнна, а ў Беларусі — рай. І глядзець і слухаць абрыдла. Нават Аляксандр Лукашэнка быў здзіўлены, напрыклад, цэнамі ў Туркменістане. Пасля свайго нядаўняга візіту ў Ашхабад ён прызнаўся: “Нешта ў нас не спрацоўвае... У іх самыя высокія цэны роўныя нашым самым нізкім. Над гэтым трэба задумацца”.
Задумацца, можа, і задумаліся. Але дадумаліся ў выніку да такога рашэння, якое паўплывае не на зніжэнне коштаў, а, наадварот, на іх рост. Урад фактычна забараніў імпарт, каб народ купляў беларускае. Потым дзесятак набліжаных фірм атрымае дазвол на пастаўкі імпарту і, як водзіцца, выставіць такія цэны, што нам усім прыйдзецца толькі ўздыхаць. Так, ужо фактычна спынены пастаўкі ў краіну імпартнай бытавой тэхнікі. Фірмы-пастаўшчыкі проста вымушаны былі ісці на канікулы, бо пастаўкі пры новых пошлінах робяць просценькую мікрахвалёўку залатой. Зараз у той жа сітуацыі апынуліся амаль усе пастаўшчыкі імпартных тавараў: уся дзейнасць спынена.
Па нармальнай логіцы ў перыяд крызісу трэба даць волю прыватнаму бізнесу. Калі грувасткі дзяржаўны прабуксоўвае, калі дзяржаўныя прадпрыемствы не могуць забяспечыць людзей ні работай, ні заробкамі, выратаванне толькі ў тым, каб даць дыхаць прыватнаму сектару. Няма ў бюджэце грошай на нармальныя пенсіі і заробкі — дай волю прадпрымальнікам, каб па ўсім свеце шукалі дзешавейшае, абы народ быў апрануты, абуты і накормлены. Дык не! Нам прасцей усё забараніць, зачыніць мяжу і цешыцца, што вырасцілі бульбу па кошце імпартных персікаў.
...3 жніўня Мінскі саюз прадпрымальнікаў сабраўся на экстраннае пасяджэнне, каб абмеркаваць сітуацыю, якая склалася пасля прыняцця скандальнай пастановы Саўміна. Для бізнесу яна стала шокам. Вырашылі пісаць ліст пратэсту. Але каму? Тым самым чыноўнікам, у якіх адзіны рэцэпт ад усіх “хвароб” — забараніць! Забараніць імпарт, забараніць законы эканомікі, забараніць пратэставаць, забараніць думаць... Цікава, хто і калі забароніць у нашай краіне непрафесіяналізм і дурасць? Хаця, магчыма, гэта не дурасць — гэта розум такі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме