23:15 09.06.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Кніжкі як смецце?
За апошнія гадоў пяць неаднойчы бачыў выкінутыя з кватэр кніжкі. Самыя розныя… І шматтомныя зборы твораў і аднатомнікі, і ў мяккіх вокладках, і ў цупкіх. Навуковыя, рэлігійныя, мастацкія, прозу, вершы…. Бачыў сарамліва пакінутыя кнігі і на лесвічных пляцоўках, побач з ліфтам, у двары дома, пры дзвярах пад’ездаў. Ад кніжак пазбаўляюцца, як ад абрыдлых, а часам хворых сабачак і котак…
На сметніках кніжкі глядзяцца жахліва.
Можна сказаць, што гэтыя кніжкі старыя, вось іх і выкінулі, каб не трымаць дома старызну. Вядома, можна і так. Можна і далей разважаць у гэтым накірунку… А старому месца дзе? На сметніку, на могілках, у крэматорыі… Але кніга не мэбля, якая састарэла, паламілася, прасядзелася-праляжалася, не вопратка, якая знасілася, не ежа, якая сапсавалася і зрабілася небяспечнай… Нават, не тэлевізар з лядоўняй, якія перасталі працаваць, а гаспадарам надакучыла займацца рамонтам. Калі не пазбавіцца, то яны будуць адно займаць каштоўныя метры прасторы ў чыстых і ўтульных пакоях.
Кніга толькі ўмоўна можа лічыцца старой, па даце свайго нараджэння-выдання.
Днямі, на сметніку ў сваім двары, ўбачыў сапраўдную невялікую хатнюю бібліятэку. Частку кніжак высыпалі, як гнілую бульбу, у шэры кантэйнер, частку кінулі побач, бо не месціліся, астатнія растрыбушаныя валяліся вакол…
Сумна глядзець. Я падыйшоў і пачаў перабіраць томік за томікам. Захапіўся. Пераглядаў, абмацваў. Большая частка кніжак-смецця была ў добрым стане, некаторыя ў ідэальным. Яно і зразумела, бо раней і выдавалі нашмат лепш. Вокладкі цвёрдыя, папера белая, нават не пажаўцела за сорак і пяцьдзесят гадоў. Па ўсім відаць, што захоўваліся ў шафах за шклом, бо карэньчыкі крыху павыгаралі. Усе гэтыя кніжкі, з выкінутых на сметнік, выдадзеныя яшчэ за Саветамі. У пяцідзесятыя, шасцідзесятыя і сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя і тысячагоддзя. Руская і сусветная класіка: Чэхаў, Гіляроўскі, Віктор Гюго, Бальзак, Бажоў, О’Генры, Пушкін, Лермантаў, Дастаеўскі, Чэстэртон, Джэк Лондан, Галсуорсі, Марк Твен…. Трапілася таксама ілюстраваная гісторыя КПСС, запакаваная ў кардонкі, гісторыя Другой Сусветнай вайны, кніжка Мао… Шмат кніжак пра чэкістаў-рэвалюцыянераў і ваенныя подзвігі, некалькі ілюстраваных выданняў па кулінарыі, тры важкія тамы энцыклапедыі пра жывёльны свет….
Карацей, кніжак на сметніку было пад дзве сотні, не менш.
Стары чалавек кнігі на сметнік выкідаць не будзе.
Па-першае — цяжка столькі перанесці, перацягнуць. Па-другое — звычка жыць сярод кніжных паліц. Ад такой звычкі цяжэй адмовіцца, чым ад курэння. Па-трэццяе — кніжкі — грошы, няхай сабе і не вельмі вялікія, а хто выкідае на сметнік грошы. Ёсць і чацьвёртае, і пятае, і шостае тлумачэнне…
Усё сыходзіцца на тым, што кнігі выкідае на сметнік моладзь. Выкідае таму, што не чытае і чытаць не збіраецца. Чытанне лічыць шкоднай звычкай, непатрэбнай, не вельмі прэстыжнай…
Толькі не трэба мне даводзіць, што той, хто выкінуў бібліятэку на сметнік чытае кніжкі ў электронным выглядзе. Магу запэўніць — не чытае ён ні ў якім выглядзе. А калі не чытае сам, то і дзеці яго чытаць не будуць.
Вам трэба прыкладаў пра моладзь «бездухоўную», то калі ласка.
Мой сусед — саракагадовы бізнесовец, жыве з другой жонкай, адпачывае выключна ў Турцыі і Егіпце (усё ўключана). Атрымаў кватэру ў спадчыну, зрабіў еўрарамонт. Тэлевізар з вялікім экранам, кампутар, музыка, джакузі… У кватэры дзве кніжкі. Адна — кішэннага памеру, Данцова, а другую разгледець не паспеў. Ён чытае адно газету — «Камсамольская праўда», і тое ў прыбіральні...
У другога, не менш паспяховага суседа, у трохпакаёвай кватэры ёсць толькі Біблія… Здаецца, старонак дзесяць ён прачытаў.
У трэцяга прадпрымальніка-суседа з кніжак толькі школьныя падручнікі яго дзяцей. Ні газет, ні часопісаў не заўважаў.
Старыя кніжкі, як старыя бацькі…
Але можна і бацькоў на сметнік…
Можна…
Ды праўда, як не паварочвай, як не круці, заўсёды на баку моладзі. З гэтым нічога не паробіш. Будучыня за імі. За маладымі, здаровымі, энэргічнымі, хацеў сказаць разумнымі, дасведчанымі, але не скажу…
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме