14:15 02.10.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Камуністы выбіваюць грошы з “распуснай і прагнай” Б’янкі
Вакол канцэрту беларускі і “каралевы рускага народнага R’n’B” Б’янкі (Яны Ліпніцкай) пад Пецярбургам разгарэўся скандал. Камуністы Пецярбурга і Ленінградскай вобласці запатрабавалі ад спявачкі вярнуць грошы падаткаплацельшчыкаў, за якія яна “выштукоўвалася” на сцэне пасёлка Запарожскае, што знаходзіцца пад паўночнай расейскай сталіцай. Камуністы абяцаюць дайсці з гэтым пытаннем да Пуціна.
Канцэрт прайшоў яшчэ 19 верасня, а днямі камуністы правялі пікет і перадалі губернатару Ленінградскай вобласці свае патрабаванні.
“19 верасня ў бедным Прыазёрскім раёне прайшоў канцэрт адыёзнай суінеўнай поп-дзівы Б’янкі. Грошы на яго былі накіраваныя з муніцыпальнага бюджэту. Працоўныя ў натоўпе гледачоў з болем глядзелі, як Б’янка выштукоўваецца на сродкі падаткаплацельшчыкаў. Гэта тады, калі ў пасёлку Запарожскае ў насельніцтва няма грошай на элементарныя прадукты харчавання. Паводле інфармацыі жыхароў, ідэя запрасіць прагную і распусную Б’янку за дзяржаўныя грошы належыць кіраўніку мясцовай адміністрацыі пасёлка Лестнікавай, а арганізатарам канцэрта стаў капіталіст Сцяпанаў. Просім разабрацца, ці гэта так”, - гаворыцца ў петыцыі да губернатара.
На думку камуністаў, канцэрт Б’янкі стаў балем падчас крызісу. Яны патрабуюць сыходу з пасадаў тых, хто запрашаў спявачку, прымусіць Б’янку вярнуць грошы за канцэрт у бюджэт раёна.
Але, як паведамляе прэс-служба камуністаў Пецярбурга і Ленінградскай вобласці, іх патрабаванні на мясцовым узроўні не пачулі. Пікет здымаўся мясцовым тэлебачаннем, але яго не паказалі ў эфіры. За хадой акцыі ўважліва сачылі міліцыянты і людзі ў цывільным. Потым, паводле дадзеных прэс-службы, рэдакцыйныя тэлефоны разрывалі “вальяжныя барытоны высокіх чыноў і істэрычныя крыкі самой Б’янкі”. У выніку сюжэт пра камуністаў і спявачку ў эфір не выйшаў.
Камуністы абяцаюць дайсці да Уладзіміра Пуціна, каб распавесці яму пра нямэтавы расход бюджэтных сродкаў.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме