01:00 03.07.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
«Каханы горад»
Пра вайну на БТ яшчэ толькі рэп не чытаюць. Абы не недабаршчыць. Ясная рэч, прапаганда. Усё як 30-40 гадоў таму. Толькі цяпер, у адрозьненьне ад тых часоў, здаецца, што нечага самага важнага ўва ўсім гэтым не стае. І таму ўсе натужна фальшывяць, сьвядома трансьлюючы бясконцае “псэўда” – псэўдагісторыю, псэўдамастацтва, псэўдаэмоцыі.
А як інакш перанесьці скроеныя па савецкіх лекалах прапагандысцкія клішэ ў наш час? Уявіце сабе, каб Менск працягваў забудоўвацца ў стылі паваеннага сталінскага ампіру. І ўсе гэтыя малінаўкі-уруччы выглядалі б як праспэкт Незалежнасьці. З тым самым фасадным дэкорам і ўнутраным начыньнем. Не імітацыя “пад старыну”, а менавіта паўтарэньне сутнаснага. Прыгожа было б, але наскрозь фальшыва.
Тое самае ў прапагандзе. Адно, што яна – мастацтва не матэрыяльнае, як архітэктура, а эфэмэрнае. Хлусьня тут выглядае амаль бяскрыўдна і беспакарана. Быццам можна без усякай меры ды шчырасьці пустаславіць вэтэранаў, прыдумляць “лініі Сталіна”, перасьмешваць факты й бясконца круціць бяздарныя кінастужкі – абы пра вайну, абы “за нашых”.
Здавалася б, а што тут такога? Хлусіць нядобра, а ў астатнім – нічога такога. У адрозьненьне ад архітэктуры, што дзейнічае ў ляндшафтах роднай зямлі, прапаганда ўзводзіць свае будынкі ў ляндшафтах нашых зьвілін. І гэта зусім ня значыць, што на зямлі будаваць сёньня ў стылі сталінскага ампіру ня можна, бо гэта хлусьня, а ў мазгах – можна.
Пры ўсёй цяперашняй мадэрнізацыі старых клішэ, пры ўсіх 3D тэхналёгіях і магчымасьцях уражвае абсалютная адсутнасьць крэатыву ў дзейнасьці прапагандыстаў. Яны быццам толькі падбельваюць савецкі прапагандысцкі труп, нават не спрабуючы нічога зьмяніць у яго даўно мёртвай сутнасьці. Між тым, памятныя падзеі гісторыі працягваюць жыць у нашай сьвядомасьці толькі тады, калі яны ўвесь час пераасэнсоўваюцца, калі з кожным новым пакаленьнем адбываецца іх пераацэнка. Ня з мэтай “перакрэсьліць гісторыю”, а з мэтай ажывіць яе ў ляндшафтах сваіх зьвілін.
Чаму за апошнія дзесяцігодзьдзі наш “Партызанфільм” ня зьняў ніводнага фільма пра вайну, які б можна было без нацяжкі назваць творам мастацтва? Таму што нельга сёньня ў Малінаўцы будаваць сталінскі ампір, а “Партызанфільм” толькі гэтым і займаецца, па выніку пастаянна ўпадаючы ў творчую дэпрэсію. Каб выбрацца з дэпрэсіі, існуе толькі адзін шлях, правераны ўсёй гісторыяй і ўсім мастацтвам сьвету – трэба крыху павысіць дазіроўку праўды. Няшмат, зусім крыху дабавіць праўды, і сам не заўважыш, як усё ажыве.
Калі слова “праўда” здаецца вам занадта дывэрсійным у дачыненьні да афіцыйнай ідэалёгіі, можна сказаць мякчэй: дабавіць крыху “іншых” рэаліяў вайны. Для мяне загадка – чаму сёньня гэтага трэба баяцца? Чаму цяперашняя цэнзура баіцца страхам сталінскіх кантралёраў з Лубянкі? Даўно можна было б выпрацаваць нейкую іншую, сучасную беларускую боязь, адпаведную цяперашнім рэаліям. І гэта ўжо зрабілі, напрыклад, гаспадарнікі й бізнэсоўцы. А чаму ідэолягі адстаюць?
Скажам, што такога ўжо крамольнага ў фільме Кудзіненкі “Акупацыя. Містэрыі”, які сам па сабе добры дапаможнік па тым, як трэба дабавіць крыху іншых дэталяў, каб усё ажыло? Цалкам зразумела, чаму такі фільм быў бы пакладзены на паліцу ў часы Машэрава, але чаму ў часы Лукашэнкі – загадка. Фільм пра вайну, які прыносіць славу Беларусі на міжнародных фэстывалях і такім чынам працуе на прэстыж краіны, варта было б паказваць у школе.
Гэта толькі адзін прыклад таго, што прапаганда буксуе й кіно не здымаецца не ад таго, што няма творчага ці літаратурнага патэнцыялу, а ад таго, што ўсё жывое або забаронена з глыбокіх савецкіх часоў, або забараняецца сёньня з пазыцый таго старэнькага цэнзара, які проста ўжо не арыентуецца, у якую эпоху жыве.
Калі думаю пра гэта, пра 3 ліпеня, дзень вызваленьня Менску ад немцаў, кожнага разу прыгадваю раман “Каханы горад” – твор, які мог бы ажывіць гэтае сьвята й напоўніць яго глыбокім зьместам. Твор, што чытаецца, між іншым, як гатовы кінасцэнар. Твор, да якога лёгка дадаюцца эпітэты – першы, адзіны, самы. Да прыкладу, гэта першы ў нашай літаратуры раман пра мінулую вайну. Яго аўтар – Антон Адамовіч – адзіны з усіх, хто пісаў раманы пра вайну, карэнны мянчук, нарадзіўся й гадаваўся ў Менску. Раман самы беларускі, бо быў адрынуты як нямецкай, так і савецкай цэнзурай.
Антон Адамовіч пісаў “Каханы горад” у Менску пад акупацыяй — пра тое, што адбывалася ў яго на вачах. Савецкія лётчыкі ляцяць бамбіць Менск. Уяўляеце пачуцьці ўчорашняга менскага школьніка, які стаў савецкім лётчыкам і якога пасылаюць бамбаваць дамы сваіх аднаклясьнікаў і вуліцы першага каханьня?.. Герой вырашае пасадзіць самалёт і разабрацца са сваімі пачуцьцямі ў акупаваным горадзе...
Пад псэўданімам С.Юстапчык раман (аўтар назваў яго “завязкай раману”) не ўзялі з цэнзурных меркаваньняў у менскай калябаранцкай “Беларускай газэце”, не ўзялі і ў бэрлінскай “Раніцы”. Ён быў апублікаваны толькі ў адмысловай бэрлінскай газэце для “остаў” “Беларускі Работнік”, дзе з цэнзурай было лягчэй. І адбылося гэта ў 1944 годзе.
Памятныя даты звычайна зьвязаныя з нараджэньнем, выратаваньнем або здабыткамі. Пры гэтым важна, каб па-за патасным пустаслоўем людзі разумелі, што менавіта яны сьвяткуюць. Сёлета 3 ліпеня ў нас ёсьць нагода прыгадаць 65-я ўгодкі зьяўленьня на сьвет першага беларускага рамана пра вайну. А ўжо гэты раман дасьць нам рэальнае разуменьне і адчуваньне і той вайны, і акупацыі, і выратаваньня.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме