13:45 10.02.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
КДБ: “Мы маем права праводзіць выведку ў праваахоўных органах”
Начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю КДБ Ігар Шуневіч расказаў Еўрарадыё, чаму барацьба з карупцыяй для КДБ — факультатыў, ці ваююць яны з міліцыяй і па якім праве арыштоўваюць міліцэйскіх чыноўнікаў.
ЕРБ: У той час, калі прадстаўнікі Генпракуратуры, Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэта дзяржкантролю на прэс-канферэнцыі расказвалі пра свой унёсак у барацьбу з карупцыяй, казалі пра колькасць распачатых крымінальных спраў, вернутых дзяржаве грошах, вы моўчкі сядзелі побач. Няўжо Камітэту дзяржаўнай бяспекі ў гэтым сэнсе няма чым пахваліцца? Можа вы нейкую першасную інфармацыю для правядзення далейшага расследавання збіраеце і перадаеце ў МУС, да прыкладу?
Ігар Шуневіч: Трэба зыходзіць з таго, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі — гэта перш за ўсё спецслужба. І праваахоўныя функцыі ў яго як факультатыў. Яго прызначэнне — забеспячэнне нацыянальнай бяспекі. У частцы барацьбы з карупцыяй у нас ёсць увесь інструментарый для таго, каб выяўляць і расследаваць злачынствы карупцыйнай накіраванасці самастойна. Што ж тычыцца абмену інфармацыяй з іншымі праваахоўнымі органамі, то, безумоўна, такі абмен ажыццяўляецца. Але мы маем сілы самі ўсё рабіць. Таму выяўляем, расследуем і накіроўваем у суд самастойна злачынствы карупцыйнай накіраванасці. Тым больш, што ў адпаведнасці з законам і нядаўна прынятымі законамі нам гэта дазволена. Нават, скажам так, у апошні час прынятыя такія законы, якія пашыраюць нашы паўнамоцтвы ў гэтай частцы.
ЕРБ: Ці бывае так, што весці следства па справе нейкага занадта высокага чыноўніка следчыя МУС самастойна асцерагаюцца і звяртаюцца па дапамогу да вас — як да больш “сур’ёзнай” арганізацыі?
Ігар Шуневіч: Рэч у тым, што, на маю думку, недатыкальных з пункту гледжання прыцягнення да адказнасці ў нашай краіне няма. Пытанне можна разглядаць у іншай сферы: магчымасць выяўлення такіх асоб, магчымасць рэалізацыі тых альбо іншых аператыўных матэрыялаў. У гэтай частцы я б сказаў яшчэ, што важным з’яўляецца прафілактыка. Усё ж такі высокія службовыя асобы — гэта тыя асобы, якія адбіраюцца спецыяльна, у адносінах да якіх прымаюцца рашэнні пасля іх папярэдняй праверкі. Таму казаць, што ўсе чыноўнікі — карупцыянеры, нельга. Што ж тычыцца звароту да нас Міністэрства ўнутраных спраў па дапамогу ў прыцягненні тых альбо іншых службовых асоб да крымінальнай адказнасці, такіх фактаў я вам не прывяду.
ЕРБ: У апошні час шмат кажуць пра супрацьстаянне паміж КДБ і МУС. Ці ёсць для такіх размоў нейкія падставы?
Ігар Шуневіч: Я ўпэўнены, што гэтыя размовы з’яўляюцца вынікам выканання нейкай задачы. І распаўсюджванне такіх звестак, распаўсюджвання такіх прыдумак — выкананне нейкай задачы. Я бачу і не баюся гэтых словаў, што гэтая задача накіравана супраць нашай дзяржавы, супраць унутранай сістэмы кіравання ў нашай дзяржаве. Ні больш, ні менш. Банальныя рэчы скажу, але тым не менш: вайна паміж двума праваахоўнымі ведамствамі ў адной дзяржаве — гэта нонсэнс, такога быць не можа. Бо калі хаця б прыкметы такога з’явяцца, гэта будзе ліквідавана адразу ж і жорстка. Гэта немагчыма нават з пункту гледжання нейкіх законаў. Бо, найперш, розныя сферы дзейнасці, няма ніякай канкурэнцыі абсалютна — таму глебы для такога сацыяльнага феномена няма і быць не можа.
ЕРБ: У той жа час мы чуем пра тое, што міліцыянеры арыштавалі супрацоўніка КДБ. Праз пэўны час з’яўляюцца звесткі пра арышт міліцэйскіх чыноў Камітэтам. Але нічога не чуваць пра тое, напрыклад, што камітэтчыкі арыштавалі кагосьці са сваіх калег. І наадварот. Але ж і там, і тут ёсць службы ўнутранага расследавання, уласнай бяспекі. Яны што, не працуюць? Ці смецце з хаты не выносіцца, і таму мы пра такія арышты не ведаем?
Ігар Шуневіч: Вы самі адказваеце на сваё пытанне: каментаваць сваю працу — гэта прэрагатыва ведамстваў, безумоўна. Магу толькі сказаць, што згодна з дзеючым заканадаўствам — не адпаведна з рэчамі агульнымі і зразумелымі накшталт таго, што ў кожнага ёсць орган унутраных расследаванняў, а менавіта згодна з дзеючым заканадаўствам — Камітэт дзяржаўнай бяспекі надзелены правам контрразведкавай дзейнасці па шэрагу кантралюючых і праваахоўных органаў. Таму факты распачынання крымінальных спраў у адносінах да супрацоўнікаў праваахоўных органаў тлумачацца гэтым законным правам.
ЕРБ: Дарэчы, што чуваць пра лёс арыштаванага, цяпер ужо былога палкоўніка міліцыі Шышлы?
Ігар Шуневіч: Былы палкоўнік міліцыі Шышла прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, і зараз праходзіць судовая справа па гэтай крымінальнай справе. Яму выстаўлена абвінавачанне ў здзяйсненні службовых злачынстваў. У тым ліку паводле карупцыйных артыкулаў. Колькасць эпізодаў — гэта такая статыстыка, якую вы можаце атрымаць у нашым прэс-цэнтры. Але эпізодаў некалькі, не па адным факце ён прыцягнуты. Завершыцца суд, афіцыйна будзе пазіцыя суда выказана ў прысудзе, тады можна будзе казаць пра нешта дадаткова.
Фота: Змітра Лукашука
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме