14:15 25.08.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Юкнявічэне: Для Літвы важна, каб Беларусь не стала часткай Расіі
Міністр абароны Літвы Раса Юкнявічэне расказала Еўрарадыё, як мітынгавала супраць Лукашэнкі і чаму сёння супрацоўнічае з рэжымам, ці чакаюць Беларусь у NATO і калі ў Альянсе з’явіцца беларуская рота.
Еўрарадыё: Я ведаю, што, будучы дэпутатам, вы курыравалі ў Парламенце “беларускае пытанне”…
Раса Юкнявічэне: Так, ад 2000 года я кіравала групай у Парламенце па сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Ведаю асабіста ўсіх лідэраў беларускай апазіцыі. Удзельнічала ў мітынгах пратэсту супраць таго, што робіць прэзідэнт Лукашэнка. Дарэчы, назіраючы цяпер за тым, што адбываецца ў Расіі, і чуючы, як нехта кажа, што Беларусь — адзіная дыктатарская краіна, я з гэтым не пагаджаюся. Беларусь — не адзіная. Калі глядзець на Ўсход, то такіх краін можна пабачыць даволі шмат. І нават пра Расію нельга сказаць, што гэта дэмакратычная краіна. Праблем з дэмакратыяй там шмат. І для Літвы важна, каб Беларусь засталася на мапе Еўропы. Каб яна не стала часткай імперыі.
Еўрарадыё: Вы зараз гэта кажыце як міністр абароны?
Раса Юкнявічэне: Мы бачым, што сёння інтэграцыя ў сферы абароны Беларусі і Расіі вельмі моцная. Мы хацелі б, каб Беларусь больш паварочвалася на Захад, да NATO. Як палітык і як міністр абароны лічу, што мы павінны працаваць не толькі з апазіцыяй, але і мець сувязі, якія маглі б змяніць сітуацыю у будучыні.
Еўрарадыё: Напрыклад?
Раса Юкнявічэне: Напрыклад, беларускія вайскоўцы вывучаюць англійскую мову ў нашай Ваеннай акадэміі. Гэта супрацоўніцтва з рэжымам ці не? У пэўным сэнсе — супрацоўніцтва. Але калі больш вашых вайскоўцаў будзе ведаць, што сябра NATO Літва не з’яўляецца ворагам і што не трэба больш праводзіць такіх расійска-беларускіх вучэнняў, як “Захад-2009” — маштабных, накіраваных на Літву і Польшчу, то ад гэтага будзе толькі лепш. Можа, лепш якія беларуска-літўскія праграмы наладжваць? У нас мала супрацоўніцтва ў ваеннай галіне, але трэба яго распачынаць. Выдам ваенную тайну: днямі я атрымала ліст, што ваш міністр абароны рыхтуецца прыехаць да нас у кастрычніку. Можа, гэты візіт стане штуршком да нашага супрацоўніцтва.
Еўрарадыё: Каму належыць ініцыятыва гэтай сустрэчы?
Раса Юкнявічэне: Мне. Я запрасіла яшчэ былога міністра. Была падрыхтаваная праграма візіту, але яго знялі. Гэта будзе першы візіт ваеннага міністра, і мы маем намер падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне абароны.
Еўрарадыё: Вы лічыце, што кантакт на ўзроўні сілавых міністраў нашых краін магчымы?
Раса Юкнявічэне: Я не такі наіўны чалавек, каб думаць, што адна сустрэча можа змяніць усю сітуацыю. Але паспрабаваць трэба. Польшча выйшла з ініцыятывай, мы ў ёй удзельнічаем, каб стварыць польска-украінска-літоўскую брыгаду. Гэта было да выбараў ва Ўкраіне. На жаль, цяпер не ведаю, як сітуацыя там павернецца. Але на наступным тыдні я еду з візітам ва Ўкраіну, буду сустракацца з міністрам абароны. Мне кажуць, што новы прэзідэнт і ўрад не мяняе курс наконт супрацоўніцтва з NATO. І ў нас ёсць ідэя, каб уключыць у гэтую брыгаду беларускую роту. Такое супрацоўніцтва выгадна і ў палітычным, і ў ваенным сэнсе. Вядома, такое супрацоўніцтва было немагчыма, пакуль у вашым Мінабароны працаваў генерал Усхопчык — гэта чалавек, які адказны за тое, што адбылася ў Літве ў студзені 1991 года. Паводле яго загада, салдаты Віленскага гарнізона пайшлі забіваць мірных людзей. Цяпер ён у Мінабароны не працуе і Генпракуратура Беларусі дапытала яго. Зразумела, гэта такія фармальнасці, але гэта — крок наперад. І зараз мы можам хаця б размаўляць адзін з адным.
Еўрарадыё: Як бы вы паставіліся да ваенных беларуска-літоўскіх вучэнняў?
Раса Юкнявічэне: Гледзячы якіх. Калі антытэрарыстычных, то чаму і не? А ўвогуле, я ўдзячная Расіі за вучэнні “Захад-2009”. Пасля іх у NATO змянілася стаўленне да вучэнняў у нашым рэгіёне. І ў наступным годзе ў нас будуць добрыя вучэнні па нашай абароне. Раней нам казалі, што не трэба Расію такімі вучэннямі раздражняць, а зараз — калі ласка, праводзьце!
Еўрарадыё: На ваш погляд, ці магчыма Беларусі ўвайсці ў NATO?
Раса Юкнявічэне: Я б гэтага хацела. NATO створана для таго, каб мір і бяспека захоўвалі ў краінах-сябрах NATO. Але яшчэ савецкая прапаганда зрабіла шмат, каб людзі з недаверам ставіліся да NATO. І ў Беларусі, і ва Ўкраіне моцныя стэрэатыпы, што NATO — варожая ваенная арганізацыя, якая пагражае вашым краінам. Але ўсё зусім наадварот! Дзе ёсць NATO, там няма вайны. Вы можаце запытацца пра Бялград, пра Сербію. Але там быў генацыд, там людзі гінулі. Пакуль NATO не прыйшло. Калі Беларусь стане сябрам NATO, сябрам Еўрасаюза, калі я ў сваім жыцці дачакаюся гэтага, то я была б рада не менш, чым калі Літва стала незалежнай і стала сябрам NATO! Тут ёсць наш прагматычны інтарэс: мы не хочам межаў. Але рашэнне Беларусі — не ўступаць ні ў Еўрасаюз, ні ў NATO. І гэтыя межы паміж нашымі краінамі будуць, пакуль Беларусь не прыме іншага рашэння.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
28 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |