00:00 10.06.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Ё.Хібнэр: “Польшча салідарная з вамі, Эўропа салідарная з вамі”
На фота:Палітуцякач, сябра АГП Зьміцер Сурба і эўрадэпутатка Ёланта Хібнэр
На выбарах у Эўрапейскі парлямэнт, што адбыліся заўчора, перамагла Эўрапейская народная партыя. У Польшчы першае мейсца заняла “Грамадзянская плятформа” з найбольшаю колькасьцю галасоў (44,39%).
У галоўным выбарчым штабе пераможцаў усе з нецярпеньнем чакалі вынікаў. Сярод прысутных былі і прадстаўнікі беларускай апазіцыі. У прыватнасьці, быў запрошаны палітуцякач Зьміцер Сурба, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Беларусаў сустрэў лідэр “Маладых дэмакратаў” (маладзёвая структура польскай “Грамадзянскай плятформы”) Дарыюш Дальчэўскі: “Мне вельмі прыемна, што ў такі істотны момант вы прыехалі нас падтрымаць. Цяперашнія выбары ў Эўрапейскі парлямэнт вы перажываеце разам з намі. Веру, што хутка мы будзем перажываць гэткія выбары разам з вамі. Жыве Беларусь!”
Старшыня “Маладых дэмакратаў” цікавіцца сітуацыяй у Беларусі ды добра ў ёй дасьведчаны. Так, ён вельмі занепакоены лёсам Мікалая Аўтуховіча і іншых беларускіх палітвязьняў.
Пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў, беларусаў запрасілі ў штаб
Кшыштафа Тышкевіча, дэпутата польскага парлямэнта. Менавіта туды
прыехала павітаць беларускую апазіцыю Ёланта Хібнэр, новавыбраная дэпутатка Эўрапейскага парлямэнту ад “Грамадзянскай плятформы”.
“Я вельмі задаволеная тым, што сёньня разам з намі ёсьць прадстаўнікі Беларусі. Калісьці і мы не верылі, што можам адысьці ад камунізму і прыйсьці ў эўрапейскую сям’ю. Але сёньня вы бачыце, што гэта зрэалізавалася. Самае галоўнае, каб вы верылі і змагаліся за гэта. Польшча салідарная з вамі, Эўропа салідарная з вамі”, — адзначыла эўрадэпутатка.
У Эўрапарлямэнце інтарэсы Польшчы будуць прадстаўляць 25 дэпутатаў партыі “Грамадзянская плятформа”; 15 мейсцаў атрымала партыя “Права і справядлівасьць”; ад іншых партыяў у суме будуць 10 дэпутатаў.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме