16:16 21.05.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Яраслаў Раманчук: Пільнае вока міжнароднай супольнасці можа стаць падтрымкай для беларускіх дэмакратычных сіл
Завяршылася трохдзённая працоўная паездка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі і яго намесніка Яраслава Раманчука на сесію Еўрапейскага парламента ў Страсбург. Падчас знаходжання ў Страсбургу яны сустрэліся з прадстаўнікамі розных палітычных фракцый, з прэзідэнтам Еўрапарламента, з усімі тымі, хто ўскосна ці непасрэдна мае дачыненне да Беларусі. Пра вынікі падарожжа размова з намеснікам старшыні АГП Яраславам Раманчуком.
— Наколькі прадуктыўнымі былі сустрэчы ў Страсбургу?
— Дзякуючы гэтым сустрэчам, мы змаглі данесці да еўрапейцаў інфармацыю пра эканамічную і палітычную сітуацыю ў Беларусі, пра тое, як ідзе падрыхтоўка да прэзідэнцкай кампаніі. Мы акрэслілі свой удзел у гэтай кампаніі і супрацу з іншымі яе ўдзельнікамі. Таксама мы давялі да еўрапейскіх парламентарыяў шэраг рэкамендацый адносна таго, якія крокі мы хацелі б бачыць з боку Еўрапейскага Звязу.
Вельмі важна і тое, што мы былі ў Еўропе якраз тады, калі адбываліся брутальныя дзеянні беларускіх уладаў. Мы прынялі непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы рэзалюцый і заяў, якія прагучалі ад імя Еўрапейскага парламента.
— Вы ехалі ў Страсбург з шэрагам ініцыятыў. Ці адгукнуліся на іх еўрапейскія парламентарыі?
— Большасць нашых прапаноў была падтрыманая. Напрыклад, такія, як неабходнасць доўгатэрміновага назірання за выбарамі, неабходнасць распрацоўкі “дарожнай карты”.
Таксама было прынятае рашэнне аб арганізацыі ў чэрвені канферэнцыі, якая будзе прысвечана першым вынікам рэалізацыі праграмы “Усходняе партнёрства” , з выпрацоўкай далейшых шляхоў паглыблення і актывізацыі гэтай праграмы.
Нашы высілкі былі скіраваныя і на тое, каб Еўрапейскі Звяз, Еўрапарламент значна больш пільна сачылі за сітуацыяй у Беларусі. Як паказалі падзеі апошніх дзён, улады праводзяць сілавы сцэнар. І пільнае вока міжнароднай супольнасці можа стаць страхоўкай і падтрымкай для беларускіх дэмакратычных сіл у сітуацыі, калі мы мусім рабіць кампанію сам-насам з брутальным рэжымам.
— Што можа Еўропа супрацьпаставіць такога кшталту падзеям, сведкамі якіх мы былі на мінулым тыдні?
— Сёння як ніколі Еўропа зацікаўлена ў тым, каб у Беларусь прыйшлі замежныя інвестыцыі, крэдыты, каб адкрыўся еўрапейскі рынак. Таму неабходна рэалізаваць адназначную канцэпцыю: тэхнічная падтрымка, адкрыццё рынкаў, крэдыты прыйдуць толькі тады, калі ў краіне будуць праведзены вольныя дэмакратычныя выбары.
Мы адназначна сказалі, што мы выступаем за канструктыўны дыялог з уладамі. Але гэты дыялог павінен быць паміж дэмакратычнымі сіламі і беларускай уладай, а не паміж еўрапейскімі структурамі і беларускімі ўладамі, мінаючы беларускую дэмакратычную апазіцыю.
Цяпер мы працуем над тым, каб прадставіць еўрапейцам аргументацыю, каб яны перайшлі да пазіцыі: дапамога ўзамен на палітычную і эканамічную лібералізацыю.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме