14:45 11.01.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Януковіч, Цімашэнка і ўсе-ўсе-ўсе
Роўна праз тыдзень, 17 студзеня, ва Украіне адбудуцца выбары прэзідэнта. Як звычайна, першым турам кампанія не абмяжуецца.
Ніводны з кандыдатаў не мае падтрымкі абсалютнай большасці насельніцтва.
У лідэрах «вялікая двойка» — Віктар Януковіч і Юлія Цімашэнка. Цяперашні прэзідэнт Віктар Юшчанка сярод іх стаў трэцім лішнім. Ягоны рэйтынг, які вагаецца ў раёне 5%, не дазволіць сур’ёзна ўдзельнічаць у барацьбе. А змаганне мае быць напружаным.
Знаёмыя твары
Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала 18 кандыдатаў. Тут сітуацыя стабільная — на папярэдніх выбарах было 20 прэтэндэнтаў. Пяцёра кандыдатаў удзельнічалі і ў выбарах-2004. Гэта Юшчанка, Януковіч, Аляксандр Мароз, Пятро Сіманенка і Міхаіл Бродскі. Чатыры першыя з іх тады агулам набралі 90% галасоў выбарцаў.
Кожны кандыдат мусіў унесці заклад памерам 300 тысяч даляраў, гэтым адсейваліся самавылучэнцы-клоўны і «гарадскія звар’яцелыя». Хоць жарцікаў хапае — напрыклад, у спісе прадстаўлены Васіль Процівсіх. Па гучанні ягонае прозвішча супадае з украінскай фразай «супраць усіх».
Раней ён быў Гуменюком, але вырашыў вылучыцца сярод канкурэнтаў эпатажам.
«Аперацыя Прафесар»-2
Лідэр Партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч утрымлівае ўпэўненае першае месца па выніках усіх апытанняў. Але радасці ягоным прыхільнікам гэта не прыносіць — эксперты сыходзяцца да думкі, што новых выбарцаў у Януковіча ўжо не з’явіцца.
А вось аб’яднацца супраць палітыка са скандальным мінулым (дзве судзімасці і падроблены дыплом) і спрэчнай будучыняй (нявызначаныя статус расійскай мовы і стаўленне да збліжэння з Еўропай) могуць ледзь не ўсе палітычныя сілы Украіны. Прафесар, які пяць гадоў таму ў анкеце назваўся «праФФесар», выклікае ў маладога пакалення толькі смех. Тым не менш сусветныя букмекерскія канторы вераць у ягоную перамогу. Прынамсі, ў першым туры сваю перамогу ён, відаць, здабудзе.
Былая аранжаваная грамада
Ідэалы дэмакратычнай Украіны хоча адзінаасобна ўвасабляць Юлія Цімашэнка. Усю перадвыбарную кампанію яна прасядзела на другім месцы, і цяпер гатовая да скачка на вяршыню. Надзіва, падлашчванні да Крамля не адштурхнулі ад яе Заходнюю Украіну. Цімашэнка ўмее ўдала выкарыстоўваць папулізм. Жанчыны ёй вераць, праўда, мужчыны — не заўсёды.
Аб’яднанне іншых кандыдатаў супраць Юліі не дасць плёну, бо інтарэсы іншых палітыкаў настолькі розныя, што капраміс немагчымы. А вось стаць «адзінай дэмакратычнай» кандыдаткай Цімашэнка можа.
Шматмільённая армія падтрымкі Віктара Юшчанкі разбеглася па канкурэнтах. Ягоны рэйтынг часам не перавышаў 2%. Тым не менш мабілізацыя перад выбарамі і адміністратыўны рэсурс могуць дазволіць усё яшчэ дзейснаму прэзідэнту пазмагацца з «моладдзю» за трэцяе месца.
Украінцы, стомленыя ад Юшчанкі, Цімашэнкі і Януковіча, былі гатовыя паверыць ў новых людзей у палітыцы. Хто з іх заявіў аб сваіх прэтэнзіях на вышэйшую дзяржаўную пасаду?
«Краіну выратуе Арсеній»
Малады палітык, 35-гадовы Арсеній Яцанюк імкліва ўварваўся ў вялікую палітыку. Ён паспеў пабыць міністрам эканомікі, міністрам замежных спраў і спікерам Вярхоўнай Рады і лічыўся самым перспектыўным палітыкам Украіны. Яцанюк выступіў на электаральным полі Юшчанкі і пачаў імкліва набіраць рэйтынг, аднімаючы працэнты яшчэ і ў Цімашэнкі. Год таму яго рэйтынг перавысіў 15%. Толькі праз некалькі месяцаў, калі рэйтынг пачаў падаць, выявілася, што кандыдат пачаў агітацыю зарана.
Імідж Яцанюка-супермэна, які выратуе краіну, быў успрыняты насельніцтвам з усмешкай.
Да перадвыбарнай кампаніі заставаўся яшчэ год, і гэтага часу канкурэнтам хапіла каб «патапіць» Арсенія. Рабіў памылкі і ён сам. Каб залагодзіць усходніх выбарцаў, ён выступіў у падтрымку расійскай мовы. Новых выбарцаў палітык гэтым не знайшоў, а частка старых, патрыятычных, ад яго адвярнулася.
На баку Яцанюка застаецца мужчынская частка электарата, верная дэмакратычным каштоўнасцям і курсу на далейшае збліжэнне з Еўропай. Жанчыны галасуюць за Цімашэнку, а мужчыны на баку Арсенія.
Мільярдэр у свабодным плаванні
Яшчэ адзін альтэрнатыўны кандыдат, Сяргей Цігіпка, таксама быў міністрам эканомікі, яшчэ за часамі Леаніда Кучмы. Пяць гадоў таму Цігіпка ўзначальваў выбарчы штаб Януковіча, але пасля паразы шэфа адправіўся ў свабоднае плаванне.
Мільярдэр Цігіпка — ягоны бізнэс ацэньваецца ў $1,3 мільярда — меў магчымасці, каб правесці гучную агітацыйную кампанію. Калі Яцанюк падбірае галасы тых, хто расчараваўся ў Юшчанку, то Цігіпка працуе з электаратам Януковіча. Паводле вынікаў некаторых сацыялагічных апытанняў, ён займае другое месца ў спісе перавагаў гарадскога насельніцтва Украіны.
Хутчэй за ўсё, Цігіпка будзе змагацца з Яцанюком і Юшчанкам за трэцяе месца. У другі тур яны не патрапяць, але шоргату наробяць. Іх электарат спатрэбіцца і Януковічу, і Цімашэнцы ў рашаючай бітве.
Старая гвардыя
Уладзімір Літвін, Аляксандр Мароз і Пётр Сіманенка — пастаянныя ўдзельнікі палітычных кампаній. У ёсць іх ўстойлівы электарат, які складае трохі менш за 5%, і магчымасць гандлявацца гэтымі працэнтамі з лідэрамі прэзідэнцкай гонкі. На сур’ёзныя пасады яны не прэтэндуюць, але сваё месца на палітычным полі маюць.
Асаблівасць украінскага палітычнага працэсу ў тым, што выбары — гэта больш за проста выбары.
Пераможца можа зноў вызначацца не Цэнтральнай выбарчай камісіяй, а Майданам.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме