21:00 03.06.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Які горад у Беларусі самы беларускі?
Напярэдадні 1147-годдзя Полацка, якое адзначылі 30 траўня, тамтэйшы гарсавет дэпутатаў прыняў рашэнне аб перайменаванні праспекту Карла Маркса ў праспект імя Францыска Скарыны. У апошні час у розных кропках Беларусі сталі з’яўляцца назвы і манументы, якія ўслаўляюць герояў нашай нацыянальнай (а не імперскай ці савецкай) гісторыі. TUT.BY задаўся пытаннем, дзе вонкавая беларусізацыя пасоўваецца лепш за ўсё, і які горад самы беларускі?
Полацк — №1?
Як паведамляла БЕЛТА, рашэнне аб новай назве полацкага праспекта было прынята пасля шырокага грамадскага абмеркавання, на падставе апытанняў грамадскага меркавання. “Грамадзяне адзінадушна выказаліся за ўвекавечванне памяці свайго земляка”, — гаварылася ў паведамленні. Калі ўлічваць перайменаванні вуліц, рэканстркцыю гістрычных будынкаў, адкрыццё музеяў і ўзвядзенне помнікаў, Полацк, напэўна, зойме першае месца ў імправізаваным рэйтынгу самых збеларусізаваных гарадоў.
Пісьменнік, гісторык і адзін з найлепшых знаўцаў Полацку Ўладзімір Арлоў лічыць, што гэта “прадыктавана самой логікай гісторыі, бо менавіта з Полацку пачынаўся беларускі радавод, культура і дзяржаўнасць”.
На думку аўтара кнігі-бэстсэллера “Таямніцы полацкай гісторыі”, разгадка ў тым, што Полацку пашанцавала на мэра, які, апроч усяго іншага, піша вершы.
“Тандэм Уладзіміра Тачылы, які ўзначальвае гарвыканкам апошнія 10 год, і нязменнага дырэктара Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Міколы Ільніцкага, які, на жаль, ужо ў лепшым свеце, зрабіў для горада неацэнна многа. Кажуць, што многа гадоў назад яны далі адзін аднаму слова, што кожны год будуць адчыняць у горадзе новы музей ці помнік. Гэта падобна на фантастыку, але так яно і было! — дзеліцца Арлоў, які нарадзіўся і да паступлення ў БДУ пражыў у Полацку. — Калі б не яны, наўрад ці, у горадзе з’явіліся б помнікі Ўсяславу Чарадзею, Ефрасінні Полацкай, Францыску Скарыну, Сімяону Полацкаму. Гэтаксама, як і студэнты Полацкага ўніверсітэта і Полацкая мастацкая галерэя, наўрад ці, пераехалі б у старажытныя муры колішняй Полацкай езуіцкай акадэміі”.
Літаратар кажа, што адчуваў хвіліны шчасця, калі летась вуліцу Леніна ў Полацку перайменавалі ў Ніжне-Пакроўскую, а сёлета праспекту Карла Маркса надалі імя Францыска Скарыны: “Спадзяюся, што і я маю да гэтага нейкае дачыненне, бо ў нас са спадаром Тачылам было некалькі размоваў на прадмет змены назваў вуліц, і я прапаноўваў цэлы спіс тых, якія носяць імёны дзеячоў, якія не маюць да гісторыі горада ніякага дачынення. З майго гледзішча, калі перайменавалі Маркса і Леніна, варта “пазбавіцца” і ад Энгельса, а замест гэтага “прыдбаць”, напрыклад, вуліцы Рагнеды і Грунвальдскую. Пагатоў, у наступным годзе будзе адзначацца 600-годдзе Грунвальдскай бітвы, у якой менавіта Полацкая харугва была найбуйнейшай”.
Пры гэтым Арлоў выказвае спадзеў, што спраўдзіцца прагноз Паўла Глобы, і ў XXI стагоддзі сталіца Беларусі пераедзе ў Полацк, “які, па сутнасці, з’яўляецца культурным і гістарычным цэнтрам краіны”.
Думку Ўладзіміра Арлова падзяляе і старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны”Алег Трусаў, які лічыць, што ў пытанні беларусізацыі нашых гарадоў многае, калі не ўсё, залежыць ад кіраўніка: “Вось, у тым жа Полацку мэр Уладзімір Тачыла — чалавек культурны, абазнаны ў беларускай гісторыі. Таму так многа ў горадзе робіцца. У шмат якіх іншых гарадах, якімі кіруюць чыноўнікі супрацьлеглых поглядаў, беларушчына наадварот у загоне”.
Мінск беларусізуецца з ускраін
Менавіта Таварыства беларускай мовы збірала подпісы і было непасрэдным ініцыятарам з’яўлення многіх вулічных назваў і перайменаванняў. За апошнія гады ў Мінску з’явілася процьма вуліц, якія маюць гістарычныя назвы ці названыя ў гонар выбітных дзеячоў айчыннай гісторыі. Гэта скверы Камароўскі і Лютэранскі, Маламядзвежынскі і Кальварыйскі, Траецкая гара, паркавая зона “Старосцінская слабада", вуліцы Люцынская і Каралінская, Рыгора Шырмы, Сыракомлі, Гашкевіча, Лучыны, Наполеона Орды, Янкі Брыля і Льва Сапегі, Яна Чачота і Ежы Гедройца, Жыновіча, Галубка, Ігнатоўскага, Алеся Гаруна…
Праўда, варта адзначыць, што ўсе яны паўсталі ці на адделенні ад цэнтру, ці ўвогуле ў новых ці праектуемых раёнах на ўскрайку Мінска. У той жа час, у цэнтры па-ранейшаму ўладараць леніны, марксы і энгельсы. Ну, а пра скандальнае перайменаванне ўказам прэзідэнта праспектаў Скарыны і Машэрава (ў Незалежнасці і Пераможцаў) ў траўні 2005-га памятаюць усе.
Алег Трусаў сцвярджае, што галоўнай праблемай у справе беларусізацыі ёсць нежаданне мясцовых уладаў пазбаўляцца ад старых савецкіх назваў. “Тут яны ўспамінаюць пра вялікія выдаткі, неабходнасць змены вялікай колькасці юрыдычных адрасоў. Усё гэта так, але ж захацелі пераназваць праспекты Скарыны і Машэрава, і грошы адшукаліся, — тлумачыць старшыня ТБМ. — Таму значна прасцей дабіцца назвы новай вуліцы. Хаця і тут ёсць перашкоды. Найперш, ідэалагічнага плану. Гэтак, Мінгарсавет дэпутатаў спачатку ўхваліў, а потым пасля пастановы Мінюсту перагледзеў сваё рашэнне аб пераназванні сталічнай вуліцы імя рэвалюцыянера Берсана ў гонар мецэната беларускага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя Эдварда Вайніловіча. І калі вуліцы канцлера ВКЛ Сапегі і Янкі Брыля, якія таксама былі пад пытаннем, мы адбілі, дык Касцёл і вернікі, якія прапаноўвалі Вайніловіча, не пажадалі змагацца далей”.
Чарадзея - можна, БНР - не
Як заўважыла газета “Тут і цяпер”, Беларусь поўным ходам адраджаецца і ў правінцыі. Так, у Нясвіжы ўзведзены помнік Сымону Буднаму, у Наваградку — Міцкевічу, у Бабруйску — Дуніну-Марцінкевічу, у Слуцку — Сафіі Слуцкай, у Заслаўі — Рагнедзе і Ізяславу, у вёсцы Мурагі на Віцебшчыне — Яну Баршчэўскаму, у Іванаве на Брэстчыне — Напалеону Ордзе, у Маладзечне — Міхалу Клеафасу Агінскаму, у Рэчыцы — Мітрафану Доўнар-Запольскаму, у Віцебску — Марку Шагалу, у Смілавічах — Хаіму Суціну, у Свіслачы — Рамуальду Траўгуту...
Уладзімір Арлоў адзначае, што цяперашняя ўлада ўжо гатовая ўвекапомніць Усяслава Чарадзея і Ефрасінню Полацкую, то бок, асоб аддаленай гісторыі, але не змагароў з акупацыямі і прыгнётам (Касцюшка-Каліноўскі), ці, напрыклад, дзеячаў БНР, якія вярнулі беларусам статус “народа дзяржаўнага”.
“Эвалюцыя ў галовах дзяржаўных мужоў адбываецца. Праўда, пакуль не ўсе прадстаўнікі “незалежнага” чынавенства саспелі да гэтага, і дзеяннямі многіх па-ранейшаму кіруе посткаланіяльная свядомасць”, — падкрэсліў гісторык.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме