22:46 13.04.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Як гладзіць мядзьведзя?
"Калі сёньня лічаць, што мы адвярнуліся ад Расіі і пайшлі ўрачыстым маршам у іншым напрамку, то гэта поўнае глупства: ніхто такіх мэтаў не ставіць", — заявіў учора Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы пра ўдзел Беларусі ва "Ўсходнім партнэрстве", кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што “Беларусь ніколі не вядзе перамовы супраць Расіі”. "Што такое "Ўсходняе партнэрства"? Гэта не нейкі пакт, накіраваны супраць некага. Каго гэта можа насьцярожваць?", — сказаў Лукашэнка.
А сапраўды – каго гэтыя падзеі могуць насьцярожыць?
Зразумела, Расею, і нездарма. Гледзячы па ўсім, падчас візыту ў Расею Лукашэнку было прад’яўлена шмат такіх перасьцярогаў. З адпаведнай заявай выступіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі: паводле яго, удзел постсавецкіх краін, у тым ліку і Беларусі, ў праграме "Ўсходняе партнэрства" можа падацца “ненатуральным выбарам”; Масква бачыць пагрозу у гэтым “штучным супрацьпастаўленьні Расеі і Эўразьвязу”.
Фармальна "Ўсходняе партнэрства" насамрэч не скіраванае супраць Расеі. Але варта прыгадаць заявы эўрапейскіх чыноўнікаў, што ўмовай удзелу Беларусі ў партнэрстве ёсьць непрызнаньне незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Расея лічыць гэтае прызнаньне з боку Беларусі сваім нацыянальным інтарэсам.
Лукашэнка ўчора сказаў, што калі расейцам штосьці незразумела з "Партнэрствам", хай паглядзяць яго ўстаноўчыя дакумэнты. Калі гэта сапраўды зрабіць, то можна пабачыць, што гэтыя дакумэнты надаюць шмат увагі супрацоўніцтву ў сфэры энэргетыкі, якое базуецца на прынцыпах эўрапейскай Энэргетычнай хартыі. Гэта апроч усяго іншага – аслабленьне залежнасьці ад манапольных пастаўшчыкоў энэргіі. А Расея — адзін з галоўных такіх пастаўшчыкоў. Тут Беларусь, як атрымальнік, пакупнік энэргіі аб’ектыўна апынаецца ў адной лодцы зь іншымі імпартэрамі энэргіі, а не з Расеяй.
Ну і нарэшце да апошняга часу расейскі ўплыў на Беларусь (вялікі ці малы – гэта іншае пытаньне) быў хіба не манапольным. Адносіны Беларусі з Захадам нагадвалі сувэрэнную “халодную вайну”. А калі ўявіць, што зьяўляюцца нейкія іншыя замежныя ўплывы, магчымасьць палітычнага манэўру, Расеі давядзецца разьвітацца з бонусамі ад свайго манапольнага ўплыву.
Так што Лукашэнка крыху лукавіць, але можна зразумець чаму. Далучэньне Беларусі да "Ўсходняга партнэрства" адкрывае перад ёй і яе кіраўніком дадатковыя магчымасьці. Але не хацелася б, каб расейскі мядзьведзь пачаў з гэтай нагоды занадта энэргічна махаць лапамі. Вось Лукашэнка і спрабуе яго заспакоіць.
Набыцьцё новага апірышча ў зьнешняй палітыцы маскіруецца запэўніваньнямі ў вернасьці, адданасьці і любові да першага, расейскага апірышча. Лукашэнка ж сам сказаў, што зусім не зьбіраецца адмаўляцца ад расейскага кірунку, гэта значыць ад расейскай падтрымкі. А заявы, кшталту той заявы МЗС, якую я цытаваў, сьведчаць пра тое, што раздражненьне ў Маскве даволі вялікае. Для Лукашэнкі галоўнае – зьбіць, залагодзіць самую першую, найбольш нэрвовую рэакцыю. Потым Масква прывыкне, што Беларусь – у партнэрстве, зь якога, можа, нічога і не атрымаецца. А зараз мядзьведзя трэба гладзіць і казаць яму, што ніхто не зьбіраецца яму здраджваць. Што Лукашэнка, уласна, і робіць.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме