20:15 10.01.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Яўгенія Астрэйка З кнігі "Будзіцелі"
ДАВЕДКА:Яўгенія Астрэйка нарадзілася 15 сакавіка 1952 года ў Дуброўне Віцебскай вобласці. Скончыла школу, паступіла ў знакамітую «Плешку» (Расійскую эканамічную акадэмію імя Г.В.Пляханава), выйшла замуж. Муж працаваў будаўніком. Жылі ў Манголіі, Лівіі. Разам з ім паехала ў Астрахань і вярнулася ў Беларусь, дзе выйшла на пенсію. У гэты момант дапамагае рабоце Фонду дапамогі рэпрэсіраваным «Салідарнасць».
— Зразумела, арышт сына вы ўспрынялі вельмі балюча, таму я прыношу прабачэнне за тое, што прашу прыгадаць усё яшчэ раз.
— Гэта было 21 лютага. Цяжкі дзень. Пра арышт я даведалася ў 16.20. Цэлы дзень тэлефанавала сыну, які на той момант жыў асобна. Мы збіраліся разам паехаць на могілкі, аднак мае званкі яму і жонцы Паліне заставаліся без адказаў. «Мабільныя» маўчалі. Тры дні таму яны распісаліся. Традыцыйнага вяселля не было, таму што за два месяцы да гэтага памерла бабуля. Спачатку аб арышце я нават і не думала, а потым Паліна патэлефанавала сама.
У мяне два сыны. Мікалай старэйшы. Яму 27 гадоў. Аляксандр маладзейшы на год и восем месяцаў. Унучка пакуль толькі адна — Лізачка. Вельмі добрая дзяўчынка. Яна мяне ўвесь час знаходжання Колі ў турме толькі і трымала. Я ведала, што ў Паліны будзе дзіця, таму была проста павінна вытрымаць усё. Наконт вінаватасці альбо невінаватасці сына ў мяне ніколі не было пытанняў. Я ні хвіліны не сумнявалася ў тым, што «закрылі» яго дарэмна.
Паліна паказала пратакол вобыску, дзе быў пазначаны кантактны тэлефон. Там папрасілі не турбаваць. Маўляў, аб усім скажуць самі. Натуральна, ночы не было. Замест сну адны здагадкі і версіі. Вобыск праводзіў маёр КДБ Наркевіч. Ва ўсякім выпадку, так ён назваўся. Забралі абсалютна ўсё. Кнігі на беларускай мове, камп’ютарныя дыскі, нават фатаграфіі (не ведаю, для чаго яны спатрэбіліся) з альбомаў.
Усе мае думкі былі толькі аб тым, як дапамагчы дзіцяці.
Раніцай у 12 гадзін Паліне патэлефанавалі і сказалі, што Коля знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ. А заўтра можна прыйсці ў прыёмную сіза, дзе аб усім і скажуць.
Дзевяць месяцаў знаходжання сына за кратамі следчага ізалятара мы фактычна не жылі. Пісала лісты літаральна кожны дзень. Дарэчы, ён іх потым прывёз, і я ўсё захоўваю. Гэта была абавязковая частка майго штодзённага распарадку. Тое, што ўбачыла ў следчых ізалятарах, ашаламіла. Я пражыла ўжо шмат гадоў, але такое нават уявіць не магла. Бясконцы паток людзей. Цэнтр людскіх слёз. Усё зроблена для таго, каб зняважыць нават сваякоў тых, хто арыштаваны. Пра шматлікія краты я ўжо не кажу. Чалавека спецыяльна прымушаюць прасіць. Нават, калі прыносіш законную перадачу. Трасуць, узважваюць. Мы потым, канешне, налаўчыліся ўпакоўваць, расфасоўваць, складаць апісанні, але спачатку гэта было проста жудасна. Ніякіх судоў яшчэ няма, а ўсіх ужо зневажаюць.
У ізалятарах я сустракала тых, чые мужы або сыны знаходзяцца пад следствам тры-чатыры гады — вытрымаць такое неверагодна цяжка. Пакутуюць не толькі тыя, каго арыштавалі, але і іх сваякі, блізкія, сябры.
Першае спатканне з сынам было 24 красавіка, прайшло больш за два месяцы. Колю прывялі ў маленькі пакой. Я нават не змагла яго абняць. Нас раздзяляла шкло. Некаторы час маўчалі, сыну было цяжка гаварыць. У камерах амаль ніхто ні з кім не мае зносін. А яшчэ ён расказваў, што бачыў кошку, якую, падобна, прыкормліваюць ахоўнікі. Для яго гэта была сапраўдная радасць.
— У якім годзе вы прыехалі жыць у Беларусь?
— У 1987-м. Муж быў будаўніком, зараз сур’ёзна хварэе. Яго завуць Мікалай Мікалаевіч. У нас такая традыцыя. Калі б у сына нарадзіўся хлопчык, яго б таксама назвалі Міколкам.
Некалькі разоў хадзілі я і Паліна. Адзін раз змог муж. Ён інсуліназалежны дыябетык. Перанёс усё вельмі цяжка.
І не толькі ён. Калі б не падтрымка зусім незнаёмых людзей, якія пісалі нам лісты, прыходзілі да суда, было б значна цяжэй. Калі падтрымліваюць сваякі, гэта ўспрымаецца як нешта відавочнае. А калі так робяць абсалютна чужыя людзі, якія дагэтуль нас не ведалі, то гэта зусім іншае. Асабліва хачу сказаць пра былых Колевых настаўнікаў з ліцэя. Суперажывалі, спачувалі, верылі.
Тое, чаго хацела дамагчыся ўлада, мне зразумела. Як і тое, што з жыцця ні ў чым не вінаватага чалавека былі выкінуты дзевяць месяцаў.
…Як толькі малодшы Саша пайшоў у школу, адразу ж аддала яго ў беларускі клас. Я беларуска і размаўляю па-беларуску, хоць і вучылася ў Маскве.
З Колем усё было інакш. Ён скончыў сем класаў 109-й школы, што ў Завадскім раёне. Я вельмі ўдзячная яго настаўніцы Надзеі Міхайлаўне Кунцэвіч, якая ўбачыла ў ім творчую натуру і стала гэта развіваць. У летнім лагеры, які мы арганізоўвалі, сын даведаўся пра Коласаўскі ліцэй. У лагеры імі кіраваў Генадзь Вянярскі. Коля няблага авалодаў беларускай мовай. Натуральна, мы адразу ж пачалі выпісваць «Нашу ніву». Сын вырашыў паступаць у ліцэй, што для мяне было ў нейкім сэнсе нечаканым, бо ён вучыўся ў «рускім» класе. У тыя часы ў ліцэі быў конкурс пяць чалавек на месца. Коля вельмі добра здаў уступныя экзамены і паступіў.
Як потым і на паліталогію ў БДУ. З першага разу. Без якіх-небудзь рэпетытараў.
— Суд над вашым сынам быў «закрытым»?
— Так. Больш за тое, нас не пускалі нават на ганак. Прыходзілася пераходзіць на другі бок вуліцы. У той час суд Цэнтральнага раёна знаходзіўся амаль насупраць сувораўскага вучылішча. Працэс доўжыўся цэлы тыдзень. Дажджы былі даволі частымі.
Гэта абуральны цынізм, але зараз суд пераехаў у былы будынак нашага ліцэя. Раней ліцэй быў радасным. На сценах — дзіцячыя малюнкі. Зараз — распісанне судовых пасяджэнняў і кабінеты канкрэтных суддзяў.
Калі Колю далі два гады, я хадзіла да суддзі Ясіновіча, што яго судзіў. Хацела проста паглядзець яму ў вочы і сказаць, што ён паступіў несправядліва.
Ясіновіч пазнаў мяне адразу. Не, ён не спужаўся. Думаю, яму было проста сорамна. Чырванеў. Бляднеў. Дрыжалі рукі. Нічога зразумелага ён не адказаў. Прамармытаў толькі, што «руководствовался материалами следствия», а гэта праверыць немагчыма, бо пасяджэнні былі закрытымі. Нават хацеў вызваць ахоўнікаў. Бог усё бачыць.
Я ў суддзі не плакала. Як і ўсе дзевяць месяцаў. Ні дома. Ні на спатканні ў следчым ізалятары. Ні каля суда. Быццам акамянела. У адрозненне ад мужа, які некалькі разоў трапляў у шпіталь.
— Атрымліваецца, што вашаму сыну далі больш за ўсіх?
— Атрымліваецца. Два гады пазбаўлення волі.
Спачатку ён знаходзіўся у сіза КДБ, потым на Валадарцы. Пасля суду сына адправілі ў Шклоўскую калонію. Туды ён трапіў у ноч з 28 на 29 верасня і прабыў у калоніі да 17 лістапада.
Асабліва цяжкім быў карантын. Колю прывезлі з Мінска нават без курткі, а там было ўжо холадна. Дарэчы, ён у першым лісце радасна напісаў, што ўбачыў траву і нават на ёй паляжаў. Таму, хто гэта не перажыў, не зразумець. У калоніі сын спачатку рабіў абутак, потым пачаў працаваць на станку, які робіць дзіркі для кнопак. Фізічна ў калоніі яму было лягчэй чым у сіза, заўжды знаходзіўся які-ніякі занятак.
Коля вёў дзённік і пасля вызвалення пакінуў яго ў нас. Я прачытала. Ён ніколі не скардзіўся.
Нам вельмі пашанцавала з адвакатам. Валянціна Мікалаеўна Шэханцава — не толькі сапраўдны прафесіянал, а і добры, спагадлівы чалавек. Яна вельмі дапамагла і такога суровага прысуду таксама не чакала. Такое ўражанне, што ўсе далейшыя дзеянні сталі для яе справай прынцыпу.
Пасля суду яна ездзіла ў Шклоў шмат разоў.
Колева дачка Лізачка нарадзілася 4 кастрычніка. Паслалі сыну тэлеграму. Упершыню ён ўбачыў дачку толькі на волі.
— Калі можна, раскажыце менавіта пра гэты момант.
— Вызвалілі Колю ўмоўна-датэрмінова 17 лістапада. У гэты дзень прама ў калоніі суддзі, якія прыехалі са Шклова, правялі пасяджэнне. Было прынята рашэнне аб умоўна-датэрміновым вызваленні нашага сына. У калоніі ў сына існаваў рахунак, куды мы пераводзілі грошы, каб ён мог рабіць якія-небудзь пакупкі. Там было 58 тысяч. На гэтыя грошы ён і дабраўся дадому. Зараз наша сям’я зноў разам, але цяжка думаць аб тых, каго яшчэ не дачакаліся, хто яшчэ не вярнуўся.
АЎТАРСКІ КАМЕНТАРЫЙ
Я часта пытаюся: чаму існуючая ўлада літаральна штампуе для сябе праціўнікаў? І разумею, што яна проста не ўмее інакш. Яўгенія Астрэйка актыўна займаецца палітыкай, каб іншыя не займаліся ёй ніколі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме