17:45 01.06.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Я.Раманчук: "У нас ёсьць шанец на перамогу"
Госьць Начной “Свабоды” намесьнік старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук. 31 траўня яго вылучыла кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Аб’яднаная грамадзянская партыя.
У менскім гатэлі "Эўропа" прайшла прэзэнтацыя ягонай праграмы і каманды. Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты заявіў, што ідзе на выбары ў зьвязцы са старшынём АГП Анатолем Лябедзькам, які ў выпадку перамогі зойме пасаду прэм’ер-міністра.
Соўсь: Яраслаў, як вы лічыце, тое, што адбудзецца ў Беларусі пры канцы гэтага ці напачатку 2011 году гэта – выбары?
Раманчук: Гэта ня выбары — гэта прэзыдэнцкая кампанія, гэта наша спроба дайсьці да людзей, каб патлумачыць ім нашую пазыцыю. Гэта, безумоўна, вельмі добры шанец зьмяніць настроі ў грамадзтве, паказаць людзям альтэрнатыву і сказаць, што яны людзьмі могуць звацца і павінны звацца, каб жыць у незалежнай свабоднай краіне.
Соўсь: З гэтага вынікае, што вы ўсур’ёз не разглядаеце магчымасьць перамагчы на гэтых выбарах, што вы станеце прэзыдэнтам, а Анатоль Лябедзька стане кіраўніком ураду?
Раманчук: Я ж не казаў, што мы не пераможам. Я кажу, што сёньня мала праяваў таго,што гэта будуць выбары. Гэта будзе жорсткая кампанія, і ў гэтай жорсткай кампаніі таксама ёсьць шанец на перамогу, таму што калі мы добра папрацуем з людзьмі, данясем да іх нашыя погляды – бо мы ўпершыню за шмат гадоў зьвяртаемся да людзей, якія непасрэдна сёньня не зьяўляюцца прыхільнікамі дэмакратычных пераменаў, а проста больш клапоцяцца наконт сваіх заробкаў, цэнаў, інфляцыі, месцаў працы – менавіта для іх патрэбны адказы на пытаньні, якія потым бы зрабілі нас мацнейшымі і прымусілі рэжым да капітуляцыі.
Соўсь: Якія вашы перавагі над іншымі апазыцыйным кандыдатамі, якія ўжо заявілі пра ўдзел у выбарах? І калі глянуць на сябе самакрытычна звонку, чаго вам бракуе?
Раманчук: Перавага, безумоўна, тое, што я адзіны эканаміст. Мы яшчэ пры канцы 20-га стагодзьдзя разам з нашымі сябрамі прапанавалі рэформы для нашай краіны. Тады гэта былі спадары Чыгір і Багданкевіч, ценевы ўрад пад Генадзя Карпенку. Потым мы гэта рабілі ўжо ад цэнтру "Стратэгія". Быў ценевы ўрад, які ўзначальваў спадар Лябедзька. Ёсьць вельмі добры досьвед распрацоўкі законапраектаў, ёсьць у нас і свой бюджэт, малая канстытуцыя, эканамічная канстутуцыя, праграма "Дзелавы клімат", канцэпцыя моладзевай палітыкі, рэформы пэнсійнай сыстэмы. Па сутнасьці, на усе рэчы, якія турбуюць нашых людзей, у нас ёсьць адказы. Гэтыя адказы ёсьць толькі ў нас, ні ў кога больш іх няма. Таму гэта перавагі для таго, каб менавіта я быў абраны адзіным кандыдатам, і мы можам дамаўляцца з калегамі, каб адзін чалавек вёў дэмакратычыныя сілы да перамогі.
Соўсь: Якраз наконт адзінага кандыдата — калі абапірацца на досьвед дзьвюх мінулых прэзыдэнцкіх кампаніяў, якія высновы трэба зрабіць, якія памылкі не паўтарыць?
Раманчук: Трэба пазьбегнуць таго, калі нейкія кандыдаты парушаюць узятыя на сябе абавязкі і, па сутнасьці, ігнаруюць інтарэсы партнэраў. Так было ў папярэдніх кампаніях. Але зазначу, што 2001 і 2006 гады былі рознымі. У 2001 годзе адзіны кандыдат быў абраны. Тады маленькае кола людзей абрала спадара Ганчарыка. А ў 2005 годзе быў Кангрэс дэмакратычных сілаў. Мы ад АГП прапанавалі значна больш шырокую, нвродную спробу выхаду на адзінага кандыдата. На жаль, спадар Мілінукевіч адмовіў, але сёньня мы таксама вядзем перамовы ў межах правацэнтрысцкіх партыяў, каб вылучыць адзінага кандыдата менавіта з гэтага блёку. Мы таксама адкрытыя для перамоваў, каб усе дэмакратычныя сілы выйшлі на адзінага кандыдата. АГП ніколі не было перашкодай для інтэграцыі, мы заўжды выконвалі свае абавязкі. Мы будзем перш за ўсё думаць пра Беларусь, а не пра прыватныя, асабістыя амбіцыі.
Соўсь: Мы зьвярнуліся да наведнікаў нашага сайту з просьбай задаць вам пытаньні. Фрабел пытаецца: "Сп.Раманчук, вы ж добра разумееце, што атрымаеце выдзеленыя вам 3-5 адсоткаў і будзе чарговы "пшык". На што вы разьлічваеце, калі ў беларуса няма выбару ? За вамі народ пойдзе ? Вашы дзеяньні якія будуць пасьля гэтага ?"
Раманчук: Я разьлічваю, што будзе не 3-5 адсоткаў, бо мяне не цікавіць, колькі там намалююць выбарчыя камісіі, а мне важная падтрымка людзей. Падтрымка людзей вызначаецца праз сацыялягічныя апытаньні, праз магчымасьць апэляцыі да людзей, і калі гэтая падтрымка будзе больш за 40 адсоткаў, пад палову, дык гэта будзе безумоўная перамога. Пры такіх выніках, я ўпэўнены, што на Кастрычніцкай плошчы ў дзень выбараў будзе не 20-25 тысяч, як гэта было ў 2006 годзе, а ў 4-5 разоў больш. І тады гэта зусім іншая краіна ўжо будзе.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
29 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |