19:15 09.06.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Я. Раманчук: “Калі ў людзей няма пачуцьця гумару, трэба ўсьміхнуцца і павучыць іх”
На гэтым тыдні Канаду і ЗША наведвае дэлегацыя беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў. Пра плён і сэнс візыту дэлегацыі, пра чуткі наконт альянсу паміж АГП і кампаніяй “Гавары праўду”, пра пэрспэктывы пагадненьня партыі зь Беларускай хрысьціянскай дэмакратыяй распавёў у інтэрвію Свабодзе Яраслаў Раманчук.
Сябры дэлегацыі мелі сустрэчы ў парлямэнце Канады, зь беларускай дыяспарай, правялі прэсавую канфэрэнцыю, адбылася іх сустрэча з прэм’ер-міністрам Канады Стывэнам Гарпэрам. Пра плён і сэнс візыту дэлегацыі, пра чуткі наконт альянсу паміж АГП і кампаніяй “Гавары праўду”, пра пэрспэктывы пагадненьня партыі зь Беларускай хрысьціянскай дэмакратыяй распавёў у інтэрвію Свабодзе Яраслаў Раманчук. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.
Дракахруст: Яраслаў, якія вынікі вашай паездкі? Многія нашы слухачы і наведнікі сайту пыталіся, чаму менавіта Канада? Ці не атрымалася, як у песьні Высоцкага – “И я лечу туда, где принимают»?
Раманчук: Вынікі пераўзышлі ўсе нашы спадзяваньні дзякуючы таму ўзроўню спатканьняў, якія мы мелі ў Канадзе: спатканьне з прэм’ер-міністрам, спатканьне са старшынём парлямэнту, з прадстаўнікамі канадзкай бюракратыі – усё гэта сьведчыць пра вялікую палітычную волю да працы з дэмакратычнай Беларусьсю.
Гэтая паездка не была выпадковай, мы на працягу трох апошніх гадоў рабілі намаганьні, каб яна адбылася, былі папярэднія візыту ў Канаду нашых паплечнікаў, і тое што адбылося – пачатак новага этапу разьвіцьця партнэрства з Канадай нашай партыі і дэмакратычных сіл Беларусі ў цэлым.
Чаму Канада? Гэтая краіна вельмі важная, яна ўваходзіць і ў "вялікую сямёрку", і ў "вялікую дваццатку", і сёньня прэм’ер-міністар Канады Стывэн Гарпэр зьяўляецца адзіным лідэрам "вялікай сямёркі", які мае магчымасьць праводзіць палітыку, заснаваную на каштоўнасьцях, а не на Realpolitik і прагматызме. Ён пра гэта адкрыта гаворыць, тое самае мы чулі і ад іншых канадзкіх палітыкаў.
Нашы сустрэчы засьведчылі, што той патэнцыял, які мае Канада, якая таксама хацела б падвысіць свой прэстыж на міжнароднай арэне, можа быць рэалізаваны ў нашай краіне. Эўразьвяз павязаны прагматызмам, амэрыканскі ўрад таксама праводзіць больш збалянсаваную палітыку, заснаваную на пэўных дамоўленасьцях з Расеяй. А Канада далёка ад расейскіх грошай, ёй непатрэбныя расейскія газ і нафта, яна багатая краіна, яна можа дазволіць сабе праводзіць палітыку каштоўнасьцяў.
І таму мы зробім усё, каб Беларусь увайшла ў дваццатку прыярытэтаў гэтай краіны.
Дракахруст: Тое, што кіраўнік кампаніі “Гавары праўду” Ўладзімер Някляеў – у вашай дэлегацыі, яго нядаўняя заява, што кампанія цалкам падпісваецца пад вашай эканамічнай праграмай – ці не азначае гэта, што паміж АГП і “Гавары праўду” існуе нейкае пагадненьне, магчыма, па змаўчаньні, наконт прэзыдэнцкіх выбараў?
Раманчук: Мы прымалі ўдзел у слуханьнях у канадзкім парлямэнце ў камітэце па правах чалавека, гэта былі вельмі важныя слуханьні і вялікі гонар для нас быць на іх. На першым этапе падрыхтоўкі паездкі мы не прадугледжвалі ўдзелу ў ёй прадстаўнікоў кампаніі "Гавары праўду". Але паколькі да гэтай кампаніі быў вялікі інтарэс пасьля 17 траўня, калі быў такі вялікі "шмон" супраць іх, мы палічылі патрэбным удзел гэтых людзей у нашай дэлегацыі. З намі меліся быць яшчэ прадстаўнікі Беларускага Хэльсінскага камітэту і іншых праваабарончых арганізацый, але яны, на жаль, не маглі здабыць сродкі, каб сюды прыехаць.
І таму мы прадстаўлялі Беларусь менавіта ў такім складзе. Наша партыя падрыхтавала дамову аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве з Кансэрватыўнай партыяй Канады, а спадар Някляеў і кампанія "Гавары праўду" распавядала пра сытуацыю ў Беларусі з правамі чалавека, пра тыя ініцыятывы, якія яны праводзяць. У нас няма ніякіх дамоўленасьцяў наконт прэзыдэнцкай кампаніі, але безумоўна людзі, зь якімі мы сёньня тут, якія ўдзельнічаюць у кампаніі "Гавары праўду" –гэта энтузіясты, гэта людзі, якія арыентуюцца на каштоўнасьці, і мне вельмі прыемна зь імі супрацоўнічаць.
Дракахруст: Пракамэнтуйце, калі ласка, той розгалас, які атрымала вашае інтэрвію “Народнай волі”, прысьвечанае інтымным пытаньням. Гледзячы па ўсім, вашы заявы могуць падарваць пагадненьне вашай партыі з БХД наконт працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата. Адзін з кіраўнікоў БХД Аляксей Шэін выказаў меркаваньне, што “з такімі заявамі Яраслава Раманчука будзе складана, нават немагчыма дамовіцца аб супольнай працы ня толькі з БХД, але і з многімі прадстаўнікамі правацэнтрысцкай апазыцыі”. Вам дорага абышліся вашы прызнаньні.
Раманчук: Я б параіў сваім калегам, паплечнікам па дэмакратычным лягеры, успрымаць інтэрвію як інтэрвію, а не як нейкія праграмныя заявы. У нас ёсьць праграма, гэта наша цьвёрдая пазыцыя, ёсьць дакумэнты АГП – вось гэта тая пазыцыя, якая зьяўляецца афіцыйнай. Трэба з гумарам ставіцца да інтэрвію, якія даюцца СМІ. Гэта зусім іншы фармат, і калі ў людзей няма пачуцьця гумару, трэба ўсьміхнуцца і павучыць іх.
З БХД у нас ёсьць дамоўленасьць, што трэба выйсьці на адзінага кандыдата ў межах правацэнтрысцкай кааліцыі, на жаль тут нічога не атрымоўваецца з-за аднаго зь сябраў кааліцыі, які таксама выштурхоўвае БХД. Ну калі ня будзе пагадненьня з БХД – ну, гэта будзе іх выбар. Нічога не магу зрабіць. Мы ідзем сваім шляхам, ня здолеем дамовіцца – пажадаем адзін аднаму посьпехаў.
Дракахруст: Ці былі ў вас сустрэчы з беларускай дыяспарай?
Раманчук: Мы мелі вельмі добрыя спатканьні зь беларускай дыяспарай, было спатканьне ў першы дзень візыту, адмысловы прыём для нашай дэлегацыі, было таксама нефармальная сустрэча, на якой была Івонка Сурвіла. Яна таксама прысутнічала падчас нашага выступу ў парлямэнце, яна была ўражаная тым, як мы прадставілі сытуацыю ў нашай краіне, і цалкам падпісалася пад тым, што мы гаварылі і пад тымі высновамі, якія мы зрабілі. Гэта добрыя кантакты, мы хацелі б падзякаваць беларускай дыяспары, яна вельмі добра працуе ў Канадзе. Наш візыт дазволіць нам той капітал, які напрацавала дыяспара, перанесьці і выкарыстаць у Беларусі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
29 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |