21:45 25.04.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

“Хуткая дапамога” пачакае. Спэцшпіталь КДБ — не

У Берасьці ў час крызісу зрываюць тэрміны ўводу падстанцыі “хуткай дапамогі”. Жыхары аддаленага гарадзкога раёну “Ўсход” скардзяцца на нязручнасьці ў мэдычным абслугоўваньні. Тым часам больш як 2,5 мільярда бюджэтных сродкаў былі накіраваныя на адбудову спэцыяльнага шпіталя для цяперашніх і былых супрацоўнікаў КДБ, міліцыі, пагранвойскаў ды дзяржкантролю.

Урачыстае адкрыцьцё спэцшпіталя для сілавікоў адбылося ў Берасьці на вуліцы Карла Маркса. Тут і да рамонту было нядрэнна, а цяпер усё зіхаціць. У адрамантаваныя кабінэты набылі новае сучаснае абсталяваньне.

Чыноўнікі Берасьцейскага гарвыканкаму ня ўтойваюць, што спэцшпіталь каштаваў вялікіх грошай. Давялося нават ахвяраваць сродкамі, выдаткаванымі на ўвод станцыі хуткай мэдычнай дапамогі ў мікрараёне “Ўсход”. Цяпер супрацоўнікі аддзелу здароўя Берасьцейскага гарвыканкаму нават ня ведаюць, калі гэтая “хуткая” запрацуе:

“Ой, ня ведаю. Гэта ўсё так складана цяпер. Забралі ўсе грошы. Так, плянуем. Плянавалі сёлета, а як яно будзе — не магу сказаць”.

Галоўны ўрач Берасьцейскай лякарні хуткай дапамогі Валянцін Мілашэўскі кажа, што служба “103” мае вялікія праблемы. Штодзень тут прымаюць больш за 300 выклікаў. Удзень дзяжураць 30 лекарскіх брыгадаў.

“Вы ведаеце, дзе ў Берасьці станцыя хуткай дапамогі? На вуліцы Пушкінскай, ля калгаснага рынку. Гэта вуліца з аднабаковым рухам. Уявіце, як выехаць „хуткай“, калі там паўсюль стаяць машыны. Хоць дзьве сырэны, хоць тры ўключай. Яшчэ два гады таму было рашэньне разьмеркаваць па горадзе падстанцыі. На гэта ў Берасьці вострая неабходнасьць”, — удакладніў Валянцін Мілашэўскі.

На патрэбы падстанцыі “хуткай дапамогі” ў Берасьці прыстасоўваюць стары будынак, дзе была крама. Тут ужо адрамантавалі сьцены, падлогу і столь. Праблема ў напаўненьні пакояў мэбляй. Яе берасьцейцы замовілі ў Маладэчне ў фірмы “Струм”. Мэнэджэр Ірына тлумачыць сёньняшнія праблемы наступным чынам:

“Аб’ект з гораду Берасьце разьмясьціў у нас заказ, але грошай ня плаціць. Іншыя аб’екты зь Берасьцейскай вобласьці атрымалі мэблю, а грошай усё адно ня плацяць”.

Спадарыня Ірына называе канкрэтныя прыклады:

“Берасьцейская гарадзкая бальніца № 1 — яны нам вінныя 44 мільёны. Вінныя даўно. Берасьцейская абласная бальніца. Праведзены тэндэр на 210 мільёнаў. Яны павінны ложкі ў нас купіць. Мы прызнаныя пераможцамі. Ложкі зробленыя. Стаяць. Яны не забіраюць. А мы яшчэ плацім і за арэнду плошчаў складоў, дзе разьмешчаны гэтыя ложкі…”

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме