18:30 20.05.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Хто можа замяніць Макея
Ужо не першы месяц ходзяць размовы пра магчымую адстаўку кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея.
Чалавек, што займае гэтую пасаду, адзін з найбліжэйшых да кіраўніка краіны. «Беларускі партызан» нават адзначаў, што толькі кабінет Макея знаходзіцца на адным паверсе з Лукашэнкавым.
У 2008 прызначэнне Макея ўспрымалася з пэўным энтузіязмам. Вядома, замяняў ён Віктара Шэймана, чыё імя звязвалі са справаю Захаранкі—Ганчара.
Якраз на перыяд пасля прыходу Макея прыпала «адліга». Пачалася лібералізацыя эканомікі, сцішылі паляванне на ведзьмаў, з турмаў выйшлі палітвязні. Нармалізаваліся адносіны з Еўрасаюзам, Мінск з візітамі наведалі Берлусконі і Грыбаўскайце. Усё гэта звязвалася з імем Уладзіміра Макея. Нават ахрысцілі ягоную каманду «галубамі», у процівагу шэйманаўскім «ваўкам».
Потым было 19 снежня. Пасля якога Макей яшчэ спрабаваў па старых сувязях звязацца з еўрапейскімі кіраўнікамі.
Прынамсі, пра гэта казаў яго нямецкі калега Рональд Пофала.
Сёлета Макей неаднаразова адзначаўся рэзкімі заявамі адносна санкцый і лёсаў палітвязняў. Стала зразумела, што Макей зусім не «голуб», а просты Маўчалін.
Цяпер чарговы раз загаварылі пра нармалізацыю адносінаў з Еўропай. Відаць, для гэтай місіі давядзецца шукаць іншага чалавека. Хто можа замяніць Макея?
Валянцін Рыбакоў
Сам Макей прыйшоў у крэсла кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта з пасады памочніка прэзідэнта. Калі паглядзець на сённяшніх памочнікаў, то са спіса вылучаюцца трое: Рыбакоў, Пяткевіч і Лукашэнка. Маецца на ўвазе Віктар Лукашэнка.
Наталля Пяткевіч ужо мае досвед працы ў Адміністрацыі. Нейкі час яна была намеснікам Макея. Вяла за філіжанкай кавы перамовы з прадстаўніком Дзярждэпа ЗША Крэймерам. Але Пяткевіч невыязная ў ЕС і ЗША, таму перамовы весці ёй будзе складана. Унутры краіны яна таксама нажыла ворагаў ці, прынамсі, скептыкаў.
Кар’ерны шлях Валянціна Рыбакова нечым нагадвае прыход Макея.
Таксама дыпламат, скончыў Лінгвістычны. Працаваў паслом па асаблівых даручэннях. Ад 2006 памочнік Лукашэнкі. Прычым, на публічныя ролі асабліва ніколі не выходзіў. Зусім як Макей у свой час.
Былыя калегі Рыбакова кажуць, што «ён з Макеем аднаго поля ягады». Адзначаецца, што Рыбакоў выдатны перакладчык, што лёгка тлумачыць доступ да кіраўніка краіны.
Нядаўна сайт WikiLeaks надрукаваў з дзясятак дэпеш, дзе ўзгадваецца імя Рыбакова. Менавіта праз яго ішлі кантакты афіцыйнага Мінска з пасольствам ЗША. Не выключана, што такія ж кантакты ён мог мець і з еўрапейцамі.
Апроч таго, апошнім часам некалькі разоў Рыбакоў з’яўляўся з публічнымі заявамі. Раней жа аддаваў перавагу заставацца ў цяні. Калі такая замена адбудзецца, то будзе хутчэй тэхнічнай.
Зрэшты, не варта адкідваць магчымасці прызначэння і цяперашняга памочніка па бяспецы Віктара Лукашэнкі.
Мікалай Снапкоў
Падчас звароту Лукашэнкі да народа і парламента можна было звярнуць увагу, што побач з Віктарам Лукашэнкам сядзеў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў. Тады як астатнія міністры сядзелі асобна.
Снапкоў з Магілёва. Ён працаваў бухгалтарам і эканамістам на невысокіх пасадах у Дрыбінскім і Горацкім раёнах. Потым набіраўся досведу ў аблвыканкаме. У 2009 яго пераводзяць у Адміністрацыю прэзідэнта. А праз пару месяцаў робяць міністрам эканомікі замест пенсіянера Зайчанкі.
Пісалі, што Снапкоў і Віктар Лукашэнка жанатыя на родных сёстрах.
Незалежныя аналітыкі называюць Снапкова прынцыповым «рыначнікам» ва ўрадзе Мясніковіча.
Снапкоў нарадзіўся ў 1969. Да гэтага ўсе кіраўнікі Адміністрацыі (іх было шасцёра) былі з аднаго пакалення, народжаных у 1950-я.
Снапкоў з часам можа дарасці да прэм’ер-міністра, аднак гэтая дарога можа ісці і праз Адміністрацыю — калі начальнік дзяржавы палічыць патрэбным зрабіць галоўным кадравіком спецыяліста па рынку.
Радзькоў, Тур
Тасаваннем абоймы можна было б назваць замену Макея на некага з ягоных намеснікаў. Хай гэта бу-дзе Аляксандр Радзькоў. Кіраўнік «Белай Русі» і арганізатар збору подпісаў за Лукашэнку на выбарах 2010.
Калі Радзькоў займаў пасаду міністра адукацыі, пры ім спынілася выкладанне гісторыі Беларусі на беларускай мове, затое за палітыку масава выганялі з універсітэтаў. Зрэшты, Радзькоў ніколі не вылучаўся незалежнасцю ў прыняцці рашэнняў.
Дый не самы прадстаўнічы Радзькоў, як і Андрэй Тур, аўтар славутага «Дружышча, ты жывеш не па сродках». Тур мае рэпутацыю «флюгера», які дзейнічае толькі па загадзе зверху.
Вадзім Зайцаў
Калі скакаць ад печкі не Еўрасаюза, а Расіі, то наша ўсходняя суседка, відаць, станоўча ўспрыняла б прызначэнне ў Адміністрацыю старшыні КДБ Вадзіма Зайцава. Гэтага ўжо дакладна не абвінаваціш у беларускім нацыяналізме і праеўрапейскіх сімпатыях. Зайцаў у спісе неўязных на тэрыторыю ЕС займае адзін з першых радкоў.
Рачкоўскі і Даўгалёў
Калі прайсціся па сілавіках, то варта адзначыць яшчэ ўсмешлівага кіраўніка памежнага камітэта Ігара Рачкоўскага, яшчэ аднаго пратэжэ Віктара Лукашэнкі. Быць памежнікам цяпер у модзе.
Сваталі ў Адміністрацыю прэзідэнта і яшчэ аднаго ветэрана беларускай палітыкі — былога пасла Беларусі ў Расіі Васіля Даўгалёва. Праўда, ён нядаўна атрымаў крэсла ў «Белгазпрамбанку».
www.nn.by
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме