17:45 29.07.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
"Хросны Бацька" як праява асабістай крыўды крамлёўскіх кіраўнікоў
Расейская тэлекампанія НТВ распачала здымкі трэцяй сэрыі скандальнага фільму "Хросны Бацька". Ёсьць зьвесткі, што працяг выйдзе ў эфір напярэдадні 16 жніўня, калі дэмакратычная грамадзкасьць Беларусі традыцыйна ўзгадвае зьніклых апанэнтаў рэжыму. Чаго дамагаюцца аўтары стужкі?
Над працягам "Хроснага Бацькі" працуе аўтарская група на чале з карэспандэнтам праграмы "Надзвычайнае здарэньне" Аляксеем Малкавым, якая здымала і дзьве папярэднія сэрыі. Роўна год таму, калі журналісты рыхтавалі фільм, спэцслужбы затрымалі іх у Менску, дапыталі і прымусова выслалі зь Беларусі.
Аляксей Малкаў адмовіўся падаць падрабязнасьці працы над новай сэрыяй. У першых частках было шмат паўтораў, і пакуль невядома, колькі арыгінальнай інфармацыі здолеюць здабыць аўтары гэтым разам. Зь іншых крыніцаў стала вядома, што фільм працягвае дасьледаваньне закулісься беларускага рэжыму, закранаюцца пытаньні карупцыі сярод вышэйшага кіраўніцтва. Аўтары абяцаюць паказаць тое, "пра што не здагадваліся нават беларусы", ня кажучы ўжо пра расейцаў. Здымкі вядуцца як на тэрыторыі Беларусі, так і ў Расеі. Некаторых беларускіх палітыкаў, праваабаронцаў запрашаюць на здымкі ў Маскву.
Але ці рэальна намаганьнямі журналістаў парушыць пазыцыі беларускай улады? Расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі лічыць, што здольнасьці мэдыяў у гэтым сэнсе моцна перабольшаныя:
"На мой погляд, у Расеі няма рэальных рычагоў дзеля таго, каб сур’ёзна паўплываць на рэжым і ўладу Аляксандра Лукашэнкі. Няма ў Расеі і запасных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі, хто б што ў гэтым сэнсе ні гаварыў. І я перакананы: Крэмль ня ставіць сабе на мэце зьвяржэньне рэжыму Лукашэнкі і замену яго на іншага лідэра. З аднаго боку, Масква хоча націснуць на Лукашэнку, каб дамагчыся ад яго пэўных саступак у тых галінах, якія Расею рэальна цікавяць. Зь іншага боку, цяперашняму Крамлю ўжо шмат гадоў уласьцівая тактыка дробных укусаў у адказ, якія грунтуюцца на асабістых крыўдах. І сэрыял "Хросны Бацька" трэба разглядаць хутчэй як выяўленьне менавіта крыўды расейскіх лідэраў, іх асабістага непрыняцьця Лукашэнкі, чым як мэтанакіраваную праграму, каб адхіліць яго ад улады".
На тле абвостраных беларуска-расейскіх адносінаў пра Беларусь пішуць практычна ўсе найбуйнейшыя выданьні Расеі. Так, газэта "Труд" друкуе інтэрвію зь лідэрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам. "Беларуская апазыцыя адмаўляецца ісьці на паклон у Маскву", — так называецца артыкул, у якім, сярод іншага, уздымаецца пытаньне магчымай падтрымкі Крамлём кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах: "Ніводзін беларускі кандыдат катэгарычна не пагадзіўся б быць стаўленікам Расеі. Але ўпершыню за 16 гадоў можна чакаць, што Лукашэнка ня будзе мець публічнай адкрытай падтрымкі з боку Крамля. І гэта будзе новай якасьцю ў працэсе прэзыдэнцкіх выбараў", — кажа спадар Лябедзька.
У сваю чаргу, "Независимая газета" ў артыкуле "Лукашэнка склікае веча" канстатуе: атачэньне кіраўніка Беларусі, па сутнасьці, распачынае перадвыбарчую кампанію дзейнага прэзыдэнта: "Урад Беларусі рыхтуе праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны да 2015 году. Дакумэнт павінен ухваліць бліжэйшай восеньню IV Усебеларускі народны сход, які, паводле ацэнкі экспэртаў, стане асноўным перадвыбарным мерапрыемствам Лукашэнкі".
Расейская публіцыстка Юлія Латыніна ў праграме "Код доступу" на радыё "Эхо Москвы" так ацэньвае эфэктыўнасьць "інфармацыйных баталіяў":
"Што да нашай інфармацыйнай вайны зь Беларусьсю… Гэта, канечне, вельмі сьмешна, калі дзьве дзяржавы высьвятляюць адносіны з дапамогай тэлевізара. Хоць гэта і лепш, чым яны гэта робяць з дапамогай танкаў. Але ведаеце, што ёсьць у Беларусі? Там ёсьць дыктатура. І калі ў Лукашэнкі хтосьці кагосьці забіў, то мы дакладна ведаем, што гэта зрабіў Лукашэнка. Разам з тым — у Беларусі мянты, якія не бяруць хабар, у Беларусі нармальныя дарогі, у Беларусі няма буйнога бізнэсу, але дробны бізнэс не прыціскаюць. І гэта азначае, што калі дыктатура Лукашэнкі скончыцца, Беларусі будзе нашмат лягчэй перайсьці да адкрытага грамадзтва, чым Расеі, дзе на грамадзтве нарос страшны пласт праваахоўнай сьлізі".
Працягвае беларускую тэматыку і "Московский комсомолец". У артыкуле "Лукашэнка зноў наняў спэцыяліста па іміджы" расказваецца, што замест ранейшага піяршчыка Беларусі, брытанскага спэцыяліста Тымаці Бэла, цяпер станоўчы вобраз краіны будзе фармаваць ягоны зямляк лорд Пітэр Сэлвін Гамэр Чадлінгтан: "Беларускі прэзыдэнт мае незайздросную рэпутацыю. Для Захаду ён апошні дыктатар Эўропы. У Расеі яго доўгі час успрымалі пазытыўна, але зараз усё больш людзей лічаць яго прагавітым шантажыстам. З такім іміджам далёка не заедзеш. Ратаваць сытуацыю пакліканы вядомы піяршчык, кіраўнік холдынгу "Хантсўорт" лорд Чадлінгтан".
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме