17:50 29.04.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
І.Халіп: Распачатая беспрэцэдэнтная вайна супраць СМІ
Сёньня адбылася прэсавая канфэрэнцыя з нагоды выклікаў у міліцыю чатырох журналістак. Ірына Халіп, Сьвятлана Калінкіна, Марына Коктыш і Натальля Радзіна распавялі пра сытуацыю, у якой яны апынуліся з-за сваёй прафэсійнай дзейнасьці.
Натальля Радзіна, журналістка сайту "Хартыя’97", паведаміла, што распачатая яшчэ адна крымінальная справа, зьвязаная з камэнтарамі да артыкула пра аўганцаў, які быў перадрукаваны на сайце "Хартыі’97" з газэты "Советская Белоруссия".Радзіна заявіла, што гэта беспрэцэдэнтны выпадак, калі крымінальную справу распачынаюць не па факце публікацыі артыкула, а за камэнтары ў інтэрнэце.
Ірына Халіп заклікала ўсіх журналістаў да салідарнасьці і кансалідацыі і адзначыла, што крымінальная справа, распачатая за распаўсюд паклёпніцкіх зьвестак пра старшыню Гомельскага ЎКДБ Івана Каржа, — гэта толькі нагода для таго, каб спыніць дзейнасьць журналістаў.
Халіп заявіла, што напярэдадні прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі распачалася беспрэцэдэнтная вайна супраць СМІ. Улады спрабуюць выбіць самых вядомых і актыўных журналістаў з інфармацыйнага поля. Але калі гэтага не спыніць, то можа дайсьці і да фізычнага вынішчэньня.
Натальля Радзіна прыгадала двух забітых журналістаў — Зьмітра Завадзкага і Вераніку Чаркасаву.
Андрэй Бастунец, намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, паведаміў, што БАЖ будзе рэагаваць на гэтую сытуацыю і будзе падаваць скаргі на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі. Аднак ён таксама адзначыў, што журналісты мусяць праяўляць салідарнасьць з калегамі і бараніць свае прафэсійныя інтарэсы.
Напрыканцы сакавіка на кватэрах Калінкінай і Халіп, а таксама ў офісе “Хартыі-97” прайшлі ператрусы. Супрацоўнікі сілавых структураў канфіскавалі носьбіты інфармацыі, на якіх, аднак, нічога супрацьзаконнага знойдзена не было. Зараз кампутары накіраваныя на дадатковую экспэртызу.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме