18:01 21.01.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Гвалтоўны прызыў у войска — форма палітычнага перасьледу маладых дэмакратычных актывістаў
Заява Прэзыдыюму Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў
Прыпыніўшы на пэўны час вынясеньне крымінальных прысудаў, зьвязаных з турэмным зьняволеньнем, улады зьвяртаюцца да іншых формаў перасьледу палітычна актыўных грамадзянаў. Гэта звальненьні з працы, выключэньні з навучальных установаў, апісаньне маёмасьці на патрабаваньне падаткавых органаў, уключэньне ў сьпіс невыязных з краіны і г.д.
У апошні год і асабліва ў апошнія месяцы ўлады рукамі спэцслужбаў ажыцьцяўляюць апэрацыю масавага прызыву ў войска маладых дэмакратычных актывістаў. Гэта робіцца, як правіла, пасьля іх выгнаньня з вучобы і незалежна ад ступені іхнай прыдатнасьці да войска па мэдыцынскіх паказаньнях.
Сярод тых, хто ўжо патрапіў пад “палітычны прызыў” і пацярпеў ад юрыдычных і мэдычных маніпуляцыяў улады, - Зьміцер Жалезьнічэнка, Алесь Каліта, Зьміцер Салавей. Спэцслужбы ўмешваюцца ў працэс прызыву Фёдара Чаранкова, Паўла Батуева, Паўла Кур’яновіча, Зьмітра Федарука, Арцёма Забарына, Алеся Круткіна, Уладзіміра Сяргеева, іншых.
У гэтыя дні адбываецца і таму патрабуе тэрміновага ўдзелу грамадзкасьці “прызыў” Івана Шылы і Франака Вячоркі. У 2008 г. першаму насуперак закону не далі здаць іспытаў за сярэднюю школу, а другога незаконна выключылі з БДУ. Тым ня менш раённыя вайскова-мэдычныя камісіі спачатку не прызналі І.Шылу і Ф.Вячорку прыдатнымі да службы ў войску паводле мэдычных паказаньняў. Аднак пасьля непасрэднага ўмяшаньня спэцслужбаў былі вырабленыя новыя дыягназы, маладых людзей гвалтам захоплівалі невядомыя ў цывільным, а Ф.Вячорку яны ж нават зьбілі ў вайсковым шпіталі. Закончыць мэдычныя абсьледаваньні ім не далі, вынікаў не паказалі, не далі магчымасьці бацькам прысутнічаць на паседжаньнях камісіяў, якія загадалі І.Шылу зьявіцца для адпраўкі 23 студзеня, а Ф.Вячорку 26 студзеня.
Маладыя актывісты падалі абскарджаньні ў суд, дзе патрабуюць адмены незаконных рашэньняў аб прызыве, дасьледаваньня парушэньня іхных правоў і незалежнай мэдычнай экспэртызы.
Прэзыдыюм Палітычнай рады АДС:
- патрабуе прыняцьця судамі да разгляду справаў аб незаконным прызыве і неадкладнага спыненьня незаконных дзеяньняў у дачыненьні І.Шылы, Ф.Вячоркі ды іншых маладых актывістаў;
- патрабуе даць магчымасьць прайсьці незалежную мэдычную экспэртызу ўсім тым, каго спрабуюць забраць у войска з парушэньнем закону;
- вымагае публічнага тлумачэньня з боку міністэрстваў абароны і аховы здароўя пра сытуацыю зь пераглядам ранейшых рашэньняў аб прызыве, а таксама тлумачэньня прычынаў прыняцьця новых мэдычных крытэраў прызыву;
- зьвяртае ўвагу міжнароднай грамадзкасьці, што ў сытуацыі, калі ў Беларусі працягваецца палітычна матываваны перасьлед, немагчыма казаць пра істотныя зьмены ў краіне ў кірунку аднаўленьня свабодаў і правоў чалавека.
21.01.2009
г. Менск
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме