11:30 01.02.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Гразнова: "Масавасць рэпрэсій не кажа пра сілу ўладаў"
Мінулы год быў у галіне правоў чалавека годам надзвычайнага становішча. Такога ў Беларусі яшчэ не было. Гэтую выснову зрабіла кіраўнік "Праваабарончага альянсу" Людміла Гразнова ў падрабязнай справаздачы, падрыхтаванай па выніках 2011 года.
Некаторымі сваімі развагамі Людміла Гразнова падзялілася з журналістам Радыё Рацыя:
- Вы падрыхтавалі справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека ў дастаткова складаным 2011 годзе ў Беларусі. Што адбывалася? Якія тэндэнцыі і асаблівасці Вы адзначылі?
- Канешне, гэта быў беспрэцэдэнтны год, таму што такога ціску па ўсіх паказчыках у гісторыі Беларусі яшчэ не было. Якія ж я маю на ўвазе паказчыкі? Колькасць палітычных зняволеных на доўгія тэрміны, колькасць людзей, якія прайшлі праз крымінальны пераслед. Фактаў жорсткага абыходжання вельмі шмат, таксама такога раней не было. Рэзка павялічылася колькасць звольненых з працы па палітычных матывах. І ёсць яшчэ паказчыкі, якіх раней было значна менш. Гэта вобшукі, гэта канфіскацыі.
Калі казаць канкрэтна, то ў мінулым годзе было больш 50 палітычных зняволеных. Праз крымінальны пераслед па палітычных матывах прайшло таксама каля 50 чалавек. Амаль тысяча чалавек арыштаваны на кароткія тэрміны за ўдзел у розных акцыях пратэсту як адміністрацыйныя парушальнікі, 243 чалавекі аштрафаваны. Было дакументальна зафіксавана 77 выпадкаў жорсткага абыходжання і катаванняў. Хаця ў рэальнасці іх нашмат больш. Было дапытана ў сувязі з удзелам у палітычных мерапрыемствах па меншай меры 192 чалавекі, праведзена 97 вобшукаў, 48 канфіскацый і гэтак далей.
- Рэпрэсіі адбываліся не толькі пасля выбараў, але і на працягу ўсяго года. Яны працягваюцца нават зараз.
- Насамрэч, улада ціснула і ў наступныя месяцы, амаль на працягу ўсяго года. Было толькі некалькі месяцаў, больш-менш спакойных, калі можна было казаць, што ёсць нейкая тэндэнцыя лібералізацыі. Гэта жнівень і верасень. У летнія месцы, калі праходзілі акцыі маўчання, тады таксама шмат людзей было арыштавана на кароткія тэрміны, шмат людзей затрымлівалася. Улада дзейнічала дэманстратыўным чынам, хапала журналістаў. Гэта рабілася нелагічна з унутранага пункту гледжання. Але ж гэта было даволі лагічна са знешнепалітычнага пункту гледжання, каб абрубіць усе стасункі Беларусі з Захадам і прымусіць яе сам на сам з Расіяй. У мінулым годзе быў выдалены з краіны офіс АБСЕ, спынена праца фонду Эберта.
Канешне, гэты год вельмі паказальны. Улада дзейнічае больш жорстка. Але ён паказвае, і наколькі больш стала нераўнадушных, актыўных людзей, якія ўдзельнічалі ў масавых акцыях. Проста людзі не маюць сіл цярпець, ідуць на вуліцу і трапляюць пад пераслед. Але масавасць рэпрэсій не кажа пра сілу улады, хутчэй наадварот.
- Можа быць, улада змагаецца за сваё самазахаванне і не бачыць для гэтага іншых шляхоў, акрамя рэпрэсій?
- Значыць, яна вельмі недальнабачная. Гэта накірунак тупіковы для яе. І калі яна раней мела такі баланс – трошкі заціскала, трошкі адпускала, спробы лібералізацыі адбываліся, -- то гэта было больш на карысць устойлівасці і легітымнасці самой улады. Зараз адбываецца толькі ціск. І гэта падрывае легітымнасць як улады, так і наша краіна ўсё больш і больш становіцца залежнай ад Расіі.
- 11 красавіка 2011 года ў мінскім метро быў здзейснены тэракт. Загінула 15 чалавек, сотні паранены. Вы хадзілі на суд над меркаванымі тэрарыстамі Канавалавым і Кавалёвым. Ці знайшоў гэты эпізод адлюстраванне ў вашай справаздачы?
- Праблема смяротнага пакарання, увядзення мараторыя на яго – гэта першы пункт справаздачы. У 2011 годзе было здзейснена 3 смяротных пакарання і было абвешчана аб 2 такіх пакараннях. Але тут не самі лічбы ўражваюць. Уражвае тое, што адбылося 11 красавіка. І тое, як ішло расследаванне. І потым тое, што мы бачылі і чулі на самым судзе, які вырак абвясціў суд. Вось гэта абурыла беларускае грамадства значна ў большай ступені, чым усё, што адбывалася на працягу ўсяго года. Таму ўлады зараз не ведаюць, што рабіць. І не здарма ўсе гэтыя адстаўкі і перастаноўкі ў сілавых структурах. Не ўсё так добра там, наверсе.
- Якія Вы зрабілі высновы пасля суда і смяротнага прысуду Канавалаву і Кавалёву? Наколькі іх віна даказана?
- Я не ўбачыла доказаў, я не пачула прафесійных экспертных высноваў. Пабачыла толькі нацяжкі, толькі нейкія фантазіі, якія напрыдумвалі следчыя і якія потым паўтаралі пракуроры.
- Вы казалі пра вялікую колькасць рэпрэсаваных. Зараз пачынае высвятляцца яшчэ адзін аспект: гэтыя людзі не проста апынуліся за кратамі. Яны падвяргаюцца вельмі жорсткаму абыходжанню, катаванням.
- Так. Улада не проста пасадзіла людзей, яна іх яшчэ катуе, яна над імі здзекуецца. Вось гэтыя факты таксама шакіруюць беларускае грамадства. Гэта абуральна: у XXI стагоддзі, у цэнтры Еўропы чуць пра такое. Гэта абражае ўсіх нас – не толькі палітычных актывістаў ці інтэлектуалаў, абражае тую ж самую ўладу. Я не бачу тут логікі ці нейкіх рацыянальных падстаў. Акрамя таго, аб чым я казала, спробаў нейкіх сіл выціснуць Беларусь з еўрапейскай прасторы.
- Ці ёсць выйсце з гэтага тупіку?
- Выйсце, канешне, ёсць. Можа, сёння шмат каму бачыцца, што ўсё вельмі цяжка, вельмі дрэнна і няма выхаду. Але падзеі ідуць, грамадства расце, спее. Людзі ва ўладзе таксама бачаць, што нешта творыцца тут няладнае.
Па меркаванні Людмілы Гразновай, выхаду з тупіку будзе спрыяць і тое, што ў Расіі набіраюць моц дэмакратычныя сілы, падымаецца на ногі моцны сярэдні клас, які патрабуе зменаў. З яго патрабаваннямі вымушаны лічыцца і сённяшнія расійскія ўлады.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |