08:15 10.12.2011 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Гарбачоў: Для Лукашэнкі падышла б пасада члена палітбюро
Беларусь больш за ўсіх падобная на Савецкі Саюз, а яе прэзідэнту пасуе пасада члена палітбюро. Такое меркаванне выказаў Міхаіл Гарбачоў у інтэрв'ю Еўрарадыё.
.
– Як вы думаеце, якая з краін былога Савецкага Саюза найбольш ад яго аддалілася? І куды аддалілася?
– Вы задалі простае пытанне, на якое вельмі складана адказаць. Расія, Беларусь і Казахстан працягваюць шукаць шляхі для інтэграцыі тут, на Усходзе, на постсавецкай прасторы для таго, каб стварыць Адзіную эканамічную прастору. Украіна сама сабе задурыла галаву і ўсім нам. У мяне маці ўкраінка, я напалову ўкраінец – перажываю і люблю Украіну, але тое, што там адбываецца – мне не даспадобы. Нейкія яны баязлівыя, нібыта ім пагражае толькі Расія і больш ніхто. Усе іншыя ім пасуюць – і ЕС, і Амерыка. Магчыма, гэта цяжар нашага мінулага жыцця ў Саюзе? Але Украіне скардзіцца на мінуўшчыну няма падстаў – яны былі і ў савецкім кіраўніцтве, мелі інвестыцыі....
– А Грузія, напэўна, аддалілася больш за ўсіх?...
– Ведаеце, я Грузію не хачу аналізаваць. Грузіны і рускія, як і рускія, і беларусы – амаль адно і тое ж. Я люблю грузінаў, успрымаю іх як сваякоў. Вядома ж, па сацыялагічных апытаннях, для рускіх найбольш блізкімі з’яўляюцца беларусы. Абсалютна так. На другім месцы – украінцы.
– Ці можна сказаць, што Беларусь найбольш падобная да Савецкага Саюза? Вам не падаецца, што краіна зрабіла з сябе і для сябе свой СССР?
– Так. Нават пасля распаду Саюза краіна працягвала берагчы яго падыходы, прамысловасць – таму Беларусь і выжыла, на маю думку. Не дапусціла такога падзення, як у Расіі. Хаця Беларусь болей за іншыя краіны мае патрэбу ў супрацоўніцтве. Добра, што гэта зразумеюць. Дарма, што іншы раз адносіны доўга высвятляюцца.
– А калі паглядзім на прэзідэнтаў – Лукашэнку і Назарбаева… Яны, падобныя на генеральных сакратароў КПСС – кожны даволі доўга кіруе краінай. Ці гэта не савецкі ўплыў?
– Гэта найбольш сталыя людзі. У гэтым сэнсе я на першае месца стаўлю Назарбаева. Ён прайшоў праз выпрабаванні. Калі я быў прэзідэнтам СССР, я быў вымушаны яго бараніць, бо Кунаеў прапаноўваў адправіць яго за мяжу, прадстаўніком па эканоміцы. Ён няпросты, няпросты – наш сябра Нурсултан…
– Лукашэнка таксама няпросты…
– У Лукашэнкі свая “няпростасць” – іншая. Ён больш адкрыты, а там – усходняя хітрасць.
– А кіраваць краінай так шмат часу, як генсекі – гэта для краіны не кепска?
– Думаю – не. Не бачу магчымасці, параўнаць прэзідэнтаў з генсекамі. Мне хацелася Нурсултана зрабіць прэм’ерам пасля рэалізацыі патрабаванняў новай саюзнай дамовы. Ён згаджаўся. Аляксандра я паважаю за яго вызначанасць, яснасць… Я памятаю яго яшчэ з нарадаў. Былі такія нарады неспакойных гаспадарнікаў падчас “перабудовы” ў прэзідэнта.
– Лукашэнка тады быў у якім статусе?
– Як адзін з кіраўнікоў гаспадаркі, якія мыслілі прагрэсіўна – ён быў дырэктарам саўгасу.
– Ён кажа, што ўдзельнічаў у распрацоўцы праграмы, вядомай як “Пяцьсот дзён”…
– Так. Хай гэтым не ганарыцца… (Смяецца.) Для мяне яшчэ галоўнае, як ён у апошняй, драматычнай стадыі СССР сябе паводзіў! Таму ўсё яму дарую. Часам я бачу, і казаў гэта публічна, што ён дзейнічае, “як слон у краме з парцалянай”.
– Гэта не добра…
– Слон, калі зачэпіць – мала не будзе… Сёння гэта ўжо іншы чалавек. Але ж ён за Саюз быў да канца! Ды і цяпер застаецца адданы ідэям Саюза.
– Вы казалі, што Назарбаева ўзялі б прэм’ерам савецкага урада тых часоў, а для сённяшняга Лукашэнкі знайшлі б пасаду?
– Членам палітбюро.
– І кожны з прэзідэнтаў краін былога СССР мог бы ўвайсці ў палітбюро…
– Не ўсе. Славяне добрыя і казахі.
– Кажуць, што ўсе каляровыя рэвалюцыі былі заменаю савецкай наменклатуры, яна не хацела сыходзіць… І, напрыклад, прыход да ўлады Лукашэнкі быў нібы такой самай “рэвалюцыяй”, калі ён скінуў наменклатурніка Кебіча…
– Нельга зводзіць да Кебіча задачы беларускіх перамен і рэформ, тым больш думаць, што ў гэтым была сутнасць беларускай “рэвалюцыі”. (Смяецца.) Па сутнасці, “перабудова” – гэта былі рэвалюцыйныя перамены. Калі б нам удалося давесці гэта да канца… Але ўсё абарвалася.
– Пакаленне, якое не жыло ў савецкія часы, вельмі адрозніваецца ад тых, савецкіх, пакаленняў?
– Вельмі! Паміж імі ёсць ужо два пакаленні. Адны трапілі пад раскраданне, расцягванне дзяржаўнай ўласнасці. Гэта прывяло да такой дзікай рынкавай гаспадаркі, што зрабіла вельмі вялікі адбітак на іх маралі і паводзінах. Наступнае пакаленне мне больш падабаецца. У іх няма такога цынізму, з’яўляецца маральнае патрабаванне да сябе і грамадства.
– Можа тады яны больш падобныя да савецкіх людзей?
– Яны падобныя да сябе. Да савецкіх – мала, бо савецкія засталіся савецкімі. Яны паступова сыходзяць з жыцця. Але хто пражыў за саветамі дзесяцігоддзі – з савецкасцю гэтай не проста развітацца. Бачыце, як мы развітваемся са сталінізмам? Развітваемся-развітваемся – ажно выходзяць калоны з партрэтамі Сталіна. Гэта няпроста! Сёння ўсе сацыялагічныя апытанні кажуць, што каля 80% настальгуюць па савецкім часе. Але толькі 15% жадалі б яго вярнуць і жыць у СССР...
– На ваш погляд, пра што гэтыя лічбы кажуць?
– Пра тое, што за гэтыя гады людзі пакаштавалі свабоду слова, дэмакратыю і не жадаюць адмаўляцца ад гэтага. Так, у Савецкім Саюзе было шмат добрага, напрыклад, сацыяльная палітыка. Аднак, шчыра кажучы, нешта з гэтага было зроблена, самі ведаеце, праз Магадан.
– Але Беларусь увесь час звяртаецца да тых часоў, нібыта жадае вярнуцца ў СССР…
– Не атрымліваецца. Можна было б ва Украіне рэалізаваць той вялізны патэнцыял, што там быў закладзены за савецкаю ўладаю. Але украінцы не хочуць быць з рускімі.
– Ці можна сёння такой краіне былога Савецкага Саюза, як Беларусь, ісці сваім шляхам асабістым: ні на захад, ні на усход?
– Свой шлях для Беларусі – гэта захоўваць суверэнітэт і будаваць адносіны з Расіяй.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |