23:46 12.11.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
«Галоўнае, каб барацьба была сумленнай»
«Пасьля вызваленьня Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў прайшло больш за год. З той пары сітуацыя ў краіне не зьмянілася ў лепшы бок – наадварот, шмат у чым яна зрабілася горшай», – зазначыў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі. Нагодаю для яе сталася пытаньне аб магчымасьці поўнага скасаваньня візавых санкцыяў Еўразьвяза да беларускіх чыноўнікаў (у тым ліку А.Лукашэнкі), якое будзе абмяркоўвацца 16 лістапада.
На гэты конт прэзідыум Палітсавета Аб’яднаных дэмакратычных сілаў зрабіў адпаведную заяву (гл. папярэдні матэрыял). У прэс-канфэрэнцыі, апроч Анатоля Лябедзькі, бралі ўдзел кіраўнікі іншых партыяў з АДС: Беларускай партыі аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет» (былая Партыя камуністаў) Сяргей Калякін і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Анатоль Ляўковіч.
Сяргей Калякін засяродзіўся на тэме дыялога. «Ад дыялогу – і зьнешняга, і ўнутры краіны – усе бакі могуць выйграць. Разам з тым, гульня ў дыялог – вельмі небясьпечная, – адзначыў Калякін. – У палітычнай сферы ідзе збольшага дэмагогія, якая падмацоўваецца нейкімі дэманстратыўнымі захадамі».
Праз прэсавую канфэрэнцыю наскрозь праходзіла тэма дэмакратычных выбараў. «Выбары трэба разумець ва ўсім комплексе, а не толькі як вылучэньне кандыдатаў і апусканьне бюлетэняў», – падкрэсьліў С.Калякін.
Ён прывёў прыклады, што сьведчаць пра жаданьне ўлады абмежавацца паказушнымі, касмэтычнымі хадамі. Так, абсурднай Калякін назваў прапанову Лукашэнкі дазволіць сустрэчы з выбаршчыкамі па заяўным прынцыпе, але толькі ў вызначаных уладаю месцах. Такім жа прыкладам ёсьць і акрэдытацыя «Еўрапейскага радыё для Беларусі»: «Чаму не акрэдытуюць іншых? Калі б зьены мелі сістэмны характар – акрэдытавалі б усіх!»
А.Лябедзька акцэнтаваў увагу, што гаворка ідзе менавіта пра свабодныя і справядлівыя выбары, а не пра іх вынікі, – маючы на ўвазе, што «допуск» уладаю некаторых дэмакратычных кандыдатаў праблемы ніяк не вырашае. «Калі мы прайграем на свабодных выбарах – ну, што ж. Галоўнае, каб барацьба была сумленнай», – заявіў ён.
Наконт візавых санкцыяў палітыкі выказалі адзінае меркаваньне: мараторый на іх дзеяньне трэба працягнуць яшчэ на поўгады – але цалкам іх скасоўваць пакуль зарана.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме