11:47 07.05.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Гадавіна “Ўсходняга партнэрства”
Год таму, 7 траўня, у Празе адбылася інаўгурацыя новай праграмы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства».
Гэта польска-швэдзкая ініцыятыва, якая прадугледжвае «глыбейшую інтэграцыю» 27 краінаў Эўразьвязу зь Беларусьсю, Украінай, Малдовай, Грузіяй, Армэніяй і Азэрбайджанам.
Ці спраўдзіліся спадзяваньні на гэтую праграму?
Паводле лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, з пункту гледжаньня пэрспэктываў эўраінтэграцыі гэтая праграма вельмі важная для Беларусі. Гэта «навука супрацоўніцтва, школа, першая кляса. А Беларусі ёсьць чаму вучыцца». Самым важным ён лічыць распачаты дыялёг, часткай якога ёсьць «Усходняе партнэрства».
«Улады хочуць найперш грошай, крэдытаў, інвэстыцый. А рабіць Беларусь дэмакратычнай не зьбіраюцца. Гэта велізарная памылка. Ня будзе такой працы аднабаковай. Эўразьвяз аб’яднаўся на пэўных каштоўнасьцях і будзе супрацоўнічаць толькі з тымі, хто імкнецца да пэўных стандартаў. Беларусь не імкнецца — будзе замарозка стасункаў, што шкодзіць інтарэсам беларускага народу».
Спадар Мілінкевіч лічыць: каб адбылася палітычная лібэралізацыя ў Беларусі, трэба ўдасканальваць інструмэнты.
«Эўразьвяз павінен выпрацоўваць новыя інструмэнты, якія тычацца палітычнай лібэралізацыі і грамадзянскіх свабодаў. Тут праграма пакуль што не спрацавала. Але ніхто не казаў, што гэта ідэальныя інструмэнты, што мы ўсё ведаем і зможам. Гэта вельмі складаная рэч. І ніякіх ілюзіяў не было. Я думаю, што ЭЗ прыходзіць да таго, што патрэбна „дарожная мапа“, пра якую я казаў на самым пачатку дыялёгу, і гэта вельмі важна».
Станіслаў Шушкевіч заявіў, што надзеі на «Ўсходняе партнэрства» застаюцца, але пакуль што «няма ніякіх зрухаў у дзяржаўным сэнсе».
«У нас няма ніякіх зрухаў ні па дэмакратызацыі, ні па правах чалавека. Усё як было, так і засталося. Асабліва паказальныя так званыя выбары — усё ня лепш, чым было. Былі зробленыя касмэтычныя захады, каб нешта палепшыць, але нічога не палепшылася. Апроч размоваў, нічога няма. З боку нашых уладаў былі пэўныя абяцаньні, але яны выліліся ў тое, што яшчэ дадаліся новыя абяцаньні».
Напярэдадні саміту ў Празе Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч і Аляксандар Казулін выступілі з сумеснай заявай, у якой віталі ідэю «Ўсходняга партнэрства» і выказалі ўдзячнасьць Эўразьвязу за ўключэньне Беларусі ў гэтую праграму.
«Сёньня можна было б паўтарыць гэтую самую заяву, што надзея ёсьць, але зрухаў няма».
Былы палітвязень Аляксандар Казулін, ацэньваючы гадавіну «Ўсходняга партнэрства», адзначыў, што намеры добрыя, але пакуль апроч намераў нічога няма, нават не пачаў працу «Эўранэст».
«Калі браць праграму, то вынікаў яе няма. Калі браць дыялёг, то ўсё стала нашмат горш. Вось і ўсё».
Паводле спадара Казуліна, калі Беларусь лічыць сябе эўрапейскай краінай, то гэтая праграма, безумоўна, патрэбная.
«Гэтая праграма будзе мець вялікую карысьць, але калі яна будзе мець нейкую напоўненасьць і ажыцьцяўляцца. Пакуль толькі дэклярацыі і намеры».
Паводле лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, «чаканьні засталіся, а гэта азначае, што праграма запрацуе і будзе эфэктыўнай». А гэта, паводле спадара Лябедзькі, магчыма тады, калі Брусэль, афіцыйны Менск і беларуская апазыцыя будуць аднолькава ўспрымаць «Ўсходняе партнэрства» і працаваць на яго рэалізацыю.
«Для Лукашэнкі „Ўсходняе партнэрства“ — гэта каса, у якую, ён думаў, будзе хадзіць хаця б адзін раз у месяц і здымаць ня толькі палітычныя, але і фінансавыя дывідэнды. Ён гатовы разьвіваць толькі той складнік праграмы, які на выхадзе будзе вось гэтай касай, дзе можна будзе атрымліваць грошы. А для апазыцыі важна знайсьці магчымасьць, інструмэнты, каб уплываць на зьмену сытуацыі ў Беларусі».
Нагадаем, што шэраг краін Эўразьвязу выступілі супраць асабістага ўдзелу кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў саміце. Таму беларускую дэлегацыю на саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Празе ачоліў першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка.
У Празе перад пачаткам саміту адбылася сустрэча міністра замежных спраў Чэхіі Карэла Шварцэнбэрга з старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай і былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандрам Казуліным, Аляксандрам Мілінкевічам, Зянонам Пазьняком і Станіславам Шушкевічам. На сустрэчы абмяркоўваліся прапановы прадстаўнікоў беларускага грамадзтва ў дачыненьні да гэтай праграмы.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
13 ноября 2024
« | Ноябрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | 2 | 3 | ||||
4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 |
11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 |
18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 |
25 | 26 | 27 | 28 | 29 | 30 |