14:15 26.02.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Гістарычны цэнтр Брэста хочуць забудаваць шматпавярховікамі
Распрацаваная схема будаўніцтва і рэканструкцыі гістарычнай часткі Берасця. Там маюць з’явіцца шматпавярховыя дамы, офісы і гандлёвыя цэнтры. У гістарычным цэнтры стаіць больш за 200 будынкаў. Усе яны — пад кантролем Міністэрства культуры. Аднак толькі 15 з іх атрымалі 3-ю катэгорыю гістарычнай каштоўнасці, астатнія аб’екты ў спісе — без статусу. Гэта дае права больш свабодна праводзіць рэканструкцыю. Незалежныя эксперты ўжо акрэслілі яе як «брутальную».
У найбліжэйшыя пяць гадоў чакаецца рэканструкцыя 48 будынкаў. Паводле інфармацыі гарвыканкаму, у спіс увайшлі: офісны будынак «Белзнешэканомбанку» на вуліцы Леніна, 66; жылы дом на вуліцы Леніна, 50; інтэрнат епархіяльнага кіраўніцтва на вуліцы Гогаля, 74. Большасць аб’ектаў са спісу знаходзіцца ў стадыі праектавання, узгаднення, пошуку інвестараў.
На некаторыя дамы інвестары ўжо знайшліся. Напрыклад, прадпрыемства «Ital-Invest» выказала жаданне пабудаваць вялікі гандлёвы цэнтр на пляцоўцы, абмежаванай вуліцамі Куйбышава, Савецкай, Дзяржынскага і праспектам Машэрава. Будоўля пацягне з сабой адсяленне жыхароў раёну, якім такая перспектыва не падабаецца.
«Мы не ведаем пакуль дакладнага плану рэканструкцыі, але ў гарвыканкаме кажуць, што грошы на нашае высяленне ўжо шукаюць, — кажа мясцовая жыхарка Святлана Маркевіч. — Мы чакалі зусім іншага — невялікіх будынкаў, стылізаваных пад даўніну. Але інвестары хочуць бачыць у цэнтры шматпавярховыя дамы, офісы ды вялікія гандлёвыя цэнтры».
Разам з тым, адзін з гістарычных помнікаў берасцейцам пакуль удалося адстаяць. Гаворка ідзе пра дамы на вул. Савецкай 43 і 45. На прапанову мэра гораду Аляксандра Палышэнкава чэшская кампанія «Develepment» мелася будаваць там гатэль. Аднак горадабудаўнічая рада пры Берасцейскім гарвыканкаме праект адхіліла.
Наша Ніва
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме