13:31 19.04.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Еўрапейская федэрацыя журналістаў заклікала ўлады Беларусі спыніць дыскрымінацыю незалежных СМІ
18 красавіка ў Стамбуле (Турцыя) Агульны сход Еўрапейскай федэрацыі журналістаў прыняў рэзалюцыю датычна свабоды СМІ ў Беларусі.
У ёй еўрапейская журналісцкая супольнасць выказала салідарнасць са сваімі беларускімі калегамі, а таксама заклікала ўлады Беларусі спыніць дыскрымінацыю незалежных СМІ, забяспечыць поўны доступ да інфармацыі і прывесці нацыянальнае заканадаўства ў галіне СМІ ў адпаведнасць з міжнароднымі страндартамі.
«Перад еўрапейскай журналісцкай супольнасцю сёння стаіць шмат праблем і выклікаў, якія актыўна абмяркоўваліся падчас форуму, — адзначыў намеснік старшыні ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў“ Андрэй Аляксандраў. — Гэта сітуацыя з аўтарскімі правамі, грамадскім вяшчаннем, абароненасцю журналістаў-фрылансераў, якасцю журналістыкі ва ўсёй Еўропе.
На гэтым фоне не згубілася і беларускае пытанне. Сітуацыя са свабодай выказвання і правамі журналістаў у нашай краіне застаецца ў цэнтры міжнароднай ўвагі, што яшчэ раз пацвярджае прыняцце гэтай рэзалюцыі. Для незалежных журналістаў у Беларусі вельмі важна адчуваць салідарнасць калег і ўсведамляць сябе паўнавартаснай часткай еўрапейскай журналісцкай супольнасці».
Поўны тэкст дакумента, прынятага ў Стамбуле:
Тэрміновая рэзалюцыя па свабодзе прэсы ў Беларусі
Адзначаючы высновы і рэкамендацыі Міжнароднай місіі ў Беларусь у верасні 2009 года,
Адзначаючы, што ў Беларусі не гарантаваная свабода прэсы, у прыватнасці, не забяспечаныя роўныя ўмовы для незалежных СМІ, а таксама існуюць відавочныя праблемы з доступам да інфармацыі,
Адзначаючы, што ў краіне рэгулярна маюць месца факты пагроз, запалохвання, нападаў на журналістаў і ўмяшальніцтва ў іх прафесійную дзейнасць, у тым ліку адзначаючы апошнія факты ператрусаў і допытаў журналістаў і адбірання іх працоўнага абсталявання,
Адзначаючы нядаўнія напады беларускіх уладаў на Беларускую асацыяцыю журналістаў, якая з’яўляецца сябрам МФЖ, што значна пагаршае абароненасць незалежных журналістаў у Беларусі і стварае перашкоды дзяйнасці БАЖ,
Выказвае сваю салідарнасць з Беларускай асацыяцыяй журналістаў і падтрымлівае барацьбу сябраў БАЖ і незалежных журналістаў за свабоду прэсы і правы журналістаў у Беларусі;
Заклікае ўлады Беларусі неадкладна спыніць ціск на незалежных журналістаў і забяспечыць свабоду медыяў у краіне, у першую чаргу — за кошт спынення дыскрымінацыі незалежных СМІ, забеспячэння поўнага доступу да інфармацыі і прывядзення нацыянальнага заканадаўства ў галіне СМІ ў адпаведнасць з міжнароднымі страндартамі;
Заклікае інстытуцыі Еўрапейскага Звязу, Раду Еўропы і АБСЕ адсочваць парушэнні свабоды СМІ ў Беларусі і абараняць свабоду медыяў і правы журналістаў у Беларусі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме