15:32 24.03.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Еўрадэпутаты хочуць прыехаць назіральнікамі на мясцовыя выбары ў Беларусі
Парламентарыі жадаюць паглядзець, як будуць прымяняцца змены ў выбарчае заканадаўства
Еўрапарламент чакае, што Беларусь запросіць назіральнікаў на мясцовыя выбары. Пра гэта 24 сакавіка на спецыяльнай прэс-канферэнцыі, прысвечанай Еўранэсту, заявіў старшыня Дэлегацыі Еўрапейскага Парламента ў Еўранэст Крысціян Вігенін. Еўрадэпутаты хацелі б паглядзець, як будуць ужывацца нядаўна ўнесеныя змены ў выбарчае заканадаўства і ці будуць рэальныя зрухі ў гэтай сферы.
Хаця звычайна Еўрапарламент назірае за прэзідэнцкімі і парламенцкімі выбарамі, а не за мясцовымі, запрашэнне Беларусі было б станоўчым знакам. Напрыклад, на мінулым тыдні было прынятае рашэнне аб стварэнні дэлегацыі назіральнікаў мясцовых выбараў у Грузіі, адзначыў еўрадэпутат.
Крысціян Вігенін адзначыў, што мясцовыя выбары стануць адным з самых важных паказчыкаў гатоўнасці Беларусі ісці насустрач. Ад гэтага будзе залежаць, ці будуць прадстаўленыя беларускія дэпутаты ў Еўранэсце.
Крысціян Вігенін: “Ці запрашаць, вырашае Беларусь. Гэта было б добрай ідэяй. Мы гатовыя да кампрамісаў, але і ад беларускага боку залежыць, ці падаваць знакі супрацоўніцтва”.
Назіраць за мясцовымі выбарамі змогуць і замежныя дыпламаты.
Крысціян Вігенін: “Спадзяюся, што як нам абяцалі, замежным дыпламатам дазволяць назіраць за выбарамі, і яны падрыхтуюць для нас справаздачу”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме