21:01 09.06.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Дзіцячае "Еўрабачанне-2010" пройдзе ў Беларусі
Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2010" пройдзе ў Беларусі. Аб гэтым 8 чэрвеня Белтэлерадыёкампаніі афіцыйна паведаміў Еўрапейскі вяшчальны саюз (ЕВС). Шоу адбудзецца ў Мiнску 20 лістапада 2010 года. Дамашняй вяшчальнай кампаніяй усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2010" вызначана Белтэлерадыёкампанія.
Спачатку на правядзенне конкурсу прэтэндавалі многія краіны-удзельніцы ЕВС. Пасля першых слуханняў наглядальнага савета ЕВС у лютым гэтага года ў фінале засталося тры краіны: Беларусь, Расія і Мальта. 5 чэрвеня ў Кіеве адбылося пасяджэнне наглядальнага савета ЕВС, на якім краіны-фіналісткі паказалі свае прэзентацыі. Беручы пад увагу паспяховае правядзенне ў траўні ў Маскве дарослага "Еўрабачання-2009", многія лічылі фаварытам Расію. Аднак ідэі, прадстаўленыя на прэзентацыі Белтэлерадыёкампаніяй, аказаліся настолькі пераканаўчымі і важкімі, што рашэнне было прынята на нашу карысць: Беларусь — гаспадыня дзіцячага "Еўрабачання-2010"! Месцам правядзення выбраны комплекс "Мiнск-арэна".
Сярод пераваг беларускай заяўкі-прэзентацыі перад канкурэнтамі з Расіі і Мальты журы адзначыла найбольшую дэталізацыю ўсіх момантаў знаходжання замежных дэлегацый у Беларусі. Ужо вызначаны і праграма для адпачынку юных выканаўцаў (іх павядуць на спецыяльнае цыркавое шоу, адвязуць на сустрэчу з беларускім Дзедам Марозам і інш.), і унікальны дызайн сцэны, і вялікая ўмяшчальнасць арэны (каля 15000 гледачоў), і слоган конкурсу ("Feel the magic!" — "Адчуй чараўніцтва!"), каб за месяц да Новага года дзеці змаглі акунуцца ў Беларусі ў атмасферу сапраўднай казкі з сюрпрызамі. Банеры з выявамі ўдзельнікаў плануецца расклеіць на цэнтральных вуліцах беларускіх гарадоў, а іх ролікі будуць трансліравацца на відэаэкранах Белтэлерадыёкампаніі ў Мінску, каб артысты адчувалі сябе сапраўднымі зоркамі. Хутка будзе вызначаны і выканаўца, які дасць майстар-клас для ўдзельнікаў "Еўрабачання". Сярод кандыдатур - Джэніфер Лопез, Джасцін Цімберлэйк і іншыя зоркі сусветнай поп-сцэны.
Выканаўчы дырэктар конкурсаў песні "Еўрабачанне" Свантэ Стакселіус даручыў Белтэлерадыёкампаніі фарміраванне каманды падрыхтоўкі конкурсу і выбар выканаўчага прадюсера. Для работы ў Менск будуць запрошаны вопытныя кампаніі па здымцы, устаноўцы святла, тэхнічным аснашчэнні, якія ўжо былі задзейнічаны ў дарослых і дзіцячых конкурсах "Еўрабачанне". Ужо сёння ў Белтэлерадыёкампаніі ёсць заяўкі ад патэнцыяльных спонсараў, удзел якіх дасць магчымасць задзейнічаць рэкордную для дзіцячага шоу колькасць краін-удзельніц (да 20—25).
Нагадаем, у 2008 годзе Белтэлерадыёкампанія падавала заяўку на правядзенне ў Беларусі дзіцячага "Еўрабачання-2009", аднак тады ў якасці краіны-арганізатара ЕВС выбраў нашу бліжэйшую суседку — Украіну.
Белтэлерадыёкампанія з’яўляецца адзіным у Беларусі членам Еўрапейскага вяшчальнага саюза і трансліруе ўсе мерапрыемствы, што праводзяцца пад эгідай ЕВС, паведамляе БЕЛТА.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме