13:02 05.02.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
«Деструктивная организация, членство в которой несовместимо с работой в государственных учреждениях и ведомствах»
3 лютага Саюз беларускіх пісьменнікаў выступіў з заявай аб пераследзе сяброў аб’яднання. У апошнія дні ўсе сябры СБП, якія працуюць у дзяржаўных бюджэтных установах, былі выкліканыя да кіраўніцтва. Кіраўніцтва, як высветлілася, атрымала ліст з Адміністрацыі прэзыдэнта, які, паводле словаў старшыні Саюзу беларускіх пісьменнікаў Алеся Пашкевіча названы так: «Деструктивная организация, членство в которой несовместимо с работой в государственных учреждениях и ведомствах».
Між тым грамадскае аб’яднанне «Саюз беларускіх пісьменнікаў» зарэгістраванае ў Міністэрстве юстыцыі. У яго шэрагах народныя паэты Беларусі Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін, а таксама Генадзь Бураўкін, Уладзімер Арлоў, Уладзімер Някляеў.
Сябрам СБП, якія працуюць у дзяржаўных установах, ва ўльтыматыўнай форме было прапанавана выйсці з Саюза беларускіх пісьменнікаў, інакш іх звольняць. Прынамсі двое літаратараў напісалі заявы аб выхадзе з СБП. Таму 3 лютага была тэрмінова скліканая Рада СБП, на якой аднагалосна быў прыняты зварот. У звароце прозвішчы не называюцца. Як сказана ў звароце, ганебныя і незаконныя «працэсы» мелі месца ў сталіцы і ўсіх рэгіёнах Беларусі (у «ЛіМе», выдавецтве «Мастацкая літаратура», Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, БДУ, БНТУ, БДЭУ, БДПУ, абласных універсітэтах, рэдакцыях газет, музеях і школах).
«НН» пагутарыла з навукоўцам і публіцыстам, сябром СБП, Анатолем Астапенкам.
«НН»: Як пачаўся ціcк на Вас?
АА: Пачалося ні з таго ні з сяго. Я працую дацэнтам БНТУ, выкладаю вышэйшую матэматыку і інфарматыку. 1,5 гады таму прыйшоў туды працаваць. Спачатку са мной заключылі кантракт на год. А вясной мінулага года адразу на 5 гадоў заключылі. Да 2014 году. Я ўжо думаў, што буду жыць спакойна. Але 29‑га, у пятніцу, я прыйшоў на працу, а мне загадчык кафедры, У.Ніфагін, кажа: «Пішы заяву на звальненне па ўласным жаданні». Відаць, спусцілі зверху. Я, вядома, у шоку быў. У нас канікулы якраз зараз. Заняткі з наступнага тыдня пачынаюцца. Мне нават умову паставілі, каб я тэрмінова заяву напісаў.
«НН»: А як патлумачылі Вам такія патрабаванні?
АА: Нічога спачатку не тлумачылі. Калі пачаў высвятляць, то спасылаліся на нейкую «палітыку». Звальняйся з працы, і ўсё. Маўляў, у інтэрнэце маё прозвішча фігуруе. А я ні ў чым не ўдзельнічаў пасля апошніх выбараў. Тое было яшчэ да ўладкавання на працу ў БНТУ. Літаратурай заняўся, уступіў у СБП. Вось гэтым і займаўся. У гутарцы з загадчыкам кафедры ўсплыло, што звольніць мяне хочуць праз сяброўства ў СБП. Нібыта ён «альтэрнатыўны». Пытаюся, а што у гэтым дрэннага? Адказвае — ён дэструктыўны.Я адмовіўся пісаць заяву. Так і сказаў.
«НН»: Што адбывалася далей з Вамі? Адчапіліся?
АА: Наступная размова адбылася праз паўгадзіны. Прыйшоў дэкан і пачаў больш жорстка душыць. З загадчыкам кафедры ў мяне добрыя адносіны, там не было такога ціску. А дэкан новы. Я і яму адмовіў. Але нават з кабінету не паспеў выйсці, як паведамілі, што ў мяне будзе гутарка з прарэктарам. Усе перапалохаліся. Прарэктар па сацыяльных пытаннях, фізічнай культуры і спорту А.Гусеў, пачаў пагражаць. Маўляў, не дамо табе гадзін. Літаральна выганяў на вуліцу. Людзей калі звальняюць, то папярэджваюць за месяц, за два. У панядзелак усё па новай працягнулася. Я прапанаваў, што хоць да лета дапрацую. Але кіраўніцтва не пагадзілася.
«НН»: Якімі будуць вашыя далейшыя крокі?
АА: Збіраюся адстойваць свае правы з дапамогай юрыстаў. Ужо напісаў заяву на імя рэктара аб незаконных дзеяннях у дачыненні да мяне. Зарэгістраваў яе ў канцылярыі. Пералічыў імёны кіраўнікоў, якія ціснуць. Паглядзім, што будзе далей. Не збіраюся здавацца. Паспрабую пачаць семестр, калі яны міліцыянтаў не паставяць на ўваходзе. Рыхтую лекцыі. На калег ціснуць. Загадчык кафедры ўжо прасіў напісаць заяву дзеля яго. На яго ціснуць, пагражаюць звальненнем.
«НН»: У чым, на вашую думку, прычына такога вострага ціску? Іншым сябрам СБП папросту прапанавалі напісаць заяву аб сыходзе з арганізацыі.
АА: Я думаю, што справа ў маёй новай кнізе, прысвечанай беларускаму нацыяналізму. Яна павінна была вось‑вось выйсці. Відаць, сігнальны асобнік трапіў у адпаведныя рукі. Думаю, што менавіта выхад кнігі стаў прычынай жадання мяне звольніць. Тут шмат чаго напісана, зусім не па канонам дзяржаўнай ідэалогіі. Мне ніякай альтэрнатывы не прапанавалі. Кожны дзень тэлефануюць. Патрабуюць, каб я да канца семестра звольніўся. Новы пачынаецца ўжо ў панядзелак. Вельмі складана гэта пераносіць. Дзіка. На вуліцу, і ўсё. Дзе логіка, дзе справядлівасць? З калег ніхто не ведае пакуль. У аўторак мае заняткі пачынаюцца. Расклад нават вісіць з маім прозвішчам. Паглядзім, што будзе. У іх адна лінія — прыбраць і ўсё.
«НН» звярнулася да пракрэктара БНТУ А.Гусева па тлумачэнні. Паводле слоў спадара Гусева, ніякай размовы з А.Астапенкам не было і аб яго звальненні гаворкі не вядзецца.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме