15:01 02.02.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Дэпартацыя польскіх настаўнікаў з Брэста

31 студзеня з Брэста былі дэпартаваныя польскія настаўнікі спадар Пётр Борань і спадарыня Халіна Зайкоўска. Яны працавалі ў “АКЦ Мост”, на базе якога існуе Польская грамадская школа імя Ігната Дамейкі Саюза Палякаў Беларусі ў Брэсце. Настаўнікі выкладалі польскую мову і гісторыю для груп вучняў старэйшых класаў, для ўсіх жадаючых засвоіць асновы ведаў у галіне гісторыі і геаграфіі Польшчы, польскай мовы і яе культуры.

Спецыялісты былі зарэгістрыраваныя, працавалі ўжо другі год, мелі дазвол ад уладаў Брэста на працу ў галіне адукацыі. Іх праца была надзвычайна важнай і патрэбнай, бо веды, якія яны аддавалі з запалам сваім вучням, дапамагалі дасягнуць высокага ўзроўню ў авалоданні вышэй названымі дысцыплінамі. Гэта людзі высокай духоўнай культуры, багатага жыццёвага досведу, вялікага чалавечага сэрца.

Доктар гісторыі Пётр Борань двойчы ўдзельнічаў у міжнародных навуковых канферэнцыях, якія адбыліся ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце і выступіў з рэфератамі, якія пазітыўна былі ацэненыя прысутнымі. Польскія настаўнікі сталі гонарам і візіткай Польскай грамадскай школы ў Брэсце, якая ў сваю чаргу карыстаецца асаблівай папулярнасцю сярод жыхароў Брэста і ваколіц. У суботу і нядзелю спецыяльна на заняткі да польскіх настаўнікаў даяжджалі навучэнцы з Кобрына, Пінска, Пелішч.

Прычынай дэпартацыі стала змена месца жыхарства настаўнікаў, якія перасяляліся з раней вынаймаванай кватэры ў новы арэндаваны дом.

Поўнае перасяленне настаўнікаў так і не адбылося, бо спецслужбы, якія назіралі (як аказалася пазней) за гэтым працэсам, на дзіва, вельмі хутка выявілі парушэнні заканадаўства. Аказваецца, трэба было ў акрэслены тэрмін перарэгістрыравацца па новаму адрасе. Слушна.

Але далейшыя дзеянні ўлад не могуць быць ацэнены інакш, як новы наезд на ініцыятывы мясцовай супольнасці па пашырэнні і развіццю адукацыі на польскай мове ў Брэсце. Замест таго, каб папярэдзіць, альбо патлумачыць, што і як трэба зрабіць у дадзенай сітуацыі, (гаспадыня дому на той час знаходзілася ў С. Петэрбургу), на настаўнікаў была выклікана 7-асабовая група прадстаўнікоў міліцыі, домакіраўніцтва, спецслужбаў. Паважаным людзям, гасцям нашай краіны, як якім бандытам, прад’яўлена абвінавачванне, узятыя адпячаткі пальцаў і аб’яўлена дэпартацыя на 5 гадоў. З асаблівай цынічнасцю паводзіў сябе начальнік РАУС Маскоўскага раёна г. Брэста Васіль Верамейчук, які патрактаваў нашых гасцей як зламыснікаў.

Такая санкцыя не адпавядае дапушчанаму парушэнню, якое было зроблена не наўмысна і магло быць ліквідавана за пару дзён. Гэтыя дзеянні ўлады яшчэ раз задэманстравалі яе нелаяльнасць да польскай дыяспары ў горадзе, якая са свайго боку робіць усё магчымае да наладжвання спрыяльнага клімату для кантактаў паміж горадам Брэстам і суседняй Польшчай, для росквіту культурных ініцыятыў брацкіх славянскіх народаў Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча.

Узнікаюць пытанні: каму патрэбны гэты скандал, і на што разлічваюць яго арганізатары?

Адказ просты: разыгрываецца сцэнарый 2005 года па застрашэнні і дэзарыентацыі мясцовай польскай супольнасці, якая рыхтуецца да VIІ з’езду Саюза Палякаў у Беларусі. З’езд адбудзецца 14 – 15 сакавіка2009 года ў Баранавічах Брэсцкай вобласці.

Актывізацыя рэпрэсіўных дзеянняў з боку ўлады тлумачыцца даўно вядомай яшчэ з часоў савецкай улады палітыкай татальнага знішчэння ўсяго польскага ў нашай краіне, недапушчэння палякаў да карыстання правамі, якія гарантуе ім Канстытуцыя РБ.

На 31 студзеня было запланавана пасяджэнне актыву абласнога аддзелу СПБ па падрыхтоўцы VIІ з’езду СПБ, дзе прадугледжана абмеркаванне існуючай патавай сітуацыі. Паказальна, што брэсцкія ўлады не прыдумалі нічога лепшага, як пакараць дзяцей і ўсіх ахвотных да навукі на польскай мове ў горадзе. Навучанне перарвана за 3 месяцы да экзаменаў, у адказны момант паўтарэння праграмаў навучання.

Спатканне актыву абласнога аддзела СПБ адбылося. Прынята рашэнне арганізаваць нядзельныя заняткі ў Тэрэспалі, а моладзь прывозіць на заняткі аўтобусам. Таксама будзе ўведзена ў практыку Польскай грамадскай школы ў Брэсце дыстанцыйнае навучанне, і настаўнікі з Любліна і Беластоку будуць дапамагаць вучням з Беларусі атрымоўваць веды па гісторыі і культуры Польшчы праз тэлебачанне.

Вучні і настаўнікі Польскай грамадскай школы будуць змагацца за сваіх настаўнікаў, якія былі дэпартаваныя з такой незразумелай і крыўднай жорсткасцю.

Польскае МЗС распачало па гэтай справе кансультацыі з паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.

А яшчэ асабіста хачу выразіць непавагу да арганізатараў гэтай правакацыі. Сорам у час, калі крызісная эканамічная сітуацыя і здаровы сэнс накіроўваюць нашу краіну да супрацоўніцтва з суседзямі ва ўсіх сферах нашага жыцця, паводзіць сябе такім чынам. Трэба больш думаць аб дзецях і будучыні рэспублікі.

Фотографии:
Все фотографии

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме