20:45 24.07.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Дацкаму актывісту далі ад варот паварот
23 ліпеня ўвечары ў аэрапорце Менск-2 быў затрыманы Енс-Крыстыян Люткэн, кіраўнік Дацкай ініцыятывы ў падтрымку свабоды і дэмакратыі (SILBA).
"Яны разглядалі мой пашпарт вельмі ўважна, і ўрэшце я даведаўся, што мне не дазваляюць на ўезд у краіну і што я ў Беларусі зьяўляюся непажаданым госьцем", — сказаў сёньня Люткэн супрацоўніцы азэрбайджанскай службы радыё "Свабода" Ганне Замэйц.
Люткэн, які меў дзейную беларускую візу, правёў ноч у замкнутым памяшканьні ў аэрапорце разам з чатырма незнаёмымі асобамі, а 24 ліпеня ранкам яму аддалі пашпарт са штампам, які забараняе ўезду ў Беларусь.
"Я адразу папрасіў іх паінфармаваць пра здарэньне дацкую амбасаду ў Маскве. Яны гэтага не зрабілі, бо не разумелі па-ангельску. Але мне дазволілі забраць мой мабільнік у камэру, так што я мог пазваніць дацкім СМІ і пагаварыць з дацкай амбасадай у Маскве", — сказаў Люткэн.
Дацкага актывіста моцна ўразіла тое, што ніхто ў менскім міжнародным аэрапорце ня быў у змозе дагаварыцца зь ім па-ангельску:
"Мне паставілі штамп на забарону ўезду, пад якім нешта напісана па-расейску. Я думаю, што мне забаранілі ўезд на 5 гадоў, але гэта ўсяго мая здагадка. Ніхто ня быў у змозе нічога мне растлумачыць, бо там не было людзей, якія гаварылі б па-ангельску, а маё веданьне расейскай мовы вельмі слабое".
Люткэн мяркуе, што яго не ўпусьцілі ў Беларусь па палітычных матывах:
"Я думаю, прычынай забароны на ўезд было тое, што я актыўна супрацоўнічаў з маладзёвымі і апазыцыйнымі групамі ў Беларусі як кіраўнік SILBA. Я таксама быў назіральнікам на выбарах у 2004 і 2006 гадах. Відавочна, што спэцслужбы ведаюць мяне вельмі добра".
Дацкая недзяржаўная арганізацыя SILBA была створаная ў пачатку 1990-х гадоў, каб падтрымліваць лібэральныя партыі ў прыбалтыйскіх краінах. Паступова SILBA занялася падтрымкай дэмакратычных рухаў у іншых постсавецкіх краінах. У Беларусі гэтая арганізацыя арганізавала сэмінары і канфэрэнцыі ды пасылала ў краіну назіральнікаў на выбары.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме