18:30 13.11.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Да пачатку Еўрафорума ўсё гатова
Арганізатары мерапрыемства, якое па папярэдніх падліках толькі дэлегатаў збярэ болей за тысячу чалавек, залу атрымалі ў Палацы культуры аднаго з буйных менскіх прадпрыемстваў і чакаюць прыезду замежных гасцей: Яцэка Пратасевіча, Збігнева Рамашэўскага ды іншых.
Па словах арганізатараў, Беларускі еўрапейскі форум, што ў суботу пройдзе ў беларускай сталіцы – ўнікальная інфарамацыйна-дыскусійная пляцоўка па пытаннях супрацоўніцтва Беларусі і Еўрапейскага саюза. Мерапрыемства, удзел у якім зможа ўзяць любы грамадзянін Беларусі, па словах лідэра Руху “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, цалкам падрыхтавана.
– Самае галоўнае тое, што Еўрапейскі форум – гэта неаднаразовае мерапрыемства. Мы праводзілі папярэднія сустрэчы ва ўсіх беларускіх рэгіёнах, размаўлялі з людзьмі, абмяркоўвалі найбольш набалелыя пытанні эканомікі, палітыкі, грамадскага ладу. Спадзяюся, заўтра, мы пра гэта будзем размаўляць усе разам і больш шырока.
Апроч беларускіх палітыкаў арганізатары Еўрапейскага форуму чакаюць і замежных гасцей, хоць, па словах дарадцы Аляксандра Мілінкевіч Алеся Лагвінца, Хрыстуса Пургурыдэса ў Беларусь усё ж не пусцяць.
– На Еўрапейскі форум у Менск прыедуць дэпутаты Еўрапейскага парламенту, нацыянальных парламентаў шэрагу еўрапейскіх краін. Сярод вядомых асобаў намесніца старшыні Еўрапейскай народнай партыі Карын Вортман-Коль, кіраўнік дэлегацыі па стасунках з Беларуссю Еўрапейскага парламента Яцэк Пратасевіч, віцэ-спікер польскага сенату Збігнеў Рамашэўскі.
Цікава, што, бадай, самае галоўнае на сённяшні дзень пытанне – пра адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары 2011 году, па словах арганізатараў, на Еўрапейскім форуме усё ж не паўстане.
– Не будзе на гэтым форуме вылучэння кандыдата ў прэзідэнты. Мэта форуму зусім іншая, – гаворыць Аляксандр Мілінкевіч.
Нагадаем, што ініцыятарамі правядзення Беларускага еўрапейскага форума і заснавальнікамі яго арганізацыйнага камітэта некалькі месяцаў таму выступіў Рух "За Свабоду" а таксама ягоныя паплечнікі па цяперашнім незалежніцкім блоку. Пачатак працы форуму – у суботу а 11-й раніцы у ДК МАЗ.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме