14:00 10.11.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Да канца года ад пнеўманіі могуць памерці яшчэ 300 беларусаў
Медыкі адзначаюць, што такой колькасці хворых на грып, як цяпер, у Беларусі не было ўжо 15-20 гадоў
Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у Беларусі штогод памірае ад пнеўманіі каля 800 чалавек (2007 год: 792, 2008: 798, а ў 2005-м гэта лічба дасягнула амаль тысячы чалавек!).
Намеснік міністра аховы здароўя Валянціна Качан у інтэрв’ю “Комсомольской правде в Белорусии”, распавяла, што сёлета са студзеня па лістапад ад запалення лёгкіх у нашай краіне сканала 320 хворых. Ці азначае гэта, што за апошнія 2 месяцы года ахвярамі пнеўманіі могуць стаць каля 460 беларусаў? Загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка кажа, што ў бліжэйшыя 2 месяцы сапраўды можа памерці ад пнеўманіі некалькі соцень чалавек.
Алена Фісенка: “Прыкладна 50 на 50. Калі дагэтуль недзе каля 300 было, то можна чакаць, што цягам 2 месяцаў яшчэ 300 смерцяў будзе”.
Аднак Алена Фісенка запэўніла нас, што панікаваць няма сэнсу. Гэтыя лічбы і так не перавышаюць мінулагодняй статыстыкі. Сёлетняя эпідэмія выдзяляецца сярод іншых толькі тым, што прыйшла раней.
Алена Фісенка: “Лічбы, што мы маем цяпер, з дакладнасцю, прыкладна, да адзінкі адпавядаюць эпідэміі са студзеня 2007 года, не вышэй, прыкладна тыя ж лічбы. Але ў студзені гэта ўспрымаецца як нармальная рэч, а ў кастрычніку-лістападзе падаецца чымсьці парадаксальным”.
Адзінае, што адрозніваецца, гэта адсотак выпадкаў грыпу ў агульнай лічбе захворванняў. Такой колькасці захварэлых не на ВРВІ, а менавіта на грып не было ўжо гадоў 15-20, адзначае Алена Фісенка.
А кожны грып пагражае ўскладненнямі, напрыклад, у выглядзе пнеўманіі. Шмат захварэлых проста збіваюць тэмпературу гарачкапаніжальнымі лекамі і на гэтым спыняюць лячэнне. Адсюль і бяруцца цяжкія выпадкі захворванняў.
Яно і не дзіўна, у большасці аптэк цяжка знайсці супрацьвірусныя прэпараты. Замест іх беларусы купляюць у асноўным гарачкапаніжальныя прэпараты і вітаміны. А вось абяцаныя “Арпетол”, “Таміфлю” і “Аксалінавая мазь” у продажы так і не з’явіліся, даведаліся мы ў сталічнай аптэцы “Фаніфарм”:
Супрацоўніца аптэкі Фаніфарм: “Арпетол” павінны атрымаць, завод нешта распрацоўвае, “аксалінка” на гэтым тыдні будзе. А вось наконт “Таміфлю” — не ведаю, у нас на складзе яго не было і на пачатак грыпу. Маскі паступаюць патроху, але іх хутка разбіраюць”.
Нягледзячы на гэта, чэргі ў аптэках не знікаюць. Людзей, праўда, стала крыху менш, аднак як толькі з’яўляецца нейкі хадавы прэпарат, ад ахвотнікаў няма адбою, кажуць у аптэцы “Фаніфарм”:
Супрацоўніца аптэкі Фаніфарм: “Мы на мінулым тыдні атрымалі “Арпетол”, дык я думала, яны мяне разарвуць. 200 упаковак за 3 гадзіны сышлі. Я 40 гадоў працую, а такога ў жыцці не бачыла”.
Між іншым, стандартны лекавы набор, які неабходна набыць хвораму, абыходзіцца прыкладна ў 70 тысяч рублёў. А калі дадаць да гэтай сумы кошт “Таміфлю”, то лячэнне абыдзецца ў 200 тысяч, падлічылі ў сталічнай аптэцы № 97.
Супрацоўніца Аптэкі №97: “Няхай будзе дзіцячы Анаферон (іншага ў аптэцы не было - ЕРБ) – 16 тысяч упакоўка, Ангрымакс – 20 капсул 5 тысяч, антыбіётыкі да 50 тысяч, ёсць розныя, трэба глядзець. Калі будзе “Таміфлю”, то ён каштуе 120 тысяч, калі з’явіцца “Арпетол”, ён каштуе 20 таблетак 22 тысячы”.
А вось прышчэпка ад грыпу абыдзецца значна танней. У прыватным цэнтры “Нардзін” французская вакцына каштуе 58 тысяч рублёў за штуку. Аднак зрабіць яе можна будзе толькі праз некалькі дзён, калі даставяць новую партыю.
У дзяржаўных паліклініках прышчапіцца можна хоць зараз і ўсяго за 37 тысяч рублёў таксама французскай вакцынай.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме