18:30 22.05.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Цыбліенка адсудзіла ў Івашкевіча 500 тысяч рублёў за санкцыі
Суд абавязаў Віктара Івашкевіча выплаціць 500 тысяч рублёў работніцы Мазырскага НПЗ Марыне Цыбліенцы, а таксама абвергнуць на сайце Хартыі’ 97 заклікі байкатаваць беларускія нафтапрадукты.
Суд Савецкага раённага суду Менску ўхваліў рашэньне па грамадзянскім пазове працаўніцы Мазырскага НПЗ Марыны Цыбліенкі супраць апазыцыйнага палітыка Віктара Івашкевіча. Судзьдзя Ірына Лаўкова ацаніла маральныя і фізычныя пакуты Цыбліенкі ад заклікаў Івашкевіча да Эўразьвязу байкатаваць беларускія нафтапрадукты ў 500 тысяч рублёў, а таксама запатрабавала ад палітыка абвергнуць свае выказваньні і надалей устрымацца ад падобных заяваў. Цыбліенка, яе муж і калегі з НПЗ сустрэлі гэтае рашэньне воплескамі. Пазоўніца заявіла, што выйграныя грошы аддасьць на Чырвоны Крыж.
Віктар Івашкевіч абскарджваць рашэньне суду не зьбіраецца:
«Я штраф заплачу, таму што ня бачу сэнсу далей судзіцца, бо не судзьдзя рашае, што прысуджаць. Што тычыцца публікацыі, то я так і не зразумеў, што я там павінен апублікаваць».
Спадар Івашкевіч спадзяецца, што пасьля сплаты грошай паводле гэтага рашэньня будзе скасаваная забарона яму выяжджаць за межы Беларусі, якую таксама фармальна ініцыявала Цыбліенка.
Нагадаем, падставай для пазову работніцы Мазырскага НПЗ Марыны Цыбліенкі стала тое, што Івашкевіч заклікаў эўрапейскія кампаніі байкатаваць беларускія нафтапрадукты.
Цыбліенка запатрабавала ад Івашкевіча 500 тысяч беларускіх рублёў для кампэнсацыі маральных стратаў, якія нібыта нанесьлі ёй асабіста выказваньні палітыка. Таксама яна патрабавала, каб ён адмовіўся ад далейшых заклікаў да санкцыяў.
Пазоў Цыбліенкі стаў нагодай для таго, каб забараніць Віктару Івашкевічу выяжджаць за межы Беларусі.
Марына Цыбліенка працуе на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў цэху № 12, які займаецца парапаветраным забесьпячэньнем вытворчасьці. Працуе апэратарам — з кампутарамі, прафсаюзная актывістка.
У ранейшых інтэрвію спадарыня Марына тлумачыла, чаму зьвярнулася ў суд з пазовам: «Справа ў тым, што нам таксама трэба абараняцца. Нам таксама трэба жыць. Мы простыя людзі, і мы хочам працаваць. І мы хочам нармальна жыць, спакойна. Я лічу, што гэта ня мэтад — абвясьціць байкот нашым нафтапрадуктам».
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме