16:33 17.01.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Чым выкліканыя чысткі ў МУС?
Кіраўнік Беларусі звольніў ужо другога намесьніка міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова. Усьлед заЯўгенам Полуднем сваёй пасады пазбавіўся Алег Пякарскі. Полудзень цяпер пад вартай, лёс Пякарскага пакуль невядомы.
Паводле афіцыйнай фармулёўкі, Алег Пякарскі звольнены з пасады намесьніка міністра ўнутраных спраў, начальніка крымінальнай міліцыі «за зьдзяйсьненьне праступкаў, якія дыскрэдытуюць званьне супрацоўніка органаў унутраных спраў». Што гэта за праступкі, кіраўнік прэсавай службы МУС Канстанцін Шалкевіч патлумачыць на просьбу карэспандэнта «Свабоды» адмовіўся:
«Мы не камэнтуем указы прэзыдэнта. А ведаю я нешта ці ня ведаю — гэта не нагода для размовы з журналістамі».
Напрыканцы сьнежня з гэткай жа фармулёўкай, «у сувязі са зьдзяйсьненьнем праступкаў, якія дыскрэдытуюць званьне супрацоўніка органаў унутраных спраў», быў звольнены Яўген Полудзень з пасады намесьніка міністра, начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі. Пазьней зьявілася інфармацыя, што супраць яго распачата крымінальная справа за «злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі». Што да Пякарскага, то ў Сьледчым камітэце карэспандэнту «Свабоды» заявілі:
«Я патлумачу наступнае, што ніякай справы адносна Пякарскага ў Сьледчым камітэце няма».
Алег Пякарскі, як і Яўген Полудзень, — фігуранты сьпісу асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЗША і Эўразьвязу. Яўген Полудзень добра вядомы ўдзельнікам акцыяў пратэсту апазыцыі: іх масавыя затрыманьні адбываліся пад ягоным кіраўніцтвам. Алег Пякарскі заявіў адразу пасьля акцыі 19 сьнежня мінулага году, што ва ўдзельнікаў пратэстаў быў адабраны «цэлы арсэнал», што адной з мэтаў мітынгоўцаў быў «падпал некаторых адміністрацыйных будынкаў». Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў так камэнтуе чысткі ў Міністэрстве ўнутраных спраў:
«У любым выпадку там карупцыйны складнік, прынамсі, як нагода для звальненьняў, затрыманьняў, пачатку спраў. Для ўлады яны былі цалкам прымальнымі. А што да Пякарскага, то для мяне ён перастаў існаваць як афіцэр і супрацоўнік міліцыі пасьля яго выступу на БТ, пасьля паказу ледарубаў, арматуры, выбухоўкі ў мікрааўтобусах у Някляева і ўсяго астатняга. Таму я ўспрымаю яго адстаўку як станоўчы факт і лічу. што міліцыя ад гэтага нічога ня страціць. Я быў 19-га на Плошчы і нідзе ня бачыў ні арматуры, ні магнітаў, ні плястыкавых бутэлек з кактэйлем Молатава, нічога падобнага я ня бачыў».
Што ж, на думку Казлова, прымусіла Пякарскага рабіць тады такія заявы?
«Напэўна, таму, што хацеў захаваць максымальна доўга сваю пасаду. Відаць, лічыў, што калі гэтак праявіць прыхільнасьць цяперашняму рэжыму, ён будзе далей жыць беспраблемна, бязьбедна. Але за ўсё трэба адказваць у той ці іншай ступені».
Журналістка «Народнай волі» Марына Коктыш адзначае, што Пякарскага не ўратавалі яго абуральныя прамовы на адрас апазыцыі, на адрас мітынгоўцаў, а таксама запэўніваньні ў асабістай адданасьці Лукашэнку.
«Чуткі пра тое,што Алег Пякарскі напісаў рапарт аб звальненьні, зьявіліся яшчэ тады, калі стала вядома пра затрыманьне Полудня. Былі такія вэрсіі, што Пякарскага вымусілі напісаць гэты рапарт, што ёсьць пляны па зьмене каманды кіраўніцтва МУС. Невядома, пісаў рапарт сам Пякарскі ці там былі падставы для нейкай крымінальнай справы. Я думаю, калі чалавека зьнялі з пасады з такой фармулёўкай, то цалкам верагодна, што праз тыдзень зьявіцца паведамленьне, што і супраць Пякарскага распачата справа. Генэрал Куляшоў дагэтуль нідзе публічна не выступаў ні ў абарону Яўгена Полудня, ні Алега Пякарскага. Яны амаль заўсёды па кар’еры працавалі разам. І тут міністар застаецца бяз двух сваіх галоўных намесьнікаў. Прыстойны міністар, генэрал, які ня мог прадухіліць тое, што адбывалася за яго сьпінай, павінен выступіць з заявай і напісаць рапарт аб сыходзе».
Праваабаронца Алег Волчак лічыць, што чыстку ў шэрагах МУС цяжка патлумачыць, бо Полудзень, Пякарскі і Куляшоў «выдатна паўдзельнічалі ў мінулых выбарах, то бок зрабілі тое, што патрэбна было кіраўніцтву».
«Дзе лёгіка ва ўладаў, зразумець складана. Людзі аддана служылі, а тут іх так выкідаюць. Можа, лішніх сьведак прыбіраюць па гэтых справах, накіроўваюць іх кудысьці далей. Апошнім часам Лукашэнка „падчышчае“ тых, хто трапіў у сьпіс неўязных. Я думаю, ва ўлады ёсьць далёкі прыцэл неяк выходзіць зноў на эўрачыноўнікаў».
www.svaboda.org
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |